377-мы дзень вайны. Трыбунал супраць Пуціна падтрымліваюць ужо 30 краін

На пачатку чарговага — 377-га — дня вайны ва Украіне сабралі апошнія звесткі з франтоў. Не толькі ваенных, а і палітычных.

1678167452_3986.jpg


Фота: Генштаб УСУ

Ужо 30 дзяржаў далучыліся да міжнароднай групы па стварэнні спецыяльнага трыбунала для Расіі за злачынную агрэсію супраць Украіны. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў эфіры тэлемарафону. «Я рады паведаміць, што краін ужо 30. Далучылася сёння Грэцыя да гэтай групы. На выходных было 29 краін», — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, удзел у гэтай групе азначае, што краіна згодная з неабходнасцю стварэння асобнага спецыяльнага трыбунала, які будзе судзіць кіраўніцтва Расіі за сам факт ваеннага нападу на Украіну. Таксама група займаецца распрацоўкай юрыдычнага механізму па арганізацыі і правядзенні спецтрыбунала.

Па словах прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, Украіна мае намер дамагчыся максімальна шырокай міжнароднай падтрымкі па пытанні стварэння спецтрыбунала для Расіі. Ён адзначыў, што справядлівасць павінна быць адноўлена.

Для стварэння трыбунала над Пуціным неабходна паспяховае галасаванне ў Генеральнай Асамблеі ААН — за рашэнне павінны прагаласаваць не толькі прадстаўнікі краін ЕС, але і яшчэ хаця б 90 дзяржаў. Пры гэтым стварыць такі трыбунал праз Раду бяспекі ААН не атрымаецца з-за наяўнасці права вета ў Расіі.

На думку намесніцы дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд, міжнародны трыбунал для Расіі можа быць створаны ўжо да лета. Зараз вядзецца актыўная праца над распрацоўкай неабходных прававых механізмаў.

Фота: depositphoto.com

Фота: depositphoto.com

Расія можа страціць значную частку элітных падраздзяленняў ПВК «Вагнер» у бітве за ўкраінскі Бахмут (Данецкая вобласць). Гэтаму будзе спрыяць нявыгаднае становішча арміі РФ каля горада, якое дазволіць УСУ знішчыць нямала акупантаў. Як вядома, войскі РФ не змогуць у бліжэйшы час акружыць Бахмут без значных страт са свайго боку.

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). З іх слоў, эскалацыя баявых дзеянняў пад Бахмутам, якая назіраецца апошнім часам, можа знішчыць самыя эфектыўныя часткі войскаў РФ, а таксама ПВК. Мінабароны Расіі будзе складана знайсці замену тым сілам, якія Масква страціць у сутыкненнях з УСУ на гэтым участку фронту.

Аналітыкі прагназуюць, што ваеннаму камандаванню РФ для дасягнення поспеху пад Бахмутам давядзецца кінуць у бой у падтрымку ПВК свае паветрана-дэсантныя сілы ці ўвогуле адмовіцца ад намаганняў узяць горад.

Тым часам абарона Бахмута ўжо дасягнула пастаўленых мэт і стала вялікім стратэгічным поспехам украінскай арміі. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Паводле яго слоў, Украіне неабходна было выйграць час і нанесці цяжкія страты арміі РФ. Ваенныя ведамствы, з адабрэння прэзідэнта Зяленскага, распрацавалі стратэгію, згодна з якой абарона ключавога раёна была прыярытэтнай задачай.

«Што тычыцца абароны Бахмута, то яна выканала пастаўленыя задачы на 1000%. Вайскоўцы рэалізавалі план знішчэння асноўнай баяздольнай групоўкі праціўніка, з аднаго боку, і забяспечылі навучанне і падрыхтоўку дзясяткаў тысяч украінскіх вайскоўцаў для падрыхтоўкі да контрнаступлення, з другога», — сказаў Падаляк.

«Нават калі ваенным кіраўніцтвам будзе прынята рашэнне адступіць на больш выгадныя пазіцыі, абарона Бахмута будзе вялікім стратэгічным поспехам і падмуркам будучай перамогі», —  дадаў ён. Пакуль рашэнне аб адступленні не прынята, сярод военачальнікаў існуе кансэнсус у пытанні працягу абароны.

«Гэта перавага дэмакратычнай мадэлі, якая дазваляе нам выбіраць і прымаць лепшыя рашэнні. Шмат крытычных пытанняў задае сам прэзідэнт. Паколькі канчатковае рашэнне як галоўнакамандуючы прымае кіраўнік дзяржавы, прэзідэнт адчувае вялікую асабістую адказнасць», — падкрэсліў Падаляк.

У сваю чаргу ўчора вечарам у традыцыйным звароце Уладзімір Зяленскі сказаў, што Бахмут дае адзін з самых вялікіх вынікаў за ўвесь час вайны. «Магчымасць нанесці шкоду элітным часткам групы «Вагнер» разам з іншымі элітнымі падраздзяленнямі ва ўмовах вядзення гарадскіх баёў з'яўляецца вельмі верагоднай для Украіны», — адзначыў прэзідэнт краіны.

Скрын з адкрытых крыніц

Скрын з адкрытых крыніц

Расстралянаму расійскімі акупантамі ўкраінскаму вайскоўцу хочуць прысвоіць званне Героя Украіны. Нагадаем, учора з'явілася відэа, на якім расійцы расстрэльваюць палоннага за словы «Слава Украіне!». 

Пасля ўстанаўлення ўсіх абставін і ідэнтыфікацыі расстралянага акупантамі вайскоўца фракцыя «Слуга народа» звернецца да Уладзіміра Зяленскага з прапановай аб прысваенні яму звання Героя Украіны (пасмяротна).

«Ягоны подзвіг з'яўляецца выражэннем нязломнасці народа і ўкраінскага войска», — сказана ў заяве фракцыі, якую ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў яе старшыня Давід Арахамія. Яны заклікаюць сусветную супольнасць, парламенты, урады і міжнародныя арганізацыі пакараць дзяржаву-тэрарыста і яе кіраўніцтва за ўсе ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і акты генацыду, учыненыя супраць украінскага народа.

У заяве сказана, што больш за год «дзяржава-акупант вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, і, не маючы магчымасці атрымаць перамогу на полі бою, агрэсар звяртаецца да шматлікіх злачынстваў супраць грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных, спрабуючы зламаць нашу волю да барацьбы».

Адзначаецца, што чарговым ваенным злачынствам РФ стаў расстрэл бяззбройнага воіна, апошнімі словамі якога былі «Слава Украіне!». Гэтую жорсткую расправу акупанты самі ж знялі на відэа. «Мы схіляем галовы перад гераізмам патрыёта, які перад тварам жорсткага ворага праявіў мужнасць і застаўся верны народу Украіны і ваеннай прысязе да канца. Яго подзвіг застанецца назаўжды ў памяці ўкраінцаў», — гаворыцца ў заяве.

Уладзімір Зяленскі ў тым жа ўчорашнім вячэрнім відэазвароце паабяцаў, што забойцаў украінскага абаронцы знойдуць. Ва Украіне адкрылі крымінальную вытворчасць з-за парушэння законаў і звычаяў вайны.

Упаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец заявіў, што адправіў гэта відэа міжнародным партнёрам у якасці пацвярджэння ваеннага злачынства Расіі.