415-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час
Расію з 16 да 19 красавіка наведае з афіцыйным візітам кіраўнік Мінабароны Кітая Лі Шанфу, правядзе перамовы з кіраўніцтвам войска РФ. Польшча ж абяцае падтрымаць план уступлення Украіны ў NATO. Што яшчэ здарылася на гэты час?
У Марыупалі толькі па пацверджаных даных загінулі больш за 20 тысяч чалавек, распавёў у інтэрв’ю Украінскай службе «Р*дыё Свабода» мэр горада Вадзім Бойчанка: «Паводле афіцыйных нашых пацверджаных даных, гэта больш за 20 тысяч насельніцтва загінула. Што нам удавалася падлічыць. Мы спачатку спрабавалі і запісваць гэта. Потым ужо не было такой магчымасці, таму што быў вельмі шчыльны агонь — яны ўжывалі авіяцыю, і караблі зайшлі ў Азоўскае мора». Бойчанка ўдакладніў, што гэтая лічба загінулых — «вельмі асцярожная».
У Мелітопалі прагрымеў выбух у раёне чыгуначнага дэпо, дзе расіяне назапашваюць сваю тэхніку і ўладкавалі рамонтную базу, паведаміў мэр горада Іван Фёдараў. Калабарант Уладзімір Рогаў заявіў, што гэта нібыта выбухнуў газавы балон у адным з гаражоў.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў два чалавекі загінулі, чацвёра атрымалі раненні.
У Харкаўскай вобласці чацвёра параненых, паведамляюць ваенныя адміністрацыі.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 14 красавіка: асабовага складу — каля 181 090 (+500 за мінулыя суткі) чалавек.
Верагоднасць ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй Украіне сёння застаецца досыць высокай. Праціўнік не адмовіўся ад планаў па захопе ўкраінскай тэрыторыі, нягледзячы на значныя страты, гаворыцца ў справаздачы ўкраінскага Генштабу.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках.
Найбольш жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку, за мінулыя суткі было адбіта 49 нападаў праціўніка, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
У асобных населеных пунктах Кахоўскага раёна Херсонскай вобласці расійскія захопнікі прымушаюць мясцовых жыхароў перарэгістраваць транспартныя сродкі паводле расійскіх нарматыўна-прававых актаў, для чаго ўладальнікам трэба мець расійскія пашпарты. Таксама актывізавалася дзейнасць для паскарэння выдачы расійскіх пашпартоў на акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці — аддзелы міграцыйнай службы РФ працуюць без выходных. Прыярытэт маюць дзяржаўныя служачыя і вайскоўцы першага армейскага корпуса.
Брытанская выведка паведамляе, што рэгулярнае войска РФ і ПВК Вагнер палепшылі ўзаемадзеянне ў Бахмуце і аднавілі наступ. У прыватнасці, штурмавыя групы Вагнера працягваюць наступаць у цэнтральнай частцы Бахмута, а ПДВ РФ закрываюць іх з флангаў — паўночней і паўднёвей.
Украінскія сілы адчуваюць значныя складанасці з забеспячэннем, але з тых пазіцый, якія яны былі вымушаныя саступіць, яны адышлі арганізавана, адзначаюць аналітыкі. Пры гэтым у выведцы ўдакладняюць, што ўкраінскія войскі ўсё яшчэ абараняюцца ў заходніх раёнах горада, але ў апошнія 48 гадзін падвергліся асабліва інтэнсіўнаму артабстрэлу.
Заходняя зброя і ўкраінскае наступленне
Кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу АВС, што Украіне трэба паказаць поспех у контрнаступленні, інакш «паўстануць пытанні» адносна далейшай падтрымкі Захаду: «Поспех гэтага наступу вельмі неабходны... без перамог рана ці позна ўзнікнуць пытанні, ці варта працягваць падтрымліваць Украіну».
Пры гэтым Буданаў перакананы, што зліў сакрэтных дакументаў Пентагона не паўплывае на адносіны Украіны і ЗША: «Калі ёсць праблема, яна будзе вырашана. Калі праблемы не будзе — яшчэ лепш. Гэта не зможа паўплываць на рэальныя вынікі наступальнай аперацыі».
Украінскае вайсковае камандаванне мае розныя сцэнары развіцця падзей на фронце, аднак усё будзе вырашацца ў апошні момант. Таму здагадкі адносна контрнаступлення не маюць пад сабой ніякай падставы, заявіў сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў. «Нашы абаронцы маюць не адзін, не два, не тры і не чатыры варыянты развіцця падзей на фронце, таму што гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, якія ацэньваюцца кожны дзень», — растлумачыў ён.
Таксама Данілаў прызнаў, што цяпер ёсць пэўныя затрымкі ў пастаўках узбраення з боку заходніх партнёраў: «Мы чакаем дапамогі, якая была абяцаная і прадэклараваная нашымі партнёрамі. Я магу заўважыць, што, на вялікі жаль, яшчэ не ўсе партнёры адгукнуліся. Пастаўкі цяпер ідуць — я не магу сказаць, што іх няма, — але ёсць пэўныя затрымкі па тых ці іншых пытаннях. Будзем лічыць, што гэта часовая сітуацыя».
Францыя паведаміла Італіі, што зенітны ракетны комплекс SAMP/T, які краіны дамовіліся сумесна перадаць Украіне, будзе гатовы да адпраўкі не раней за чэрвень, піша Politico са спасылкай на сакрэтныя дакументы Пентагона. Раней меркавалася, што сістэма супрацьпаветранай абароны SAMP/T будзе дастаўленая ва Украіну вясной.
Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі пацвердзіў падтрымку Варшавай плана ўступлення Украіны ў NATO, які прадугледжвае пэўныя гарантыі бяспекі, на саміце NATO ў Вільні ў ліпені.
Асаблівая пазіцыя Венгрыі
Віктар Орбан у інтэрв'ю Radio Kossuth назваў Украіну «неіснуючай у фінансавым плане краінай».
«Украіна ў фінансавым сэнсе неіснуючая краіна. Яна не можа сябе фінансаваць. Пытанне ў тым, ці захаваем мы Украіну, ці не. Як толькі мы кажам "не", тады вайна заканчваецца», — сказаў венгерскі прэм'ер.
Па словах Орбана, «мы плацім за ўкраінскія пенсіі, ахову здароўя, зарплаты, — зразумела, што гэта не можа працягвацца бясконца».
ЗША рыхтуюць санкцыі супраць венгерскіх чыноўнікаў, звязаных з урадам Орбана, піша The Guardian. У спіс павінны ўвайсці, у тым ліку, былыя чальцы ўрада, але пералік не прыводзіцца. Законапраект плануюць перадаць на разгляд у траўні, і ён, верагодна, «атрымае шырокую падтрымку», прагназуе выданне.
Размінаванне Украіны
Украіна прыцягне да размініравання сваёй тэрыторыі сусветныя кампаніі, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. Пілотны праект, ініцыяваны Праграмай развіцця ААН, будзе рэалізаваны на адным з палігонаў, аддаленых ад зоны баявых дзеянняў, ужо ў траўні, паведаміла Мінэканомікі.
ПРААН звярнулася з прапановай прыняць удзел у праекце да кампаній і прыватных прадпрымальнікаў, якія маюць досвед працы з беспілотнымі тэхналогіямі ў сферы размініравання. У рамках пілотнага праекта кампаніям прапанавана абследаваць і картаграфаваць тэрыторыю плошчай да 50 гектараў з наяўнымі на ёй мінамі (пад паверхняй) і боепрыпасамі, якія не разарваліся (на паверхні). Умовы праекта маюць на ўвазе працу на складанай мясцовасці з наяўнасцю расліннасці.
На сённяшні дзень каля 174 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі Украіны патэнцыйна забруджаныя, патрабуюць нетэхнічнага і тэхнічнага абследавання і, у выпадку неабходнасці, размініравання.
Спорт па-за палітыкай?
Міністэрства спорту забараніла зборным Украіны ўдзельнічаць у турнірах з прадстаўнікамі Расіі і Беларусі. Згодна з апублікаваным загадам, гаворка ідзе аб Алімпійскіх і неалімпійскіх відах спорту, а таксама Паралімпійскіх.
Паводле www.facebook.com/GeneralStaff.ua, korrespondent.net, украінскай службы РБК; www.unian.net