441-шы дзень вайны. Украіна «абмежавана контратакуе», а Прыгожын сябе пераацэньвае
Па-ранейшаму ідуць зацятыя баі вакол Бахмута. «Ультыматум Прыгожына» не ўразіў расійскае Мінабароны, і кіраўнік ПВК «Вагнер» вымушаны быў «здаць назад». А ўкраінская СПА становіцца ўсё больш эфектыўнай.
На фронце
За мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі 46 нападаў, нанеслі ўдары па раёнах засяроджання расійцаў, ЗРК і станцыі РЭБ ворага, а таксама знішчылі два артылерыйскія падраздзяленні на агнявой пазіцыі, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы на раніцу серады, 10 траўня.
Паказана, што расійцы працягвалі спробы наступу на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. Працягваюцца цяжкія баі за Бахмут і Мар'інку. За суткі было адбіта 46 атак праціўніка на названых участках фронту.
За мінулыя суткі армія РФ нанесла 23 ракетныя і 43 авіяцыйныя ўдары, здзейсніла 97 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Для ракетных удараў расійцы выкарыстоўвалі ракеты розных тыпаў, большая іх частка была знішчаная абаронцамі Украіны, але ёсць і трапленні. У прыватнасці, пяць ракет С-300 трапілі па гарадах Купянск, Славянск, Краматорск і Канстанцінаўка.
Абстрэлы працягваюцца
Раніцай 10 траўня расійскія войскі атакавалі акваторыі Ачакоўскай абшчыны Мікалаеўскай вобласці. Вораг біў з артылерыі, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім. Паводле яго, абстрэл прайшоў 04:00 па 04:10. Разбурэнняў і пацярпелых няма.
Расійскія войскі за мінулыя суткі выпусцілі 354 снарады па Херсонскай вобласці. У выніку адзін чалавек атрымаў раненні.
Уначы 10 траўня дронамі-камікадзэ была атакаваная Днепрапятроўская вобласць. Усе яны былі збітыя.
Спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW), аналізуючы расійскія ракетныя абстрэлы 8 і 9 траўня, паказваюць, што Расія апошняй серыяй ракетных удараў хоча засведчыць, што стрымлівае будучы ўкраінскі контрнаступ. Аднак, на думку аналітыкаў, расійскія ракетныя ўдары не з'яўляюцца істотным фактарам уплыву на дзеянні сіл абароны Украіны.
Ваенныя аналітыкі кажуць: «Расійскія сілы, магчыма, спрабуюць праводзіць амаль штодзённую серыю ракетных удараў, каб паказаць, што яны стрымліваюць патэнцыйныя будучыя ўкраінскія контрнаступныя аперацыі, хоць зніжэнне эфектыўнасці ўдараў, верагодна, не з'яўляецца істотным фактарам, які стрымлівае ўкраінскія дзеянні».
Украіна контратакуе. Пакуль абмежавана
Інстытут вывучэння вайны (ISW), аналізуючы пацверджаныя паведамленні і карты баёў, паведамляе, што ўкраінскія сілы, верагодна, дасягнулі дадатковых поспехаў падчас нядаўняй контратакі на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі.
УСУ, верагодна, здзейснілі далейшае прасоўванне на поўнач ад Вадзянога (7 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі) у раёне, дзе, паводле ацэнак ISW, украінскія сілы правялі абмежаваную контратаку. Раней ISW адзначала, што паведамленні аб украінскіх контратаках па ўсёй Данецкай вобласці з'яўляюцца часткай бягучай мадэлі лакалізаваных і абмежаваных контратак.
Украінскія сілы, як мяркуецца, за апошнія суткі правялі таксама паспяховую абмежаваную контратаку на захадзе Данецкай вобласці.
«Вагнер» ці то сыходзіць, ці то не
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны адзначаюць, што фінансіст ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын выкарыстаў Дзень Перамогі як магчымасць высмеяць Пуціна і паставіць пад сумнеў яго рашэнні. Пры абмеркаванні недахопу боепрыпасаў і будучых перспектыў Расіі ва Украіне Прыгожын згадаў фігуру «шчаслівага дзядулі» (Пуціна часта называюць «бункерным дзедам»), які «думае, што ён добры».
Акрамя таго, Прыгожын абвясціў, што сілы Вагнера не сыдуць з Бахмута ў раней заяўлены ім тэрмін — 10 траўня, нягледзячы на тое, што Міністэрства абароны Расіі так і не прадаставіла «Вагнеру» дадатковых снарадаў. Прыгожын заявіў 9 мая, што «Вагнер» працягне барацьбу за Бахмут і будзе адстойваць свае патрабаванні на працягу наступных некалькіх дзён.
Прыгожын спрабаваў шантажаваць Міністэрства абароны Расіі, каб яно змяніла прыярытэты наступу на Бахмут, каб ён мог самастойна заявіць пра перамогу ў горадзе за кошт верагодных падрыхтовак расійскіх вайскоўцаў перад запланаваным украінскім контрнаступленнем.
У аглядзе мяркуюць, што Прыгожын крытыкаваў чыноўнікаў, адказных за размеркаванне боепрыпасаў, за бессэнсоўную эканомію снарадаў, што дазваляе расійскім вайскоўцам гінуць у баі, хоць Міністэрства абароны Расіі, імаверна, захоўвае абмежаваныя запасы боепрыпасаў для адбіцця ўкраінскага контрнаступлення.
Ён, верагодна, чакаў, што Мінабароны Расіі цалкам падпарадкуецца яго патрабаванням, рызыкуючы пакінуць уласныя мэты для рэгулярных расійскіх войскаў, але, верагодна, зразумеў, што не можа выканаць свой ультыматум у гэты час.
Ён працягвае вінаваціць у вялікіх стратах і павольным прасоўванні ў Бахмут іншыя расійскія нерэгулярныя фарміраванні, каб выставіць «Вагнер» адзінай кампетэнтнай сілай, якая дзейнічае ў гэтым раёне.
А тым часам, як піша The Times, Брытанія мае намер афіцыйна ўнесці ПВК «Вагнер» у спіс тэрарыстычных арганізацый. Паведамляецца, што рашэнне было прынята пасля двух месяцаў працы над юрыдычным абгрунтаваннем гэтага кроку.
Унясенне ў спіс тэрарыстычных арганізацый «непазбежнае» і чакаецца цягам некалькіх тыдняў, паведаміла журналістам крыніца ў брытанскім урадзе.
Паводле ўкраінскіх СМІ