457-мы дзень вайны: Кіеў і Днепр — асноўныя мэты начнога ракетнага ўдару па Украіне
Ва Украіне ўначы зноў гучала паветраная трывога. Гэта ўжо трынаццаты авіяналёт на Кіеў з пачатку траўня. ЗША асуджаюць дамоўленасці паміж Расіяй і Беларуссю аб размяшчэнні на тэрыторыі нашай краіны тактычнай ядзернай зброі.
Новы начны ракетны ўдар па Украіне: Што вядома?
Уначы расіяне выпусцілі па Украіне 17 ракет розных тыпаў і 31 ударны дрон — найперш па Кіеве, Дняпры, а таксама іншых рэгіёнах Украіны.
Мінулай ноччу ва Украіне тройчы гучаў сігнал трывогі. Каля 3 гадзін ночы трывога абляцела ўсю краіну. Скончылася ўсё а 5-й раніцы. У Дняпроўскай, Кіеўскай і Чаркаскай абласцях чуваць баявыя дзеянні СПА.
Сіламі СПА знішчана дзесяць крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/Х-555, 23 ударныя дроны Shahed-136/131 і два БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню Арлан-10, Мерлін-ВР, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны.
Усяго зафіксаваныя пускі дзесяці крылатых ракет Х-101 / Х-555 з самалётаў Ту-95МС з раёна Каспійскага мора, сямі зенітных кіраваных ракет С-300 / С-400 з раёна акупаванага Такмака Запарожскай вобласці і 31 ударнага БПЛА Shahed-136/131 з паўднёвага і паўночнага кірункаў. Былі траплянні ўдарных дронаў і некалькіх ЗКР С-300/С-400 у Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Уначы расіяне масіравана атакавалі Днепрапятроўскую вобласць ракетамі і дронамі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. У Дняпры ў прыватным домаўладанні ўзнік пажар, пашкоджаныя два дамы і аўто, таксама пажар быў на двух прыватных прадпрыемствах. Пашкоджаная запраўка, пацярпеў яе работнік. Сур'ёзныя разбурэнні панесла транспартнае прадпрыемства.
Акрамя таго, РФ атакавала беспілотнікам Марганецкую суполку Нікапальскага раёна, людзі не пацярпелі. Паводле папярэдняй інфармацыі, ноччу над вобласцю збіта пяць крылатых ракет і шэсць ударных дронаў.
Расіяне ўначы атакавалі Кіеў са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС, з раёна Каспія, імаверна, крылатымі ракетамі тыпу Х-101/555, паведаміў начальнік КМВА Сяргей Папко. Сілы супрацьпаветранай абароны збілі ўсе паветраныя цэлі над сталіцай падчас расійскага ракетнага ўдару мінулай ноччу. Пра гэта паведамляе Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя. Абломкі беспілотніка ўпалі на гандлёвы цэнтр на Абалоні — пашкоджаны дах. У Абалонскім раёне пашкоджаны таксама аўтамабілі на паркоўцы. У Шаўчэнкаўскім раёне абломкі ўпалі на прыватны дом, пашкоджаныя дах і вакно. Людзі не пацярпелі.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Краснагораўцы), яшчэ адзін атрымаў раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Расіяне ўначы нанеслі ўдары беспілотнікамі Shahed па Марэфе Харкаўскага раёна і Ізюме, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. У Марэфе пашкоджана цывільнае прадпрыемства, узнік пажар. У Ізюме пацярпеў будынак навучальнай установы і гараж з сельгастэхнікай, адбыліся пажары. Папярэдне, людзі не пацярпелі.
Таксама за мінулыя суткі РФ абстрэльвала населеныя пункты Харкаўскага, Купянскага і Чугуеўскага раёнаў — пашкоджаныя жылыя дамы, людзі не пацярпелі. У вёсцы Пратапопаўка Балаклейскай абшчыны Ізюмскага раёна на невядомым выбухованебяспечным прадмеце падарваліся двое мужчын — адзін загінуў, другі шпіталізаваны.
Удар па Украіне: РФ выдаткавала ўсе ракеты, якія збірала з 9 сакавіка, лічыць эксперт
На думку ваенна-палітычнага аглядальніка Аляксандра Каваленкі, без паўзы ў 2-3 тыдні праціўнік не зможа нанесці новы масіраваны ўдар.
Аляксандр Каваленка ўдакладніў, што Расія выдаткавала ўсе боепрыпасы, якія сабрала з 9 сакавіка па 28 красавіка ў рамках масіраваных ракетных удараў па Украіне. Ён нагадаў, што менавіта з гэтай даты РФ узмацніла паветраны «тэрор» на тэрыторыі Украіны. На дадзены момант расіяне выкарыстоўваюць рэшткі прадукцыі сваёй прамысловасці. Гэтыя ракеты пасля выпуску нават не праходзяць тэхнічны кантроль.
«Гэта значыць, акупанты не адмовіліся ад сістэматычных удараў, але абмежаваныя боепрыпасамі, што звязана з цяжкасцямі вытворчасці», — адзначыў ён.
Са слоў Каваленкі, РФ не зможа нанесці новы маштабны ўдар па Украіне без перапынку з інтэрвалам у 2-3 тыдні: таму што РФ пазбаўлена магчымасці адначасова назапашваць ракеты і наносіць імі ўдары.
«Рэалізаваць масіраваныя ракетныя ўдары, колькасць якіх перавышае 50 адзінак, РФ у бліжэйшы час не зможа. Толькі калі яна зробіць перапынак у 2-3 тыдні і назапасіць неабходныя боепрыпасы. Няма магчымасці адначасова назапашваць і нанесці ўдар», — падкрэсліў ваенна-палітычны аглядальнік.
Навіны вайны
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 26 траўня: асабовага складу — каля 205 720 (+460 за мінулыя суткі) чалавек.
Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя дні адбылося 22 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
Гучныя выбухі было чуваць уначы ў акупаваным Расіяй Бярдзянску Запарожскай вобласці. Бярдзянская гарадская ваенная адміністрацыя заявіла, што ў выніку ўкраінскага ўдару РФ страціла некалькі ўстановак С-300.
У расійскім Краснадары прагрымеў выбух у цэнтры горада. Улады паведамілі, што пашкоджаны дах і вокны будынка, пацярпелых няма. У мясцовых пабліках пішуць пра атаку двух беспілотнікаў, як мінімум адзін з якіх быў збіты. Адметна, што з тэрыторыі Украіны да Краснадара больш за 330 кіламетраў.
Замежныя партнёры Украіны
- Японія ўключыла ў новы санкцыйны спіс 17 фізічных асоб і 78 арганізацый з Расіі. У прыватнасці, уведзеныя санкцыі супраць «пракурораў» чатырох акупаваных Расіяй украінскіх абласцей. Таксама ў спіс увайшлі некалькі авіязаводаў, канструктарскае бюро машынабудавання, прадстаўнікі камандавання УС РФ, гендырэктар канцэрна Алмаз-Антэй, прапагандыстка Скабеева. Акрамя таго, Японія з 2 чэрвеня ўводзіць забарону на экспарт для 80 кампаній і на прадастаўленне будаўнічых і інжынерных паслуг.
- Канада перадае Украіне 43 ракеты AIM-9 з арсенала сваіх узброеных сіл, паведаміла Мінабароны краіны.
- Іспанія перадасць Украіне яшчэ чатыры танкі Leopard 2a4 і новую партыю БМП, паведаміла Мінабароны краіны. Таксама Мадрыд перадасць украінскім абаронцам БМП M113.
- Украіна мае права і ўсе магчымасці вызваліць акупаваныя Расіяй тэрыторыі, заявіў прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Мэцью Мілер: «Мы лічым, што Украіна мае магчымасці і мае права — і мы падтрымліваем Украіну ў абароне яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці». Ён удакладніў, што мае на ўвазе вызваленне ўсіх акупаваных тэрыторый Украіны, у прыватнасці Крыма.
- ЗША асуджаюць дамоўленасці паміж Расіяй і Беларуссю аб размяшчэнні на тэрыторыі РБ тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта заявіў спікер Дзярждэпартамента Мэцью Мілер: «Мы рашуча асуджаем гэтыя дамоўленасці. Гэта апошні прыклад безадказных паводзінаў Расіі з моманту яе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну больш за год таму».
- У той жа час ён дадаў, што ЗША цяпер не бачаць ніякіх прыкмет падрыхтоўкі Расіі да ўжывання ядзернай зброі і не лічаць патрэбным уносіць змены ў размяшчэнне ўласных стратэгічных ядзерных сіл.
- На Рамштайне дамовіліся аб новых пакетах вайсковай дапамогі для Украіны, а таксама аб падрыхтоўцы пілотаў на F-16.
- Байдэн афіцыйна абвясціў аб замене кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША: замест Марка Мілі ім стане Чарльз Браўн. Паводле амерыканскіх законаў, гэту пасаду можна займаць не больш за 4 гады, а Марк Мілі быў прызначаны на яе ў 2019 годзе.
- Парламент Вялікабрытаніі прыняў рэзалюцыю аб прызнанні Галадамору 1932-1933 гадоў генацыдам украінскага народа.
Паводле korrespondent.net, УНІАН, сацсетак, Украінскай службы РБК