492-гі дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час

Рускія скарачаюць колькасць супрацоўнікаўна Запарожскай АЭС. У ПВК «Вагнер» набіраюць наймітаў на вайну ў звычайным рэжыме, як быццам нічога не здарылася. УСУ паведамляе пра 10 збітых «шахедаў» з 13. 

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага Zelenskiy / Official

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага Zelenskiy / Official

Навіны вайны

УСУ пацвердзілі ўдар па Бярдзянску: знішчаны штаб і склад гаруча-змазачных матэрыялаў расіян

Раней паведамлялася, што ў акупаваным Бярдзянску прагрымела 11 выбухаў, у раёне аэрапорта — пажар з дэтанацыяй. Прынамсі, пра гэта паведаміла гарадская вайсковая адміністрацыя. У напрамку аэрапорта паехалі карэты хуткай дапамогі.

Уначы расіяне атакавалі Украіну з паўднёва-ўсходняга кірунку, выпусцілі 13 дронаў-камікадзэ Shahed-136/131 з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора (Прыморска-Ахтарск) і чатыры зенітныя кіраваныя ракеты з ЗРК С-300. Атакаваныя ваенныя і інфраструктурныя аб'екты ў Запарожскай вобласці. Сіламі СПА знішчаныя 10 з 13 ударных дронаў. Папярэдне — абышлося без ахвяр, паведаміла камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл.

Перамяшчэнне расіянамі сістэм СПА С-300 з Марыупаля ў кірунку Бярдзянска стала сістэмным, распавёў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка. Паводле яго слоў, пасля некалькіх дзён абстрэлаў у напрамку Запарожжа гэтыя сістэмы вяртаюць у Марыупаль на абслугоўванне на адным з заводаў, а затым зноў вязуць на Бярдзянск.

  • Раніцай армія РФ абстраляла з артылерыі жылы квартал Херсона, адзін чалавек паранены. Яшчэ адзін чалавек паранены з-за артылерыйскага ўдару па вёсцы Міхайлаўка Новааляксандраўскай абшчыны, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.
  • У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў тры чалавекі загінулі, чацвёра атрымалі раненні. 
  • У Данецкай вобласці двое параненых, паведамляе АВА.
  • Уначы расіяне атакавалі Запарожжа, пашкоджаныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка. Таксама на працягу сутак РФ абстраляла 16 населеных пунктаў — два чалавекі загінулі, адзін паранены.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 30 чэрвеня: асабовага складу — каля 228 340 (+560) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім кірунках, ідуць цяжкія баі. На працягу сутак адбылося 31 баявое сутыкненне, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

Украінскія войскі працягваюць наступ на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках, паведаміў спікер Генштаба Украіны Андрэй Кавалёў. На напрамках Ляваднае — Прыютнае, Малая Такмачка ўкраінцы “мелі частковы поспех”, войскі замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Таксама быў дасягнуты частковы поспех на кірунку Прыволле — Жалезнянскае.

На флангах горада Бахмут украінскія войскі аказваюць ціск на армію РФ, выбіваюць з раней захопленых рубяжоў. Таксама падраздзяленні УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на Ліманскім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках.

Наступствы бунту Прыгожына

Генерал Суравікін быў таемным высокапастаўленым чальцом ПВК “Вагнер”, паведамляе CNN са спасылкай на дакументы, атрыманыя рэдакцыяй. Паводле іх звестак, у топ-менеджмент ПВК уваходзіла прынамсі 30 высокапастаўленых расійскіх вайскоўцаў і выведнікаў.

Пасля спробы ўзброенага бунту ў Расіі ФСБ атрымала заданне ліквідаваць Прыгожына. Пра гэта распавёў Буданаў у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Говарду Альтману. Кіраўнік ГУР пацвердзіў, што пра намеры здзейсніць падобныя дзеянні ўнутры Расіі ўкраінская вайсковая выведка ведала даўно.

«Мы ведаем, што заданне забіць Прыгожына даручылі ФСБ. Ці будуць яны паспяховыя ў гэтым? Час пакажа. Так ці інакш, усе патэнцыйныя замахі на забойства не будуць хуткімі. Ім спатрэбіцца пэўны час, каб распрацаваць прыдатныя падыходы і дасягнуць этапу, калі яны будуць гатовыя да маштабнай аперацыі. Але я хацеў бы падкрэсліць, што гэта вялікае адкрытае пытанне. Ці атрымаецца ім гэта ажыццявіць? Ці рашацца яны выканаць гэты загад?» — адзначыў Буданаў.

ПВК “Вагнер” працягвае ва ўсёй Расіі вербаваць баевікоў для вайны ва Украіне, паведамляе BBC News. Журналісты абтэлефанавалі дзясяткі цэнтраў па вярбоўцы наймітаў, якія знаходзяцца ў Расіі, і там заявілі, што «нічога не спынілася, мы працягваем набіраць людзей».

У Польшчы паводле абвінавачання ў шпіянажы затрымалі расійскага хакеіста

Пра затрыманне паведаміла польская Генпракуратура. Вядома, што затрыманы быў гульцом хакейнага клуба першай лігі, але імя спартсмена не называецца. Гэта ўжо 14-ты затрыманы чалец раскрытай шпіёнскай сеткі.

Сітуацыя на ЗАЭС

Расіяне паступова пакідаюць тэрыторыю Запарожскай АЭС. Як паведамляе ГУР Мінабароны Украіны, аднымі з першых са станцыі з'ехалі трое супрацоўнікаў Расатама, якія кіравалі дзеяннямі акупантаў. Таксама рэкамендацыі эвакуявацца да 5 ліпеня, пажадана ў Крым, атрымалі ўкраінскія супрацоўнікі, якія падпісалі кантракт з Расатамам. На сённяшні дзень вядома пра ад'езд на акупаваны паўвостраў начальніцы юрыдычнага аддзела, галоўнага інспектара і намесніка кіраўніка станцыі па забеспячэнні.

На тэрыторыі самой ЗАЭС і ў горадзе-спадарожніку станцыі Энергадары паступова памяншаецца колькасць ваенных патрулёў. Персаналу, які застаецца на станцыі, дадзена ўказанне «ў выпадку любых аварыйных сітуацый вінаваціць Украіну».

Учора, 29 чэрвеня, Расія распаўсюдзіла ў Радзе Бяспекі ААН ліст, у якім заявіла, што не плануе падрываць Запарожскую АЭС. Пра гэта заявіў сталы прадстаўнік РФ у ААН Васіль Небензя. З ягоных слоў, Масква заклікае Генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша «прымусіць Кіеў устрымацца ад правакацый».

  • Лаўроў заявіў, што не бачыць, «якія могуць быць довады для падаўжэння збожжавага пагаднення».

Навіны партнёраў Украіны


  • ЗША могуць абвясціць аб пастаўцы касетных боепрыпасаў Украіне ўжо ў пачатку ліпеня

Пра гэта паведамляе NBC са спасылкай на высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў. Паводле іх звестак, у Белым доме актывізаваліся абмеркаванні наконт магчымасці паставак такіх боепрыпасаў, і цяпер Вашынгтон бліжэй да прыняцця пастановы, чым калі-небудзь з пачатку вайны ва Украіне. У ЗША спадзяюцца, што гэта дапаможа ўкраінскаму контрнаступленню.

  • Сусветны банк ухваліў выдачу Украіне пазыкі на 1,5 млрд долараў пад гарантыі ўрада Японіі.
  • Трамп заявіў, што Пуцін «злёгку аслаблены» бунтам Прыгожына, і ЗША павінны выкарыстоўваць гэты момант для перамоваў

«Я хачу, каб людзі перасталі гінуць праз гэтую бессэнсоўную вайну. Я думаю, што самая вялікая рэч, якую ЗША павінны рабіць цяпер, — гэта ўсталяванне міру: сабраць Расію і Украіну і падпісаць мір», — кажа Трамп. Таксама ён не выключыў, што Украіне давядзецца саступіць частку тэрыторыі на карысць Расіі, каб спыніць вайну.

  • Лідары ЕС на саміце ў Бруселі прынялі заяву

У заяве выказалі гатоўнасць «разам з партнёрамі ўнесці ўклад у будучыя абавязанні ў бяспецы перад Украінай, якія дапамогуць Украіне абараніць сябе ў доўгатэрміновай перспектыве, стрымліваць акты агрэсіі і супрацьстаяць спробам дэстабілізацыі». Мяркуецца, што гэтыя абавязацельствы «будуць прыняты пры поўнай павазе палітыкі бяспекі і абароны асобных дзяржаў-чальцоў і з улікам інтарэсаў бяспекі і абароны ўсіх дзяржаў-чальцоў».

Асобна лідары ЕС пацвердзілі гатоўнасць аказваць устойлівую ваенную падтрымку Украіне столькі, колькі спатрэбіцца, у прыватнасці праз місію ваеннай дапамогі ЕС і Еўрапейскі фонд міру. 

Рашэнне асобна адзначае важнасць працягу намаганняў дзяржаў-чальцоў ЕС па аказанні дапамогі ў задавальненні надзённых ваенных і абаронных патрэбаў Украіны, «без шкоды для спецыфікі палітыкі бяспекі і абароны асобных дзяржаў-чальцоў і з улікам інтарэсаў бяспекі і абароны ўсіх дзяржаў-чальцоў».

  • Краіны Еўрасаюза ў рамках будучых гарантый бяспекі дапускаюць магчымасць адпраўкі вайсковых місій ЕС ва Украіну, піша Financial Times. 

Нібыта Францыя і Германія разам з Вялікабрытаніяй і ЗША ўзначалілі адпаведную ініцыятыву па двухбаковых дамоўленасцях аб бяспецы.

Прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола заявіла, што падтрымлівае пачатак перамоваў па сяброўстве Украіны ў ЕС у снежні гэтага года.

«Намаганні Украіны па рэформах былі надзвычайнымі, асабліва падчас вайны. Калі крытэрыі рэформаў былі ў дастатковай ступені выкананы, мы павінны адрэагаваць. І я застаюся аптымістам, што гэтага можна дасягнуць сёлета».