518-ты дзень вайны: Украіна знясільвае Расію, а Лукашэнка нервуе Пуціна

Украінскія контрнаступальныя аперацыі «накіраваны на стварэнне асіметрычнага градыента знясілення, які захоўвае ўкраінскую сілу» за кошт больш павольных тэмпаў тэрытарыяльных пасоўванняў і вызвалення зямель. А Пуцін больш заклапочаны сітуацыяй не на фронце, а вакол ПВК «Вагнер».

12865233_hzt.jpg

Украіна знясільвае расійскія войскі

Генеральны штаб УСУ паведамляе, што за мінулыя суткі на франтах ва Украіне адбылося 26 баявых сутыкненняў. УСУ знішчылі варожы верталёт Ка-52, 5 ударных БПЛА праціўніка тыпу «Шахед-136» і 2 разведвальныя БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.

На валынскім і палескім кірунках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.

У Генштабе УСУ паведамілі, што байцы вялі наступальныя аперацыі на бахмуцкім, мелітопальскім (захад Запарожскай вобласці) і бярдзянскім (памежны раён Запарожскай і Данецкай абласцей) напрамках.

Украінскія крыніцы паведамлялі, што сілы абароны Украіны прасунуліся на 750 метраў у напрамку Старамаёрскага (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі), а расійскія крыніцы казалі, што УСУ трохі прасунуліся на захад ад Арэхава.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што на кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 25 ліпеня, відаць, што сілы абароны Украіны дамагліся тактычна важных поспехаў на поўдзень ад Кляшчыеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута).

Са слоў намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр, расійскія войскі нясуць страты ў асабовым складзе ў 8 разоў большыя, чым украінскія ў раёне Бахмута, і ў 5,3 разы большыя на бярдзянскім і мелітопальскім кірунках.

У ISW звяртаюць увагу на свае ацэнкі: украінскія контрнаступальныя аперацыі «накіраваны на стварэнне асіметрычнага градыента знясілення, які захоўвае ўкраінскую сілу» за кошт больш павольных тэмпаў тэрытарыяльных пасоўванняў і вызвалення зямель пры паступовым знясіленні ў Расарміі жывой сілы і тэхнікі.

Расія абстрэльвае жылыя кварталы

За мінулыя суткі, 25 ліпеня, расійцы 55 разоў абстралялі Херсонскую вобласць — два чалавекі загінулі, яшчэ трое атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін. Усяго вораг выпусціў 300 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», танкаў, авіяцыі, ПТРК і БПЛА. «Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці; тэрыторыю аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Кахоўскім раёне. Праз расійскую агрэсію 2 чалавекі загінулі, яшчэ 3 атрымалі раненні», — адзначыў Пракудзін.

За мінулыя суткі, 25 ліпеня, вайскоўцы РФ нанеслі 79 удараў па 22 населеных пунктах Запарожскай вобласці, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Юрый Малашка. Расійскія войскі выкарыстоўвалі артылерыю і авіяцыю. У выніку ўдару па Арэхаве паранена два чалавекі.

363342413_629093306070418_4582871639079896532_n.jpg

Вакол вайны. Пуцін нервуецца з-за «Вагнера»

АналітыкіІнстытута вывучэння вайнымяркуюць, што Пуцін не ўпэўнены ў сваёй здольнасці «згуртаваць эліту» ў РФ на фоне сітуацыі з нядаўнім узброеным паўстаннем наймітаў ПВК «Вагнер».

Эксперты адзначаюць, што Пуцін і Крэмль не змаглі аператыўна адрэагаваць на мяцеж «вагнераўцаў» 24 чэрвеня, пакінуўшы мясцовым расійскім чыноўнікам магчымасць прымаць рашэнні адносна наступу наймітаў на Маскву.

Як паведаміла газета «Washington Post» 25 ліпеня, украінскія і еўрапейскія сілавікі заявілі, што Пуцін не аддаваў загадаў большую частку дня падчас спробы заснавальніка ПВК «Вагнер» зладзіць пераварот, нягледзячы на папярэджанні расійскіх спецслужбаў пра верагоднасць бунту як мінімум за 2-3 дні да гэтага.

Паведамляецца, што расійскія спецслужбы ўзмацнілі захады бяспекі ў некалькіх стратэгічных пунктах, уключаючы Крэмль, за некалькі дзён да бунту «вагнераўцаў», але не распачалі ніякіх іншых дзеянняў.

Рэгіянальныя расійскія чыноўнікі павінны былі вырашыць, як рэагаваць на паўстанне, а рэгіянальныя вайскоўцы і супрацоўнікі службы бяспекі былі тымі, хто вырашыў не спрабаваць спыняць канвоі «вагнераўцаў» сілавым шляхам.

Меркаваная адсутнасць рэакцыі з боку Крамля і Пуціна паказвае на тое, што расійскі апарат бяспекі, імаверна, не быў гатовы да прамога выкліку вайсковага кіраўніцтва і, імаверна, не меў магчымасці хутка пакласці канец паўстанню, гаворыцца ў публікацыі.

У справаздачы ISW паказваецца, што няздольнасць Пуціна дзейнічаць хутка таксама сведчыць, што ён не ўпэўнены ў сваіх сілах згуртаваць вакол сябе «расійскую эліту», а таксама можа сведчыць пра тое, наколькі фракцыйнай стала ўнутрыкрамлёўская палітыка.

Як заяўляў высокапастаўлены прадстаўнік NATO, расійскія палітычныя дзеячы ў Маскве, відавочна, былі гатовы згуртавацца вакол Прыгожына ў выпадку поспеху паўстання «вагнераўцаў». На думку аналітыкаў ISW, Крэмль, імаверна, спрабуе вызначыць гэтых людзей і разглядае рашэнне рэгіянальных улад не спыняць прасоўванне наймітаў «як паказчык нелаяльнасці».

Так, губернатар Тульскай вобласці і былы кіраўнік сіл спецыяльных аперацый РФ Аляксей Дзюмін, верагодна, выклікаў дадатковыя падазрэнні з-за яго ранейшых сувязяў з Прыгожыным і яго ролі ў перамовах, якія паклалі канец мяцяжу, дадаюць эксперты.

Лукашэнка не супакоіў Пуціна

Пуцін працягнуў выказваць занепакоенасць патэнцыяльнымі пагрозамі, якія могуць узнікнуць з боку ПВК «Вагнер» і яе заснавальніка Яўгена Прыгожына падчас падоўжанага візіту Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург.

Як адзначаюць аналітыкі, рашэнне Пуціна падоўжыць сустрэчу з Лукашэнкам, імаверна, сведчыць, што расійскі дыктатар працягвае турбавацца з нагоды «Вагнера» і, відавочна, Лукашэнка не змог яго супакоіць. На думку аналітыкаў, Лукашэнка, верагодна, і не спрабаваў супакоіць Пуціна, бо імкнецца выкарыстоўваць сваю ўладу над ПВК, каб дамагчыся саступак ад кіраўніка Расіі.

У прыватнасці, ён спрабаваў выкарыстаць неспакой Пуціна на працягу ўсяго візіту ў Расію, каб дамагчыся спрыяльных умоў у беларуска-расійскіх адносінах, адначасова адхіліўшы патрабаванні Пуціна аб больш цеснай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву і падтрымцы вайны Расіі ва Украіне.