543-ці дзень вайны. Колькасць пацярпелых ад удару па Чарнігаве ўзрасла да 148 чалавек

Колькасць пацярпелых ад расійскага ўдара па Чарнігаве ўзрасла да 148 чалавек. Паводле слоў кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслава Чавуса, пашкоджанні атрымалі больш за 500 кватэр і больш за 60 дамоў, якія знаходзіліся побач з месцам удару.

Будынак чарнігаўскага драмтэатра пасля расійскай атакі. 19 жніўня там праходзіла выстава вытворцаў дронаў. Фота unian.net

Будынак чарнігаўскага драмтэатра пасля расійскай атакі. 19 жніўня там праходзіла выстава вытворцаў дронаў. Фота unian.net

Колькасць пацярпелых ад расійскага ракетнага ўдару па цэнтры Чарнігава вырасла да 148 чалавек, больш за 40 знаходзяцца ў бальніцы, паведаміў Вячаслаў Чавус у эфіры тэлемарафона.

«Вораг учора забраў жыцці сямі чалавек, і яшчэ 148 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу або былі дастаўлены ў бальніцы. Па стане на 6.20 у бальніцах Чарнігава застаецца 41 чалавек, ім аказваецца ўся неабходная дапамога, 15 чалавек было прааперавана», — распавёў Чавус.

Ён таксама адзначыў, што цяпер актыўна працягваюцца работы па ачыстцы цэнтра горада і працягваецца абследаванне ўсіх жылых дамоў і ўстаноў, каб ацаніць памер шкоды.

Паводле слоў кіраўніка АВА, на месцы працуюць таксама праваахоўнікі, дакументуючы ўчыненае злачынства, працуюць сацыяльныя службы, і таксама ў бальніцы будуць працаваць псіхолагі.


Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў. Расійскі агрэсар здзейсніў некалькі спробаў наступу. Як паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, акупанты спрабавалі наступаць пад Бахмутам, Мар'інкай і ў раёне нядаўна вызваленага сяла Ураджайнае на поўдні.

Так, на Бахмуцкім напрамку захопнікі распачалі беспаспяховую спробу наступу на поўнач ад Багданаўкі, а таксама паўночней і паўднёвей. На Мар'інскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі наступ акупантаў у раёне горада Мар'інка. На Шахцёрскім кірунку вораг беспаспяхова спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне сяла Ураджайнае, якое нядаўна вызвалілі УСУ.

Сілы абароны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках. Традыцыйна Генштаб не раскрывае падрабязнасцяў, абмяжоўваючыся агульнымі фармулёўкамі аб замацаванні на дасягнутых рубяжах і контрбатарэйнай барацьбе.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Апошнія прасоўванні Сіл абароны Украіны на поўдні маюць істотнае тактычнае значэнне, паколькі дазваляюць дзейнічаць ужо за межамі маштабных мінных палёў. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што ўкраінскія войскі 19 жніўня працягвалі контрнаступныя дзеянні па меншай меры на трох участках фронту, прасоўваючыся на рубяжы Аўдзееўка – Данецк і на Захадзе Запарожскай вобласці ў раёне вёскі Рабоціна.

Акрамя таго, геалакацыйныя відэазапісы, апублікаваныя яшчэ 16 жніўня, паказваюць, што ўкраінскія сілы нядаўна здзейснілі абмежаванае прасоўванне на ўсход ад пасёлка Невельскае, размешчанага непасрэдна на захад ад Данецка.

«Апошнія ўкраінскія наступы каля невялікіх населеных пунктаў паблізу адмінмяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і на Захадзе Запарожжа, верагодна, маюць тактычнае значэнне з-за структуры расійскіх абарончых ліній. Гэтыя дасягненні могуць дазволіць украінскім сілам пачаць дзейнічаць на менш замініраваных участках расійскай лініі абароны, якія, імаверна, будуць спрыяць больш хуткім дасягненням Украіны», – адзначае ISW.


Скрыншот unian.net

Скрыншот unian.net

У расійскім Курску беспілотнік атакаваў будынак чыгуначнага вакзала. Мясцовыя жыхары спачатку пачулі магутны выбух, потым тэлеграм-каналы распаўсюдзілі матэрыялы, на якіх над вакзалам бачны дым, а ўнутры на падлозе шмат бітага шкла. Да месца адразу пачалі з'язджацца пажарныя і праваахоўнікі.

«Атака ўкраінскага беспілотніка ў Курску. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён урэзаўся ў дах будынка чыгуначнага вакзала, пасля чаго на даху ўзнік пажар. Пяць чалавек атрымалі лёгкія раненні ад аскепкаў шкла», — напісаў ноччу губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

У Расіі таксама заявілі пра атаку беспілотнікаў па вайсковай частцы ў Каменску Растоўскай вобласці. Як паведаміў губернатар рэгіёну Васіль Голубеў, атака была здзейсненая трыма дронамі-камікадзэ.

«Сёння раніцай у нас у вобласці была зроблена спроба тэракту з выкарыстаннем дронаў-камікадзэ. Па БПЛА паспяхова адпрацавалі сродкі РЭБ. СПА не ўжывалася з-за малога памеру цэлі. Два дроны ўпалі на тэрыторыі вайсковай часткі ў Каменску, яшчэ адзін — за кіламетр на поўнач ад Навашахцінска. Ахвяр і разбурэнняў у выніку падзення дронаў няма», — напісаў ён.


Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Тым часам выведка Вялікабрытаніі заявіла пра важнасць нанясення ўдараў у глыбокім тыле Расіі.

«Вельмі верагодна, што кіраўніцтва Паветрана-касмічных сіл Расіі знаходзіцца пад моцным ціскам для паляпшэння супрацьпаветранай абароны над заходняй часткай РФ. У апошнія месяцы павялічыўся дыяпазон пагроз, якія пранікаюць углыб краіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае выведка, «нанясенне ўдараў углыб Расіі з'яўляецца стратэгічна важным, таму што прэзідэнт Пуцін амаль напэўна здзейсніў уварванне ва Украіну са здагадкай, што ўварванне будзе мець малы прамы ўплыў на расійцаў».

Паводле звестак выведкі, пад ціск найперш можа патрапіць начальнік штаба Паветрана-касмічных сіл РФ, генерал-палкоўнік Віктар Афзалаў.