554-ты дзень вайны: Украінцы адціскаюць расіян і рыхтуюцца да прарыву

Столтэнберг, кіраўнік  NATO, заявіў, што ўкраінцы зноў пераўзышлі чаканні заходніх вайскоўцаў, і станоўча ацаніў украінскі контрнаступ.

371832118_646992317613850_839827309712283325_n.jpg

Што вядома пра найбуйнейшую атаку беспілотнікаў на РФ 30 жніўня: Знішчаныя самалёты, нафтабаза і вайсковая частка

У Пскове ўчора быў нанесены магутны ўдар па ваенна-грамадзянскім аэрапорце, пашкоджаныя чатыры самалёты Іл-76. Акрамя таго, вядома аб пажары на тэрыторыі 2-й брыгады спецназа ГРУ ў Праміжках.

У ГУР Украіны пацвердзілі знішчэнне чатырох самалётаў Іл-76 у Пскове і раскрылі падрабязнасці.

Інфармацыю пацвердзіў прадстаўнік МУС Украіны Андрэй Юсаў. «На аэрадроме ў Пскове нанесены ўдар па аб'ектах праціўніка. Адбыліся выбухі, у выніку чаго чатыры Іл-76 знішчаны, яшчэ некалькі пашкоджаныя», — сказаў ён.

«Радыё Свабода» ўчора ўвечары паказала першыя спадарожнікавыя здымкі пасля атакі беспілотнікаў на аэрадром у Пскове. На фота відаць, што пашкоджаныя прынамсі два самалёты Іл-76. 

Пасля аналізу спадарожнікавых здымкаў пашкоджанні самалётаў пацвердзіў авіяэксперт Анатоль Храпчынскі. Паводле яго слоў, пашкоджаная паверхня каля крылаў, капітальны рамонт зойме не менш за 2-3 месяцы. Таксама каля аднаго з самалётаў можна заўважыць два чырвоных аўтамабіля, падобных на пажарныя.

Гэты тып самалётаў пастаянна базуецца на аэрадроме Пскова — іх выкарыстоўвае 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія арміі РФ, якая ўдзельнічала ў тым ліку ў захопе Бучы.

  • Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз заявіў, што над Бранскам нібыта збітыя тры беспілотнікі, пацярпелых і разбурэнняў няма.
  • Мінабароны РФ раніцай 31 жніўня заявіла аб знішчэнні беспілотніка над тэрыторыяй Васкрасенскага раёна Маскоўскай вобласці. У аэрапортах Унукава, Дамадзедава і Шарамеццева зноў былі затрыманыя дзясяткі рэйсаў.


Наогул выданне BBC падлічыла, што сёлета дроны атакавалі Расію і Крым больш за 190 разоў. Больш за ўсё нападам падвяргаліся Бранская, Белгарадская і Курская вобласці, а таксама Крым. Мішэнямі для ўдараў былі нафтавыя аб'екты, аэрадромы і энергетычная інфраструктура.

  • Расіяне ўначы абстралялі Славянск Данецкай вобласці — снарады патрапілі ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў пасёлку Мірны, загінуў ахоўнік прадпрыемства, паведаміў мэр Вадзім Лях.
  • У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у Волаце і Часавым Яры), яшчэ пяцёра атрымалі раненні. 
  • У Запарожскай вобласці адзін чалавек паранены ў выніку артабстрэлу Гуляйполя.
  • Расіяне раніцай 31 жніўня абстралялі пасёлак Баравая Ізюмскага раёна Харкаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў. На працягу мінулых сутак вораг абстрэльваў населеныя пункты Богадухаўскага, Ізюмскага, Чугуеўскага і Купянскага раёнаў вобласці.
  • А ўчора войскі РФ нанеслі магутны авіяўдар па Кіеве, якога не было з вясны. Праціўнік спачатку выкарыстаў беспілотнікі «Шахед», а затым зладзіў ракетны абстрэл. Працавала ўкраінская СПА. З-за падзення абломкаў загінулі два чалавекі, трое атрымалі раненні. Пад удар патрапіла і Жытомірская вобласць, дзе абломкі «Шахеда» ўпалі на аб'ект інфраструктуры і чыгуначнае палатно.


Украінскія партызаны

У акупаванай РФ Новай Кахоўцы ўзарваны штаб «Адзінай Расіі». А ў Марыупалі партызаны падпалілі базу расіян, знішчылі прынамсі чатыры аўтамабілі.

«У Новай Кахоўцы ўзарваны перадвыбарчы рэгіянальны штаб «Адзінай Расіі», — заявіў дарадца мэра Марыупаля Пятро Андрушчанка. Паводле яго слоў, ніводны чалавек не пацярпеў, але цяпер акупанты спрабуюць «замяць інцыдэнт».

Псеўдавыбары РФ

Сёння ў частцы населеных пунктаў акупаванай Данецкай вобласці пачаліся так званыя «выбары». У прыватнасці, «галасаванне» адбудзецца ў Горлаўцы, Данецку, Макееўцы і іншых населеных пунктах на лініі сутыкнення, паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка. Ён не выключыў, што ў гэтай сувязі «будуць правакацыі, з падрывамі і ахвярамі». 

У Марыупалі псеўдавыбары адбудуцца 7-8 верасня.

Навіны вайны

Украінскія войскі на поўдні мелі поспех у кірунку Новаданілаўка — Новапракапаўка, а таксама працягваюць наступ на поўдзень ад Бахмута, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 31 жніўня: асабовага складу — каля 263 020 (+610) чалавек.


369697269_647251587587923_2058167547755949257_n.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 40 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, армія РФ спрабавала наступаць у раёнах Новаягораўка і Белагораўка Луганскай вобласці, Кляшчэеўка, Курдзюмаўка, Мар'інка і Старамаёрскае Данецкай вобласці, а таксама Вербавое Запарожскай вобласці.

Столтэнберг станоўча ацаніў контрнаступленне УСУ: «Украінцы паступова заваёўваюць пазіцыі, а гэта значыць, што яны адціскаюць расіян і могуць прарвацца праз некаторыя з гэтых добра ўмацаваных тэрыторый... Мы ўбачылі, што ўкраінцы зноў перасягнулі чаканні. І мы павінны памятаць, што ўсё пачалося летась з поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну — тады эксперты лічылі, што Украіна пратрымаецца ўсяго некалькі дзён ці тыдняў. Але яны вызвалілі поўнач — Кіеў, Усход — Харкаўскую вобласць, тэрыторыю на поўдні — Херсон».