565-ты дзень вайны. У Расіі будзе новая мабілізацыя. Пытанне — калі
У той час, як украінскія войскі прарываюць лініі расійскай абароны, у Расіі, верагодна, задумаліся аб новай хвалі мабілізацыі. Паводле звестак разведак, яна будзе больш маштабнай, чым папярэдняя. Калі летась ставілася мэта мабілізаваць 300 тысяч чалавек, то цяпер — 400 тысяч мінімум.
УСУ прасоўваюцца за першую лінію расійскай абароны
Сілы абароны Украіны на працягу мінулага тыдня вызвалілі каля 1,5 квадратных кіламетраў на паўднёвым фронце. У раёне Рабоцінага на Мелітопальскім кірунку ёсць поспехі, паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у эфіры тэлемарафона.
«На поўдні працягваюцца наступальныя дзеянні. Нашы ўзброеныя сілы сутыкаюцца з сур'ёзнымі перашкодамі з боку ворага, але ўжо дзе-нідзе прарваная першая лінія абароны, і нашы войскі рушаць далей», — сказала яна. І дадала, што на працягу апошняга тыдня ўкраінскія войскі звольнілі частку Вопытнага Данецкам.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 верасня, паказвае, што ўкраінскія войскі прасунуліся на ўсход ад Новапракопаўкі.
Спікер Генеральнага штаба Украіны і Усходняй групоўкі войскаў Ілля Еўлаш паведаміў, што ўкраінскія сілы дасягнулі поспеху паблізу Клішчаеўкі Данецкай вобласці. Таксама 2-гі механізаваны батальён 3-й дэсантна-штурмавой брыгады 9 верасня выцесніў расійскія сілы з неназванага раёна на Бахмуцкім кірунку.
Расійскія войскі 10 верасня таксама праводзілі наступальныя дзеянні паблізу Бахмута, але беспаспяхова.
Дыверсійна-разведвальная група «Русіч» заявіла, што расійскія сілы не эвакуююць параненых і забітых з прыфрантавых раёнаў, таму частка расійскіх вайскоўцаў адмовілася ад выканання баявых задач.
На Валынскім і Палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка застаецца без істотных змен.
Беспілотнікі ў абодва бакі
СМІ паведамляюць пра выбухі ў Крывым Рогу: горад падвергнуўся ўдару адначасова дронамі-камікадзэ і крылатымі ракетамі. Некаторы час таму Паветраныя сілы Украіны папярэджвалі аб дзвюх групах «Шахедаў», якія ідуць на Крывы Рог, а затым абвясцілі і аб пуску расійцамі крылатых ракет.
Пра вынікі атакі пакуль не паведамляецца.
Крывы Рог — буйны горад і прамысловы цэнтр на захадзе Днепрапятроўскай вобласці Украіны.
Паводле звестак украінскага Генштаба, за мінулыя суткі пад артылерыйскім агнём праціўніка былі каля 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Уначы 11 верасня прагрымелі выбухі ў Белгарадскай вобласці Расіі. Белгарадскі губернатар Вячаслаў Гладкоў заявіў аб працы СПА і збіцці двух беспілотнікаў самалётнага тыпу. Фрагменты аднаго з беспілотнікаў упалі на праезную частку побач з прыватным жылым домам. Пацярпелых няма.
У Расіі рыхтуецца новая мабілізацыя?
Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, падчас новай хвалі мабілізацыі Расія хоча прызваць ад 400 да 700 тысяч мужчын. Сярод іншага, мабілізацыя закране Чачэнію і часова акупаваныя тэрыторыі Украіны.
«У сувязі з катастрафічнымі стратамі акупантаў чакаецца, што неўзабаве ў РФ і на часова акупаваных ёю тэрыторыях Украіны пачнецца масавая прымусовая мабілізацыя насельніцтва. Яе паказчыкі па розных ацэнках могуць складаць ад 400 да 700 тысяч чалавек», — гаворыцца ў зводцы 11 верасня.
Паводле Генштаба УСУ, гэтым разам прызваць плануецца таксама каля 40 тысяч жыхароў Чачэнскай рэспублікі, якія, верагодна, будуць выкарыстаны ў якасці «загараджальных атрадаў» ззаду расійскіх войскаў. Пры гэтым сярод насельніцтва Масквы і Санкт-Пецярбурга лічбы планаванай мабілізацыі зноў застаюцца мінімальнымі.
Раней ва ўкраінскай выведцы распавядалі, што новая хваля мабілізацыі можа быць абвешчаная ў Расіі, каб папоўніць акупацыйныя войскі ва Украіне. Пры гэтым праз контрнаступленне ўкраінскіх сіл Расія перакідвае на фронт ва Украіне непадрыхтаваных вайскоўцаў, якіх толькі што мабілізавалі. Так, у прыватнасці, адбываецца на часова акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter адзначыла, што мабілізацыя сотняў тысяч чалавек для вайны з Украінай аказвае негатыўны ўплыў на эканоміку Расіі.
Як адзначаецца ў зводцы, да канца 2023 года расійскія вайскоўцы маюць намер набраць 420 тысяч кантрактнікаў. 3 верасня 2023 года намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўжо набрана 280 тысяч вайскоўцаў. Гэтыя лічбы не могуць быць правераны незалежна.
Па даных брытанскай выведкі, прызыў у войска ў Расіі працягвае аказваць негатыўнае ўздзеянне на працоўную сілу ў яе прамысловасці. Інстытут эканамічнай палітыкі Ягора Гайдара выявіў, што недахоп працоўнай сілы ў прамысловасці Расіі дасягнуў новага максімуму ў 42% у ліпені 2023 года, што на 7% вышэй, чым у красавіку 2023 года.
У адрозненне ад прызыву на вайсковую службу ў іншых краінах, у ІТ-сектары Расея распачала крокі для захавання працоўнай сілы. Гэта, верагодна, падкрэслівае асабліва востры недахоп у сектары пасля таго, як каля 100 тысяч ІТ-спецыялістаў пакінулі Расію ў 2022 годзе. Гэта адпавядае 10% працоўнай сілы ІТ-сектара.
«Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, запланаваных на сакавік 2024 года, расійскія ўлады, імаверна, будуць імкнуцца пазбегнуць непапулярных мабілізацый», — мяркуюць у Мінабароны Брытаніі.