585-ты дзень вайны. У РФ праблемы з жаўнерамі. Чакаць новай мабілізацыі?
«Мясныя штурмы» не прайшлі для Расіі бясследна. Паводле звестак вайскоўцаў, РФ вымушаная была датэрмінова разгарнуць ва Украіне 25-ю агульнавайсковую армію, а з 1 кастрычніка на часова акупіраваных тэрыторыях Украіны можа пачацца мабілізацыя. Пытанне толькі ў адным: супраць каго будуць ваяваць мабілізаваныя ўкраінцы?
У ранішняй зводцы 1 кастрычніка Генштаб УСУ паведамляе, што сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне абароны на ўсходзе і поўдні Украіны, наступальнай аперацыі на Мелітопальскім кірунку і наступальных дзеянняў на Бахмуцкім кірунку, знішчаюць ворага, крок за крокам вызваляюць часова акупаваныя тэрыторыі, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
За мінулыя суткі адбылося 38 баявых сутыкненняў.
Прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Украіны капітан Ілля Еўлаш заявіў, што за мінулыя суткі расійскія войскі аднавілі штурмавыя дзеянні на Купянскім і Ліманскім кірунках і двойчы беспаспяхова спрабавалі прарваць украінскую абарону.
Паведамляецца, што расійскія вайскоўцы разгарнулі часткі навастворанай 25-й агульнавайсковай арміі ўздоўж лініі фронту ў напрамку Купянск — Ліман.
30 верасня Еўлаш паведаміў, што ўкраінскія сілы зафіксавалі ўздоўж лініі фронту на Купянска-Ліманскім кірунку агулам 12 000 вайскоўцаў 25-й арміі, і што яна складаецца з мабілізаваных і асабовага складу моцна дэградаваных падраздзяленняў, якія цалкам страцілі сваю баяздольнасць.
Ён дадаў, што 25-я армія мае праблемы з узбраеннем, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і персаналам.
Таксама паведамляецца, што расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне мяжы Данецка-Запарожскай абласцей 30 верасня, але не здзейснілі ніводнага пацверджанага прасоўвання.
* * *
На акупаваных тэрыторыях украінцаў, якія атрымалі пашпарт Расійскай Федэрацыі, з 1 кастрычніка плануюць мабілізаваць на вайну, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У прыватнасці, 30 верасня ў акупаванай частцы Херсонскай вобласці ўкраінцаў, якія атрымалі пашпарт РФ, прымушаюць ісці ў ваенкаматы. «Расійскія ўлады пагражаюць грамадзянскім асобам з расійскімі пашпартамі, прыдатнымі для прызыву, штрафамі і затрыманнем за няяўку. Раней ISW паведамляў, што расійскія ўлады і акупацыйныя адміністрацыі працягваюць праводзіць прымусовую пашпартызацыю і мабілізацыю ў акупаванай Украіне», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, высветлілася, што на працягу 2023 года ў расійскую армію было завербавана больш за 100 грамадзян Кубы. Улетку яны далучыліся да 106-й дывізіі ПДВ са штабам у горадзе Тула. «Гэта паказвае на тое, што 106-я дывізія ПДВ, верагодна, дэградавала ад баёў ва Украіне», — адзначылі ў ISW.
* * *
Расійская Федэрацыя нанесла чарговы ўдар па Украіне, ужыўшы каля 40 іранскіх ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131 з паўднёвага напрамку. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчана 30 варожых шахедаў у межах Адэскай, Мікалаеўскай і Вінніцкай абласцей. Увогуле, вораг нанёс 8 ракетных і 99 авіяцыйных удараў.
Уначы вораг масіравана атакаваў Чаркаскую вобласць ударнымі беспілотнікамі, ёсць трапленні па прамысловай інфраструктуры ў Умані. У выніку ўзніклі пажары на складскіх памяшканнях, дзе захоўвалася зерне. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек, ён дастаўлены ў бальніцу.
У нядзелю, 1 кастрычніка, уначы расійскія войскі скінулі на тэрыторыю Херсонскай вобласці 10 авіябомбаў. Паведамляецца, што ў вёсцы Станіславе падчас абстрэлаў пацярпелі чатыры чалавекі, яшчэ адзін чалавек можа знаходзіцца пад заваламі.
У Харкаве ў ноч на нядзелю, 1 кастрычніка, было чатыры выбухі. Горад знаходзіўся пад ударам, верагодна, балістычных ракет комплексаў С-300.
За мінулыя суткі, 30 верасня, зафіксавана 157 абстрэлаў па 27 населеных пунктах Запарожскай вобласці, ёсць загінулы і параненыя сярод грамадзянскіх. Паведамляецца, што ў выніку начнога ракетнага ўдару па Запарожжы пачаўся пажар на адным з аб'ектаў інфраструктуры, вядома аб адным пацярпелым 35 гадоў. Падчас артабстрэлу Малой Такмачкі загінуў 61-гадовы мясцовы жыхар, раненне атрымала жанчына 66 гадоў.
У Расіі заявілі пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў на Смаленскую вобласць і Краснадарскі край і пра тое, што ўсе беспілотнікі абясшкоджаныя.
У выніку атакі БПЛА на Краснадарскі край у аэрапорце Сочы былі затрыманыя 14 рэйсаў, а адзін вылет быў адменены.
* * *
Вялікабрытанія задумалася пра тое, каб размясціць свае войскі ва Украіне, заявіў міністр абароны краіны Грант Шапс, перадае The Telegraph. Шапс распавёў пра перамовы з кіраўніцтвам войска аб пераносе афіцыйнай брытанскай праграмы падрыхтоўкі ва Украіну замест таго, каб спадзявацца на базы Вялікабрытаніі і іншых краін-чальцоў NATO. Адпаведна, ва Украіну могуць прыехаць брытанскія інструктары.
Лондан таксама вядзе перамовы з Украінай аб магчымай ролі ВМС Вялікабрытаніі ў абароне камерцыйных суднаў ад расійскіх нападаў у Чорным моры.
* * *
Прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі мяркуе, што Расія нападзе на яе дзяржаву або краіны Балтыі, калі Украіна не выстаіць. «Устойлівасць і мужнасць, якія дэманструюць Украіна і яе прэзідэнт, паказваюць усяму свету, што яны здольныя супрацьстаяць вайсковай магутнасці Расіі, супрацьстаяць расійскаму войску», — заявіла Зурабішвілі LRT.
Грузінская лідарка лічыць, што ва Украіне цяпер вядзецца найважнейшая бітва, таму што пад пагрозай уся Еўропа, сама дэмакратыя і яе будучыня. На пытанне, што будзе, калі Расію не спыніць ва Украіне, яна адказала:
«Чыя чарга прыйдзе? Нас ці вас. Вы ўжо сказалі нам, што мы наступныя, калі Расія не спыніцца на Украіне. У нашай краіне на акупаваных тэрыторыях знаходзяцца расійскія вайсковыя базы».