598-мы дзень вайны. Расійцы спрабуюць акружыць Аўдзееўку

Расійскія акупанты спрабуюць акружыць горад Аўдзееўка Данецкай вобласці і для рэалізацыі сваіх задач кідаюць усё больш сіл.

Фота з тэлеграм-канала Віталя Барабаша 

Фота з тэлеграм-канала Віталя Барабаша 

На раніцу суботы расійцы працягваюць абстрэлы і штурмавыя дзеянні, распавёў кіраўнік Аўдзееўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Віталь Барабаш у эфіры тэлемарафона. «Спрабуюць усё ж Аўдзееўку акружыць. Усё больш і больш сіл кідаюць для рэалізацыі сваіх гэтых задач», — заявіў чыноўнік.

Ён дадаў, што над горадам пастаянна кружаць варожыя беспілотнікі, і як толькі захопнікі бачаць дзесьці скапленне людзей, то наносяць па іх удары. Барабаш падкрэсліў, што праз гэта пад заваламі разбураных дамоў немагчыма шукаць людзей.

Паводле яго слоў, у ноч на 14 кастрычніка ворагі не наносілі па Аўдзееўцы масіраваныя ўдары, але здзяйснялі адзінкавыя абстрэлы з артылерыі.

Барабаш таксама паведаміў, што па пазіцыях УСУ акупанты не спынялі наносіць удары з усіх відаў узбраення — бесперапынна б'е артылерыя, амаль увесь час працягваецца стралковае супрацьстаянне.

Расійцы ўжо працяглы час б'юць па Аўдзееўцы з рознага ўзбраення, у горадзе вельмі шмат разбурэнняў, мясцовых жыхароў эвакуявалі. Пад Аўдзееўкай баявыя дзеянні абвастрыліся 10 кастрычніка. Паведамлялася, што агрэсар хоча акружыць горад. Акупанты атакуюць украінскіх воінаў і атрымліваюць годны адпор.

Паводле слоў прадстаўніка Аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксандра Штупуна, акупанты спрабуюць узяць пад кантроль Аўдзееўку, бо ім патрэбныя «хоць нейкія перамогі».


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Разам з тым аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што расійскі наступ на Аўдзееўку пацярпеў поўны правал, нягледзячы на спробы РФ заяўляць пра свае поспехі.

Аналізуючы расійскія і ўкраінскія паведамленні, у прыватнасці, відэа і фота з фронту, у ISW канстатавалі, што расійскія сілы змаглі трохі прасунуцца наперад на поўдзень ад Краснагораўкі і на паўднёвы ўсход ад Першамайскага, якія адносяцца да Аўдзееўскага кірунку. Расійцы таксама заявілі аб захопе Аўдзееўскага коксахімічнага завода, але ISW не знайшло ніякіх доказаў гэтага.

«Расійскія наступальныя аперацыі ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці 13 кастрычніка пацярпелі няўдачу вакол горада», — канстатуюць у ISW.

Са спасылкай на заявы расійскіх ваенкараў і вайсковых блогераў аналітыкі называюць некаторыя прычыны гэтых няўдач. У прыватнасці, украінскія сілы актыўна выкарыстоўваюць мінныя палі, каб запаволіць прасоўванне акупантаў. Зношаныя ствалы зніжаюць дакладнасць расійскай артылерыі паблізу Аўдзееўкі.

Адзін з так званых ваенкараў Андрэй Марозаў адзначыў, што расійцы могуць «сціснуць перыметр» вакол Аўдзееўкі, захапіўшы тэрыторыю, дзе ўкраінскія сілы не мелі магчымасці пабудаваць надзейныя фартыфікацыі. Але яго турбуе, што падобны лакальны поспех, калі ён будзе, расійскія генералы выкарыстаюць як падставу ўзмацніць наступальныя намаганні на Аўдзееўку.

Такое няправільнае тлумачэнне можа прывесці да таго, што расійцы будуць «біцца аб бетон, пакуль не скончацца», мяркуе Марозаў.


Фота УСУ

Фота УСУ

Расійскія акупанты таксама інтэнсіфікавалі наступальныя дзеянні на Лімана-Купянскім кірунку.

Украінскія вайскоўцы адбіваюць варожыя штурмы і наносяць ворагу страты, паведаміў у эфіры тэлемарафона начальнік прэс-службы Усходняй групоўкі войскаў УСУ Ілля Еўлаш.

«Вораг спрабуе прарваць абарону УСУ на гэтым кірунку, выкарыстоўваючы розныя сілы і сродкі, уключаючы танкі, артылерыю, авіяцыю і іншае ўзбраенне», — распавёў ён.

Так, за суткі на гэтым кірунку расійцы 611 разоў абстралялі ўкраінскія пазіцыі, 13 разоў выкарыстоўвалі авіяцыю і 25 разоў спрабавалі штурмаваць пазіцыі УСУ. Свае намаганні акупанты засяродзілі паблізу Сінькоўкі, Іванаўкі, Макееўкі, Дубровы і Першамайскага.

«Аднак беспаспяхова, усе атакі былі адбітыя, праціўнік панёс страты і не меў поспеху. За суткі на Лімана-Купянскім напрамку было ліквідавана 206 акупантаў і 15 адзінак тэхнікі і ўзбраення. У прыватнасці, 2 танкі Т-72, 5 баявых браніраваных машын, некалькі гармат, мінамёт», — распавёў Еўлаш.

На Бахмуцкім кірунку ўкраінскае войска працягвае наступальныя дзеянні, у прыватнасці, на паўднёвым флангу. Расійцы на гэтым кірунку знаходзяцца ў абароне, аднак працягваюць біць з артылерыі па пазіцыях ВСУ — за суткі такіх нападаў было 543.


Фота wikimedia.org

Фота wikimedia.org

За мінулыя суткі ўкраінскія войскі ўдарылі па расійскіх пазіцыях, знішчыўшы варожы склад боепрыпасаў, станцыю радыёэлектроннай барацьбы і тэхніку. Таксама ўдалося збіць расійскі штурмавік.

Як паведамляе Генштаб УСУ, на працягу сутак украінская авіяцыя нанесла 12 удараў па раёнах засяроджвання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійцаў, а таксама па ўзведзеным акупантамі мосце. Акрамя таго, украінскія абаронцы знішчылі расійскі штурмавік Су-25 і беспілотнік аператыўна-тактычнага ўзроўню «Арлан-10».

За суткі ракетныя войскі ўдарылі па пункце кіравання, раёне збору расійскіх вайскоўцаў і іх тэхніцы, складзе боепрыпасаў і станцыі радыёэлектроннай барацьбы.

У Генштабе таксама падкрэслілі, што Расія працягвае тэрарызаваць мірныя населеныя пункты, наносячы ракетныя і авіяцыйныя ўдары, а таксама ажыццяўляючы абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Так, 13 кастрычніка крамлёўскія войскі нанеслі ракетны ўдар па дзіцячым доме творчасці ў цэнтры горада Пакроўск Данецкай вобласці. У выніку прыцэльнага траплення атрымалі раненні больш за 20 грамадзянскіх асоб, часткова разбураныя два адміністрацыйныя будынкі.

Усяго расійцы нанеслі 3 ракетных і 59 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 54 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і мірных населеных пунктах. У выніку гэтых нападаў ёсць загінулыя і параненыя грамадзянскія, таксама разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.