616-ты дзень вайны. Страты Расіі ў вайне з Украінай перавысілі 300 тысяч чалавек

Украіна працягвае супраціўляцца расійскаму захопу. На франтах пакуль няма істотных зрухаў ні з аднаго, ні з іншага боку. Аднак у самой Расіі вайна становіцца непапулярнай — больш за палову расійцаў (55% апытаных грамадзян РФ) лічаць, што варта спыняць вайну і пачынаць мірныя перамовы.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Генеральны штаб УСУ апублікаваў аператыўную інфармацыю аб расійскім уварванні на раніцу серады, 1 лістапада. За мінулыя суткі адбылося 68 баявых сутыкненняў. Вораг нанёс 8 ракетных і 97 авіяцыйных удараў, здзейсніў 84 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.

На Купянскім кірунку расійскія войскі вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні — там украінскія абаронцы адбілі больш за 10 нападаў расійскіх войскаў.

На Бахмуцкім кірунку праціўнік беспаспяхова спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў Кляшчэеўкі і Андрэеўкі — УСУ адбілі пяць варожых нападаў. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

Расійцы на Аўдзееўскім кірунку не пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку і для падтрымкі сваіх войскаў прымяняюць авіяцыю. «Нашы воіны стойка трымаюць абарону і наносяць ворагу значныя страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні захопнікаў у раёнах населеных пунктаў Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае, Стэпавае Данецкай вобласці, дзе нашы абаронцы адбілі каля 20 нападаў», — паведамілі ў Генштабе.

На Мар'інскім кірунку ў раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці ўкраінскія абаронцы адбілі больш за 20 нападаў.

На Запарожскім кірунку вораг спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці, але беспаспяхова.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы працягвалі наступальныя аперацыі на поўдзень ад Бахмута і контрнаступныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці, але не дамагліся якіх-небудзь пацверджаных поспехаў.

Расійскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія вайскоўцы захоўваюць пазіцыі і працягваюць наземную актыўнасць на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці па стане на 31 кастрычніка. Таксама яны сцвярджалі, што ўкраінскія вайскоўцы працягваюць утрымліваць пазіцыі ў Крынках і паблізу Антонаўскай шашы і чыгуначных мастоў. Расійскія блогеры пісалі, што ўкраінскія войскі спрабавалі прарваць расійскую абарону ў раёне Пішчаноўкі і Поймы.

* * * 

398301810_681550157491399_3451649229657428234_n.jpg

* * *

Уначы расійскія войскі нанеслі чарговы ракетна-авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 і 20 ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131. «Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны ракета і 18 ударных БПЛА знішчаныя», — гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

Кіраўнік Палтаўскай вобласці Філіп Пронін паведаміў аб трапленні па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Крэменчугу. Узнік пажар, яго ліквідавалі ратавальнікі. Паветраная трывога працягвалася больш за чатыры гадзіны.

Раніцай 1 лістапада расійская адміністрацыя абвясціла аб перакрыцці Крымскага моста і паветраную трывогу ў часова акупаваным Севастопалі. Пазней расійцы паведамілі, што рух аўтатранспарту па Крымскім мосце адноўлены.

* * *

Пераважная большасць расійцаў (70%) падтрымала б Пуціна, калі б ён на гэтым тыдні вырашыў спыніць вайну супраць Украіны. Такія звесткі сацапытання ў аўторак, 31 кастрычніка, апублікавала расійская аналітычная служба Левада-цэнтр.

Аднак калі б Пуцін вырашыў спыніць вайну пры вяртанні акупаваных тэрыторый Украіне, яго дзеянні падтрымалі б толькі 34% расійцаў.

55% апытаных грамадзян РФ лічаць, што варта спыняць вайну і пачынаць мірныя перамовы, 38% выступаюць за працяг ваенных дзеянняў.

* * *

Уварванне ва Украіну стала стратэгічнай паразай Расіі, але мужнасць і смеласць, з якімі ваююць украінцы, не спыняе бомбы і не перахапляе ракеты, заявіў на пасяджэнні Паўночнай рады ў Осла ў аўторак, 31 кастрычніка, генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.

«Расія прайграла. Яна страціла дзясяткі тысяч салдат. Яна страціла вялікую колькасць ваеннай тэхнікі. І яна страціла палітычны ўплыў, становіцца ўсё больш ізаляванай. Уварванне ва Украіну — гэта стратэгічная параза Расіі», — адзначыў генеральны сакратар NATO і падкрэсліў, што чым мацней будзе Украіна на полі бою, тым мацней яна будзе за сталом перамоваў.

«Мы павінны працягваць падтрымліваць Украіну. Гэта значыць больш зброі. І я кажу гэта таму, што хачу міру ва Украіне. Пуцін можа спыніць вайну ўжо сёння, спыніўшы напад на суседа. Украіна такой магчымасці не мае. Калі Украіна перастане абараняцца, яна будзе акупаваная. А акупацыя — гэта не мір», — заявіў Столтэнберг.

Ён дадаў, што мужнасць і смеласць, з якімі змагаюцца ўкраінцы, не спыняе бомбы і не перахапляе ракеты. «Гэта робіць зброя. Якасна і ў вялікай колькасці. Танкі, СПА, знішчальнікі і боепрыпасы», — сказаў ён.