623-ці дзень вайны. УСУ «нябачна» наступаюць праз Дняпро

Генштаб Украіны па-ранейшаму не выхваляецца сваімі дасягненнямі. Між тым пэўныя поспехі ёсць. Але ў той жа час расійскія «ваенкары» паведамляюць пра наступ на Аўдзееўку — не вельмі выніковы. Украіна працягвае перамолваць расійскую армію ў пазіцыйных баях і рыхтуецца да перамоў па ўступленні ў ЕС.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Генштаб УСУ паведамляе, што за мінулыя суткі на фронце адбылося 45 баявых сутыкненняў. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці і вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку.

На купянскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Іванаўка, Берастава Харкаўскай вобласці, дзе абаронцы Украіны адбілі шэсць нападаў праціўніка.

На бахмуцкім кірунку УСУ адбілі шэсць нападаў расійцаў каля Багданаўкі, Андрэеўкі і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.

На аўдзееўскім кірунку РФ не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. УСУ трымаюць абарону і наносяць ворагу значныя страты. Сілы абароны адбілі 14 нападаў праціўніка.

На мар'інскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёне Мар'інкі Данецкай вобласці, УСУ адбілі 17 нападаў.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на бахмуцкім кірунку і перасеклі чыгунку паблізу Андрэеўкі.

6 і 7 лістапада расійскія крыніцы сцвярджалі, што войскі РФ нязначна прасунуліся ўздоўж чыгуначнага шляху паблізу Стэпавага (3 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі). Расійскія «ваенкары» сцвярджалі, што сілы РФ нібыта прасунуліся ўздоўж ракі ад Вадзянога ў кірунку Першамайскага і што яны быццам бы кантралююць тэрыкон на поўнач ад Аўдзееўкі, але ўкраінская артылерыя перашкаджае замацаваць там свае пазіцыі.

Расійскі вайсковы блогер заявіў, што войскі РФ перайшлі да «паўзучага наступу» на аўдзееўскім кірунку пасля таго, як правялі «цяжкі наступ» у першыя дні атак, што сведчыць пра тое, што тэмп расійскіх наступальных аперацый у гэтым раёне запаволіўся.

Іншы расійскі блогер сцвярджаў, што войскі адчуваюць недахоп комплексаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) на аўдзееўскім кірунку, што дазваляе ўкраінскім сілам усталяваць кантроль над паветранай прасторай у гэтым раёне.

Украінскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на мелітопальскім (захадзе Запарожскай вобласці) кірунку. Расійскія блогеры сцвярджалі, што сілы РФ нібыта адбілі ўкраінскія штурмы на захад ад Рабоціна і паблізу Вербавага.

Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія войскі замацаваліся ў нявызначаных лясных раёнах блізу Вербавага, адсутнасць расійскага кантролю над паветрам у гэтым раёне ўскладняе агонь расійскай артылерыі па гэтых пазіцыях. Ён заявіў, што ўкраінская разведгрупа падышла да захаду Вербавага, і ў гэтым раёне працягвалася сутыкненне са стралковай зброяй.

* * *

398404411_685083203804761_7999325155939505239_n.jpg

* * *

Таксама ISW на аснове аналізу даных расійцаў паведамляе, што ўкраінскія войскі перакінулі бранятэхніку на ўсходні (левы) бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці і працягваюць больш маштабныя, чым звычайна, наземныя аперацыі з удзелам лёгкай пяхотнай групоўкі прыкладна батальённага памеру.

Расійскія «ваенкары» 6 лістапада павялічылі здымак, на якім нібыта зняты ўкраінскі гусенічны дэсантны транспарт, які перавозіць баявую машыну пяхоты на ўсходні бераг каля вёскі Крынкі (30 км на паўночны ўсход ад Херсона і 2 км ад Дняпра).

Іншыя «ваенкары» пісалі 7 лістапада, што ўкраінская БМП самастойна перасекла раку Днепр каля Крынак. Некаторыя з расійскіх «ваенкараў» сцвярджалі, што адзін ці два ўкраінскія БТРы перасеклі Днепр каля Крынак, у той час як іншыя іх калегі адзначалі, што ўкраінскія войскі перакінулі ў гэты раён некалькі бронетранспарцёраў.

Расійскія інфарматары кажуць, што больш за 300 украінскіх вайскоўцаў (прыкладна батальён) дзейнічаюць на ўсходнім беразе ў раёне Крынак і што ўкраінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі ў цэнтры Крынак і бліжэйшых раёнах.

Па сцвярджэнні яшчэ аднаго «ваенкара», некалькі сотняў украінскіх вайскоўцаў дзейнічаюць на ўсім ўсходнім беразе Херсонскай вобласці.

Аналітыкі адзначаюць, што паведамленні аб групоўцы ўкраінскіх сіл колькасцю ў батальён на ўсходнім беразе сведчаць, што інтэнсіўныя расійскія намаганні па перакрыцці ракі Днепр не перашкодзілі ўкраінскім сілам перакінуць дадатковы асабовы склад і матэрыяльную частку на пазіцыі на ўсходнім беразе.

* * *

Расійскія гандлёвыя кампаніі працягвалі закупляць зброю з Еўропы і Амерыкі нягледзячы на санкцыі, якія пачалі ўводзіць яшчэ ў 2014 годзе, піша «Correctiv». Паводле інфармацыі журналістаў выдання, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну РФ імпартавала каля 7300 адзінак агнястрэльнай зброі, сярод якіх было каля 100 снайперскіх вінтовак і амаль восем мільёнаў патронаў ад заходніх вытворцаў.

Следчыя прааналізавалі адкрытыя крыніцы і прыйшлі да высновы, што частка гэтай зброі выкарыстоўвалася на вайне супраць Украіны. Так, байцы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» выкарыстоўвалі зброю ад «Desert Tech», а былы віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Рагозін пазіраваў на фотаздымках з Glock і AR-15. Акрамя гэтага, расійцы выкарыстоўваюць карабіны Blaser R8.

«Correctiv» адзначае, што зброя трапіла ў РФ праз трэція краіны. Напрыклад, з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання вырас экспарт паляўнічай і спартыўнай зброі з Германіі ў ААЭ, Харватыю, Венгрыю, Казахстан, Паўночную Македонію, Польшчу і Узбекістан.

* * *

Сёння, 8 лістапада, Еўрапейская камісія апублікуе штогадовую справаздачу аб пашырэнні, у якой, сярод іншага, ацэніць выкананне Украінай сямі патрабаванняў і вызначыцца, ці рэкамендаваць пачатак перамоў аб уступленні Украіны ў ЕС.

Дакумент тычыцца не толькі Украіны, але і іншых кандыдатаў на ўступленне ў ЕС, а менавіта: Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Косава, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Турцыі, Грузіі і Малдовы.