655-ты дзень вайны Расіі з Украінай: асноўнае на гэты час
Паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), украінскія войскі маюць поспех у Запарожскай вобласці і прасунуліся на захад ад Рабоціна. Расійскія сілы пачалі наступальныя аперацыі на многіх участках фронту, спрабуюць перахапіць і ўтрымаць ініцыятыву да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі.
Расія пачала больш зладжаную кампанію па знішчэнні ўкраінскай энергетыкі — Брытанская выведка
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі лічыць, што Расія пачала сваю больш узгодненую кампанію авіяўдараў па знішчэнні энергетычнай інфраструктуры Украіны. Гэта адзначаецца ў аглядзе Мінабароны Брытаніі, піша «Еўрапейская праўда».
У брытанскай выведцы нагадалі, што ў ноч на 7 снежня 2023 года ВПС РФ упершыню з 21 верасня 2023 года нанеслі магутную хвалю ўдараў па Кіеве і цэнтральнай Украіне з выкарыстаннем парку цяжкіх бамбавікоў.
Гэтыя самалёты, хутчэй за ўсё Ту-95, запусцілі па меншай меры 16 крылатых ракет з паветранага базавання са сваёй звычайнай аперацыйнай зоны над Каспійскім морам.
Ракеты, хутчэй за ўсё, былі AS-23a KODIAK (абазначэнне NАТО для ракет Х-101, Х-102). Расія амаль напэўна назапашвала гэтыя ракеты для выкарыстання ў зімовай кампаніі, адзначылі брытанскія аналітыкі.
«Мабыць, гэта быў пачатак больш скаардынаванай расійскай кампаніі, накіраванай на знішчэнне энергетычнай інфраструктуры Украіны», — гаворыцца ў аглядзе.
Аднак, паводле першапачатковых звестак, большасць з гэтых ракет былі паспяхова перахопленыя ўкраінскай СПА, адзначаюць аналітыкі.
Нягледзячы на гібель аднаго мірнага жыхара, шкода ад нападу на гэты момант мінімальная, дадалі ў брытанскім міністэрстве абароны.
Расіяне зменшылі колькасць штурмаў
Расійскія войскі на Таўрыйскім кірунку скарацілі колькасць штурмаў і зноў пачалі выкарыстоўваць для нанясення ўдараў авіяцыю. Пра гэта паведаміў камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў УСУ «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі ў Telegram.
«Акупанты скарацілі колькасць штурмаў і зноў пачалі выкарыстоўваць для ўдараў авіяцыю. У цэлым на таўрыйскім кірунку праціўнік нанёс 6 авіяўдараў, вёў 33 баявых сутыкненні і здзейсніў 512 артылерыйскіх абстрэлаў. У зоне дзеянняў ЗРК «Таўрыя» ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць праціўніка, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны трывала трымаюць абарону, наносячы праціўніку значныя страты. Сілы абароны паспяхова адбілі 19 нападаў акупантаў на ўсход ад Новабахмутаўкі і ў раёнах Аўдзееўкі, Тоненка і Першамайскага».
УСУ пра сітуацыю на Поўдні: Расіяне акопваюцца і падцягваюць рэзервы
Расійскае войска на поўдні працягвае ўмацоўваць фартыфікацыйнае абсталяванне пазіцый. У прыватнасці, РФ набірае рэзервы і сочыць за дзеяннямі УСУ на правым беразе, адзначае прэс-служба аператыўнага камандавання УСУ «Поўдзень».
«У раёне адказнасці ПДР ПДВ праціўнік працягвае ўзмацняць фартыфікацыйнае абсталяванне пазіцый і падцягваць рэзервы. Адсочвае дзеянні ВПС на правым беразе і не спыняе нанясенне артылерыйскага агню, актыўна выкарыстоўвае беспілотнікі», — піша прэс-служба.
У аператыўным камандаванні дадаюць, што пакуль прыкмет фармавання наступальных груповак праціўніка не выяўлена.
Тым часам украінцы працягваюць утрымліваць пазіцыі на левым беразе Дняпра.
Якая сітуацыя на моры?
«У моры знаходзяцца 3 баявыя караблі флоту РФ, з іх 2 — у Чорным моры і 1 — у Азоўскім моры. Ракетаносцы разгорнуты ў месцах базавання», — адзначае ўкраінскае аператыўнае камандаванне.
Расійскія ўдары
Удзень 9 снежня расіяне нанеслі авіяўдар кіраванай ракетай Х-59 у напрамку Крывога Рогу. Супрацьпаветраная абарона знішчыла ракету ў паветры, але абломкі пашкодзілі будынак на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў. Мірныя жыхары не пацярпелі, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
Таксама за мінулыя суткі войска РФ нанесла 12 удараў па населеных пунктах Украіны, у тым ліку не менш за 7 — па Херсоне. У выніку абстрэлу пацярпелі тры чалавекі, таксама ёсць разбурэнні сярод шматпавярховых дамоў, адміністрацыйных будынкаў і прыватных дамоў.
«Працягваючы тэрарызаваць мірнае насельніцтва Правабярэжжа, праціўнік нанёс удары з 3 БПЛА і скінуў 8 аскепкавых боепрыпасаў з БПЛА розных мадыфікацый па населеных пунктах Залатая Балка, Берыслаў, Гаўрылаўка, Новаберыслаў. У выніку скіду праціўніка аскепкавымі боепрыпасамі, 1 мірны жыхар загінуў у горадзе Берыславе, яшчэ адзін атрымаў раненні, пашкоджаны прыватны дом», — піша ўкраінскае камандаванне.
Навіны вайны
Расіяне выкарыстоўваюць пустыя ракеты-прынады для знясілення ўкраінскай СПА, піша ISW са спасылкай на інфармацыю аднаго з расійскіх вайсковых блогераў. У суботу, 9 снежня, ён паведаміў аб выкарыстанні расійскімі войскамі крылатых ракет Х-55, вельмі падобных на мадэрнізаваны варыянт ракеты Х-101. Аналітыкі адзначаюць, што мэтай падмены ракет было «ўвядзенне ў зман і знясіленне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны».
Якая сітуацыя на фронце?
- Як пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ІВВ), украінскія вайскоўцы працягваюць весці наступальныя дзеянні на захадзе Запарожскай вобласці. У прыватнасці, салдаты паспяхова контратакавалі на захад ад Рабоціна.
- Паводле даных украінскага Генштаба, вайскоўцы УСУ на Мелітопальскім кірунку працягваюць актыўна наносіць страты праціўніку, а таксама вымотваць яго па ўсёй лініі фронту.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 10 снежня: асабовага складу — каля 338 820 (+700 за мінулыя суткі) чалавек
- За мінулыя суткі на фронце адбылося 60 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, сілы абароны Украіны адбілі 19 варожых нападаў на Аўдзееўскім кірунку (у раёнах на ўсход ад Навабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Тоненькага, Першамайскага Данецкай вобласці) і 14 нападаў — на Бахмуцкім (у раёнах Багданаўкі, Іванаўскага і Клешчаеўкі Данецкай вобласці).
- Акрамя таго, на Купянскім кірунку ўкраінскія сілы адбілі атакі праціўніка ў раёнах Сінькоўкі, Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскага Луганскай вобласці; на Ліманскім — у раёне Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці; на Мар'інскім — у раёнах Мар'інкі, Пабеды і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — у раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім — у раёнах Новапакроўкі і на захад ад Рабоціна Запарожскай вобласці. У той жа час Сілы абароны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, а на Херсонскім кірунку ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.