658-мы дзень вайны. Расія страціла пад 90% войска, якое ўварвалася ва Украіну ў 2022-м

На франтах Украіны — пазіцыйная вайна. Пры гэтым Расія, імаверна, робіць спробы наступу не з мэтай дамагчыся нейкіх перамог, а з мэтай пасіліць «стомленасць Захаду ад вайны». Але Захад адмаўляецца стамляцца. Не стамляецца і Украіна, нягледзячы на маштабны ракетны ўдар па Кіеве. 

12865233_hzt.jpg

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі працягваюць весці наступальныя дзеянні ў Данецкай вобласці. У прыватнасці, УСУ паднялі ўкраінскі сцяг над Горлаўскім тэрыконам.

Расійскія войскі праводзілі наступальныя аперацыі на левым беразе Херсонскай вобласці і дасягнулі поспеху. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 11 снежня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Крынак (30 км на паўночны ўсход ад Херсонскай вобласці і 2 км ад ракі Днепр).

12 снежня расійскія вайсковыя блогеры заявілі, што расійскія войскі адціснулі ўкраінскія сілы з пэўных пазіцый паблізу Крынак.

Камандуючы Таўрычаскай групоўкай войскаў УСУ брыгадны генерал Аляксандр Тарнаўскі заявіў, што расійскія войскі 10 снежня пачалі масіраваны наступ з ужываннем бронетэхнікі на Аўдзееўскім кірунку і працягнулі гэтыя штурмы пры падтрымцы авіяцыі.

Спікер украінскага падраздзялення, які працаваў на Аўдзееўскім кірунку, 12 снежня заявіў, што ўкраінскія сілы контратакавалі і адбілі расійскія сілы з пазіцый у Стэпавага.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 11 снежня, паказваюць, што расійскія войскі нібыта прасунуліся на паўночны захад ад Мар'інкі. Расійскія блогеры сцвярджалі, што войскі РФ прасунуліся ў Паўночнай Мар'інцы і блізу Наваміхайлаўкі, але адзначалі, што расійцы цалкам не кантралююць горад.

* * *

У ноч на 13 снежня расійцы атакавалі Украіну 10 беспілотнікамі «Shahed» і 10 балістычнымі ракетамі. Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ўсе варожыя мэты ўдалося збіць.

Амаль усе «Шахеды»збілі ў Адэскай вобласці — у зоне адказнасці паветранага камандавання «Поўдзень». Адзін са збітых дронаў упаў на тэрыторыю камунальнага аўтарамонтнага прадпрыемства ў Адэсе. Двое грамадзянскіх супрацоўнікаў атрымалі раненні.

Балістычнымі ракетамі быў атакаваны Кіеў. Зафіксавана каля дзясятка выпадкаў падзення абломкаў ракет з-за працы СПА. Па словах мэра Кіева Віталя Клічко, усяго ў выніку начной атакі пацярпелі 53 чалавекі. 20 з іх шпіталізавалі. 33 пацярпелым медыкі аказалі дапамогу на месцы. У прыватнасці, і 6 дзецям. Самаму старэйшаму пацярпеламу чалавеку — 80 гадоў, самаму малодшаму — 5.

У Дняпроўскай раёне Кіева, дзе зафіксавана пашкоджанне фасада шматкватэрнага дома і ўзгаранне на сёмым паверсе, была праведзена эвакуацыя жыхароў.

* * *

3054615.jpg

* * *

Рассакрэчаны даклад амерыканскай выведкі ацэньвае, што вайна ва Украіне каштавала Расіі 315 000 загінулых і параненых вайскоўцаў, або амаль 90% асабовага складу, які яна назапасіла перад пачаткам уварвання, паведаміла Reuters са спасылкай на крыніцу, знаёмую з данымі.

У дакладзе гаворыцца пра тое, што страты Масквы ў асабістым складзе і бронетэхніцы, нанесеныя ўкраінскімі вайскоўцамі, адкінулі расійскую вайсковую мадэрнізацыю на 18 гадоў назад.

Крыніца паведаміла, што Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года з удзелам 360 000 вайскоўцаў. З тых часоў, згодна з дакладам, 315 000 расійскіх вайскоўцаў, або каля 87% ад агульнай колькасці, з якой Расія пачала вайну, былі забітыя або параненыя.

«Маштаб страт прымусіў Расію прыняць надзвычайныя меры для падтрымання сваёй баяздольнасці. Расея абвясціла частковую мабілізацыю 300 000 вайскоўцаў у канцы 2022 года і змякчыла стандарты, каб дазволіць вярбоўку асуджаных і грамадзянскіх асоб сталага ўзросту», – гаворыцца ў ацэнцы.

Расійская армія пакінула на поле бою 1300 адзінак бронетэхнікі і вымушана ўзмацніць гэтыя сілы танкамі Т62, вырабленымі ў 1970-х гадах.

* * *

Паводле звестак ISW, у амерыканскай выведцы мяркуюць, што расійскія наступальныя аперацыі на ўсходзе Украіны восенню 2023 года і цягам будучай зімы накіраваныя не на дасягненне якіх-небудзь аператыўных мэтаў, а на паслабленне падтрымкі Украіны Захадам. Магчыма, расійскія войскі праводзяць дарагія наступальныя аперацыі ў неспрыяльны для наземных манеўраў час, каб прымеркаваць патэнцыйную змену ініцыятывы на поле бою да размоў на Захадзе аб працягу падтрымкі Украіны.

* * *

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Белым доме ў аўторак абвясціў, што падпісаў указ аб выдзяленні вайсковай дапамогі Украіне на 200 мільёнаў даляраў шляхам спісання маёмасці Міністэрства абароны для Украіны. Гэта азначае, што амерыканскія боепрыпасы прыйдуць ва Украіну хутка, сказаў Байдэн перад пачаткам двухбаковых перамоваў з Зяленскім.

* * *

Міністэрства фінансаў ЗША ў аўторак абвясціла пра санкцыі супраць больш як 150 фізічных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненне да ўхілення Расіі ад абмежаванняў і ўзмацнення яе ваенна-прамысловага комплексу. Санкцыі накіраваныя на спыненне дзейнасці фізічных, юрыдычных асоб і сетак у трэціх краінах, якія спрыяюць продажы ключавых тэхналогій, абсталявання і рэсурсаў для расійскай ваенна-прамысловай базы.

Пры гэтым пад абмежаванні трапілі дзясяткі кампаній у Турцыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Кітаі, Швейцарыі, Сінгапуры, Кыргызстане, Таджыкістане і на Мальдывах.