674-ты дзень вайны. Самы масіраваны ракетны абстрэл Украіны ад пачатку 2022 года
Галоўнае за апошні дзень вайны. Уладзімір Зяленскі напісаў у тэлеграм-канале, што Расія выпусціла па Украіне каля 110 ракет. Большую частку ўдалося збіць. 10 кастрычніка 2022 года выпусцілі 84 ракеты, 15 лістапада 2022 года — каля 100.
Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне
Ва ўсіх абласцях краіны абвешчаная паветраная трывога. Расійскія войскі ў ноч на 29 снежня нанеслі масіраваны ўдар па Украіне, выкарыстоўваючы беспілотнікі і крылатыя ракеты, паведамілі ў Паветраных сілах УСУ.
Спікер Паветраных сіл Юры Ігнат заявіў, што расійскія войскі падчас сённяшняга абстрэлу выкарыстоўвалі ўсе тыпы ракет, акрамя «Калібраў». «Акупанты выкарыстоўвалі „Кінжалы“, балістыку, С-300, крылатыя ракеты, БПЛА, Х-22 ці Х-32. Каля 18 стратэгічных бамбавікоў запускалі Х-101/Х-505», — цытуе УНІАН словы Ігната.
Ён таксама дадаў, што спачатку расійскія войскі правялі разведку з дапамогай ударных беспілотнікаў тыпу "Шахед", пасля чаго запусцілі ракеты розных тыпаў, якія кружылі, абыходзячы месцы, дзе іх могуць збіць, а потым ужо заходзілі на цэль.
«Столькі чырвонага на нашых маніторах вельмі даўно не было бачна. Ва ўсіх абласцях, на ўсіх напрамках», — дадаў спікер.
Міністэрства аховы здароўя Украіны паведаміла аб наступствах расійскага абстрэлу:
У Харкаве дзевяць чалавек атрымалі раненні, адзін загінуў. Выбухам пашкоджаны будынак медустановы, пачаўся пажар. Пацыенты і персанал бальніцы не пацярпелі. Таксама быў пашкоджаны аўтамабіль экстранай дапамогі.
У Дняпры пашкоджаны радзільны дом. Пацыенты і медперсанал не пацярпелі.
У Адэсе раненні атрымалі сем чалавек, у тым ліку адно дзіця. Яшчэ адзін чалавек загінуў.
У Запарожжы пацярпелі дзесяць чалавек, двое знаходзяцца ў цяжкім стане. Таксама паведамляецца, што ў выніку абстрэлу людзі аказаліся пад заваламі. Іншых падрабязнасцяў у ведамстве не паведамілі.
У Кіеве не менш як 23 чалавекі атрымалі раненні, яшчэ адзін быў забіты.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
За суткі адбыліся 53 баявыя сутыкненні.
Расійскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары і 86 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх сіл і населеных пунктах. Акрамя таго, расійскія войскі атакавалі Украіну беспілотнікамі — 18 з 22 БПЛА ўдалося збіць сілам СПА.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся каля 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
На Купянскім напрамку УСУ адбілі 12 нападаў у раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці.
На Бахмуцкім напрамку ўкраінскія вайскоўцы адбілі тры атакі ў раёнах Багданаўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.
Украінская авіяцыя нанесла ўдары па 17 раёнах засяроджання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі УС РФ, а таксама па двух зенітна-ракетных комплексах.
Падраздзяленні ўкраінскіх ракетных войскаў ударылі ў два раёны засяроджання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі УС РФ, 11 артылерыйскіх сродкаў, два пункты кіравання, дзве станцыі РЭБ, два зенітна-ракетных комплексы і шэсць складоў боепрыпасаў.