676-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Колькасць ахвяр абстрэлу расце. 1 студзеня ў Кіеве – дзень жалобы

Расце колькасць ахвяр расійскай атакі 29 снежня. У Дняпры колькасць загінулых павялічылася да 7 чалавек. 18 пацыентаў застаюцца ў шпіталях. У Кіеве ратавальнікі выцягнулі з-пад завалаў целы яшчэ двух чалавек, усяго на гэты час вядома пра 21 загінулага. 1 студзеня 2024 года ва ўкраінскай сталіцы абвешчана жалобным днём.

Харкаў, 31 снежня 2023 г.

Харкаў, 31 снежня 2023 г.

Увечары 30 снежня Расія нанесла ўдар шасцю Іскандэрам па Харкаве. У выніку абстрэлу пацярпелі 28 чалавек, з іх 12 – знаходзяцца ў бальніцы. Пацярпелыя ў сярэднім і лёгкім стане.

Пашкоджаны жылыя дамы, будынкі гасцініц, памяшканні аховы здароўя: абласная клінічная бальніца, абласная стаматалагічная паліклініка, дзве гарадскія бальніцы, транспарт.

Акрамя таго, акупанты ноччу атакавалі горад “шахедамі”. Пашкоджаны аддзяленні банка,"Інстытут метралогіі", жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, кафэ.

"Напярэдадні Новага года расейцы хочуць запалохаць наш горад, але мы не спалохаемся — мы непераможныя і нязломныя!" — сказаў мэр Харкава.

*****

У ноч на 31 снежня расейскія акупанты атакавалі ўдарнымі БпЛА тыпу "Shahed" з трох кірункаў: мыс Чауд, Крым, раён Прыморска-Ахтарская і Курская вобласць.

Усяго зафіксавана 49 расійскіх беспілотнікаў “Shahed-136/131”. Таксама вораг нанёс удар па горадзе Харкаў шасцю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300.

Большасць ударных дронаў Расія накіравала па пярэдняй лініі абароны, а таксама па грамадзянскіх, ваенных і інфраструктурных аб'ектах прыфрантавых тэрыторый, у прыватнасці на Харкаўшчыну, Херсоншчыну, Мікалаеўшчыну і Запарожжа.

У розных рэгіёнах Украіны падраздзяленнямі мабільных агнявых груп Сіл абароны, знішчальнай авіяцыяй і зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі паветраных сіл знішчаны 21 «шахед» ворага.

*****

Раніцай 31 снежня расейскае войска з артылерыі абстраляла Херсон.

Параненыя тры чалавекі. 52-гадовага мужчыну шпіталізавалі ў цяжкім стане. У яго выбухная і закрытая чэрапна-мазгавая траўмы, кантузія, асколачнае раненне грудной клеткі.

Раненні сярэдняй цяжкасці атрымалі 55-гадовы мужчына і 71-гадовая жанчына. Іх даставілі ў бальніцу.

Пашкоджаны магазін, жылыя дамы і аўтатранспарт.

Украінскія дроны ўразілі многія з намечаных мэтаў у Расіі — ISW

Украінскія крыніцы ў сферы бяспекі паведамілі заходнім і ўкраінскім СМІ, што ў ноч з 29 на 30 снежня ўкраінскія сілы запусцілі больш за 70 беспілотнікаў па расійскай ваеннай інфраструктуры і абаронна-прамысловым аб'ектах паблізу Масквы, Белгарада, Тулы, Цверы і Бранска.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што расейскія сілы перахапілі 32 украінскія беспілотнікі ў Бранскай, Арлоўскай, Курскай і Маскоўскай абласцях.

Аналітыкі адзначаюць, што разыходжанне паміж расейскімі і ўкраінскімі лічбамі можа сведчыць аб тым, што ўкраінскія сілы ўразілі многія з намечаных мэтаў.

Расія вывела Чарнаморскі флот з Крыма пасля страты 20 караблёў у выніку ўдараў УСУ


Расія была вымушаная вывесці караблі Чарнаморскага флоту з Крыма пасля страты 20 ваенных судоў у выніку ўдараў Узброеных Сіл Украіны, паведамляе Bloomberg. Расійскі флот базіраваўся на паўвостраве 240 гадоў.

"Ні адзін крымскі порт больш не бяспечны для расейскіх вайсковых караблёў", — сказаў агенцтву дырэктар Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій у Маскве Руслан Пухаў. З ягоных слоў, Украіна "фактычна выцесніла [расейскі] флот з Крыма".

Расейскі флот у Крыме аказаўся ўразлівым, нягледзячы на маштабныя выдаткі на ўмацаванне абароны паўвострава. У 2014 годзе кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу абяцаў укласці ў СПА і марскую пяхоту ў Крыме 86 млрд рублёў да 2020 года. Але гэта не змагло прадухіліць удары з боку Кіева.

З пачатку вайны Расея страціла прынамсі 20 вайсковых судоў, у тым ліку Падводныя лодкі і дэсантныя караблі, прыводзіць агенцтва звесткі нідэрландскага аналітычнага цэнтра Oryx. Апошняй буйной стратай стаў дэсантны карабель "Новачаркаск": ён быў уражаны крылатай ракетай у порце Феадосіі 26 снежня. Самай буйной стратай Расіі стаў флагманскі ракетны крэйсер "Масква", знішчаны з дапамогай украінскай ракеты "Няптун" у красавіку мінулага года, піша "Інсайдар".

*****

Украінцаў заклікаюць у навагоднюю ноч рэагаваць на сігналы паветранай трывогі і не запускаць  феерверкі.

"Трэба разумець, што вораг не будзе рабіць ніякіх патуранняў ні ваенным, ні грамадзянскім. Вы бачыце, як яны б'юць прама па цэнтры трохмільённага горада зенітнымі ракетамі. Ёсць у іх ракеты і вялікага радыусу дзеянняў... Таму перш за ўсё — берагчы сябе, рэагаваць на сігналы паветранай трывогі, ніякіх феерверкаў. У наш час займацца салютамі  гэта проста няправільна з любога пункту гледжання", — сказаў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.