683-ці дзень вайны: ракеты Taurus неўзабаве могуць з'явіцца ва ўкраінцаў
Самае неабходнае, што трэба ведаць сёння пра фронт.
Экс-прэзідэнт ФРГ Йоахім Гаўк выступае за пастаўкі Украіне ракет Taurus
Нерашучасць нямецкага ўрада вядзе не толькі да зніжэння шанцаў Украіны, але і да ўзмацнення пагрозы для свабоднага свету, заявіў ён у інтэрв'ю газеце Bild am Sonntag, раскрытыкаваўшы, у прыватнасці, канцлера Олафа Шольца.
Адказваючы на пытанне аб пастаўцы нямецкіх крылатых ракет Taurus, запытаных Украінай, Гаўк сказаў: "Я не разбіраюся ў ваеннай справе, але я размаўляў з людзьмі, якія валодаюць неабходнымі ваеннымі ведамі. І пасля гэтых размоў я больш не магу зразумець, чаму мы вагаемся з пастаўкай гэтай зброі і іншых боепрыпасаў".
Taurus — адны з самых сучасных высокадакладных ракет бундэсвера з далёкасцю дзеяння 500 кіламетраў. Лічыцца, што яны ідэальна падыходзяць для разбурэння бункераў і мастоў.
Расійскія войскі атакавалі Украіну беспілотнікамі
Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ўначы 7 студзеня расійскія войскі атакавалі Украіну беспілотнікамі тыпу «Шахед» і трыма ракетамі С-300. Украінскія сілы СПА збілі 21 дрон з 28.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае:
- За мінулыя суткі адбылося 45 баявых сутыкненняў;
- Расійскія войскі нанеслі дзевяць ракетных удараў і 84 авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейснілі 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх сіл і населеных пунктах;
- Пад артылерыйскім агнём апынуліся больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей;
- УСУ адбілі тры атакі расійскіх войскаў на Купянскім напрамку, дзве атакі — на Бахмуцкім напрамку, дзевяць атак — на Мар'інскім напрамку, пяць атак — на Запарожскім напрамку;
- На Аўдзееўскім напрамку ўкраінскія войскі працягваюць стрымліваць войска РФ, якое не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку;
- Авіяцыя УСУ нанесла ўдары па 19 раёнах засяроджання асабовага складу УС РФ. Падраздзяленні ракетных войскаў паразілі чатыры раёны засяроджання асабовага складу, два пункты кіравання, тры артылерыйскія сродкі, радыёлакацыйную станцыю СПА і чатыры сродкі СПА расійскай арміі.