684-ты дзень вайны: Расія не можа прасунуцца на фронце і бамбіць украінскія гарады

Раніцай пасля Раства Расія падвергла Украіну маштабнаму ракетнаму ўдару з выкарыстаннем балістычных і крылатых ракет. Вынікі гэтай атакі пакуль невядомыя. Аднак гэта аніяк не дапамагае Расіі ў баявых дзеяннях на фронце: за апошнія суткі зрухаў там не зафіксавана ні ў адзін, ні ў другі бок.

Украінскія ратавальнікі. Фота з rbc.ua

Украінскія ратавальнікі. Фота з rbc.ua

За мінулыя суткі адбылося 35 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 студзеня. Большая частка з іх адбылася на Аўдзееўскім напрамку — там украінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 6 атак праціўніка паблізу Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі і яшчэ 15 атак непадалёк Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

На Херсонскім напрамку ўкраінскія ваяры ў далейшым працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма на левым беразе Дняпра. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 3 беспаспяховыя штурмавыя дзеянні на пазіцыі сіл абароны.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ва Украіне працягваюцца пазіцыйныя баявыя дзеянні на лініі Купянск-Сватава-Крэменная, але пацверджаных змяненняў лініі фронту на гэтым участку не было.

7 студзеня расійскія і ўкраінскія войскі працягнулі баявыя дзеянні паблізу Бахмута, аднак пацверджаных змяненняў лініі фронту на гэтым участку не было. Таксама пазіцыйныя баі працягваліся на паўночны захад ад Аўдзееўкі.

На 7 студзеня ўкраінскія войскі працягвалі ўтрымліваць пазіцыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, лінія фронту не змянілася. Пазіцыйныя баі працягваліся пад Крынкамі.

«Ваенкор» з РФ адзначыў, што ўкраінскія войскі актыўна праходзяць расейскія наземныя лініі сувязі (GLOC) на Херсонскім напрамку.

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў 7 студзеня, што Расія як мінімум другі раз перанесла тэрміны стварэння новых Маскоўскай і Ленінградскай вайсковых акругаў праз недахоп узбраення, асабовага складу і бюракратычных праблем.

* * *

414492064_718232673823147_2787707809044151181_n.jpg

* * *

Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, ужыўшы 8 ударных БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Усе дроны былі знішчаны СПА Украіны. Абломкі аднаго з збітых БПЛА ўпалі на адкрытай тэрыторыі Адэскага раёна, выклікаўшы пажар. Агонь быў аператыўна патушаны. Разбурэнняў і пацярпелых няма.

Раніцай 8 студзеня паветраныя сілы УСУ паведамілі пра ракетную пагрозу, а затым пацвердзілі пускі ракет з раёна акваторыі Каспійскага мора. Пазней паветраныя сілы УСУ паведамілі аб узлёце некалькіх МіГаў — 31К з аэрадрома Саваслейка Ніжагародскай вобласці і 11 стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС.

Раніцай з'явілася інфармацыя аб выбухах у Дняпры, Запарожжы, Харкаве, Хмяльніцкім і ў Крывым Рогу. У Львоўскай вобласці зафіксавалі каля 10 крылатых ракет. На момант падрыхтоўкі матэрыялу інфармацыі аб колькасці збітых ракет, ахвярах і разбурэннях няшмат: ва Украіне працягвалася паветраная трывога.

Вядома, што ў Харкаве былі атакаваныя прамысловыя аб'екты. На адным з іх у выніку варожага ўдару ўзнік пажар, пацярпела жанчына. У горадзе Зміеў Чугуевского раёна зафіксавана трапленне ў прыватны дом. Медыкі аказваюць дапамогу двум пацярпелым, паводле папярэдніх звестак, пад заваламі знаходзяцца яшчэ два чалавекі.

У Запарожжы раніцай 8 студзеня прагучала не менш за 5 выбухаў падчас ракетнай атакі, ёсць трапленні ў жылых раёнах, мінімум два чалавекі пацярпелі.

* * *

Паводле звестак, перададзеных ад украінскага падполля, па стане на студзень 2024 года Расія засяродзіла на акупаваных тэрыторыях каля 35 тысяч расгвардзейцаў. Палову з іх складаюць рэгулярныя фарміраванні, якія па структуры размеркаваны ў брыгаду, 5 батальённа-тактычных груп і 44 тактычныя групы.

Партызаны выявілі, што расійскія акупацыйныя ўлады на ратацыйнай аснове завозяць на тэрыторыю Украіны больш за 100 зводных падраздзяленняў, сфармаваных з супрацоўнікаў АМАП і спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР). На ўзбраенні ў гэтых падраздзяленняў, акрамя службовых аўтамабіляў і ББМ, ёсць танкі, артылерыйскія сістэмы, а таксама верталёты.

Паводле інфармацыі партызан, гэтыя падраздзяленні прыцягваліся для аховы «выбарчых участкаў» на акупаваных тэрыторыях падчас псеўдарэферэндуму ў верасні 2022 і псеўдавыбараў у верасні 2023 гадоў. «Расгвардыя будзе асноўным інструментам ціску на грамадзянскае насельніцтва падчас падрыхтоўкі да выбараў прэзідэнта Расіі, запланаваных на сакавік 2024 года», — мяркуюць у Цэнтры нацыянальнага супраціву Украіны.

* * *

Калі кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін палічыць сваё ўварванне ва Украіну паспяховым, ён накіруе войскі далей у Еўропу. Пра гэта ў нядзелю, 7 студзеня, у інтэрв'ю CNN заявіў былы кіраўнік Цэнтральнага выведупраўлення ЗША Дэвід Петрэус.

Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты Амерыкі павінны дапамагчы Украіне выстаяць у вайне з ворагам і вылучыць для гэтага неабходныя сродкі, іншую ваенную дапамогу.

«Для дапамогі Украіне трэба шмат мільярдаў, аднак такія выдаткі абсалютна неабходныя, паколькі яны дазволяць прадухіліць перамогу Пуціна і непазбежны ў гэтым выпадку перанос ім вайны далей у Еўропу», — сказаў Петрэус.

«Калі Пуцін палічыць, што дасягнуў істотных для яго вынікаў ва Украіне, ён не спыніцца. Наступнай у яго прыцэле будзе Малдова, або, магчыма, адна з краін Балтыі», — лічыць Петрэус.