695-ты дзень поўнамаштабнай вайны. У Клінцах Бранскай вобласці палала нафтабаза

Пажар пачаўся пасля паспяховага «знішчэння ўкраінскага БПЛА ў небе над Бранскай вобласцю» ў выніку «сходу боепрыпасу пры прадухіленні атакі».

photo_2024_01_19_11_03_53.jpg

Ноччу ж украінскія БПЛА атакавалі Тамбоўскі парахавы завод у горадзе Катоўск. Беспілотнік разбіўся на тэрыторыі прадпрыемства. Падрабязнасцей пакуль няма. Прадпрыемства з'яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў пораху для ўсіх відаў зброі і артылерыйскіх сістэм Сухапутных войскаў, ВМФ і ВКС Расіі. Па асобных марках пораху — адзіны ў Расіі. Украіна таксама пацвердзіла, што ўчора на піцерскую нафтабазу прыляцеў дрон украінскай вытворчасці.

*****

Генштаб УСУ паведамляе, што за мінулыя суткі адбылося 127 баявых сутыкненняў. Усяго Расія нанесла 2 ракетныя і 81 авіяцыйны ўдар, здзейсніла 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя і шматкватэрныя жылыя дамы, іншая грамадзянская інфраструктура.

Авіяцыйным ударам падвергліся: Ваўчанск, Мікалаеўка, Галубоўка, Іванаўка, Кіслаўка, Табаеўка Харкаўскай вобласці; Серабранскае лясніцтва, Белагораўка Луганскай вобласці; Багданаўка, Аўдзееўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка, Вадзяное Данецкай вобласці; Рабоціна, Арэхаў Запарожскай вобласці.

Пад артылерыйскім агнём апынуліся больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

*****

У той жа час украінскія воіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту.

За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла ўдары па 5 раёнах засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка.

Падраздзяленнямі ракетных войскаў нанесена паражэнне па 1 раёне засяроджвання асабовага складу і 2 пунктах кіравання праціўніка.

Па даных Генштаба, страты РФ за мінулыя суткі склалі:

  • 920 акупантаў;
  • 20 танкаў;
  • 35 бронемашын;
  • 19 артылерыйскіх сістэм;
  • 1 СПА і 4 БПЛА;
  • 37 транспартных сродкаў;
  • 4 адзінкі спецтэхнікі.

*****

У ГУР паведамілі аб паспяховай кібератацы на расійскае будаўнічае прадпрыемства.

У ведамстве адзначылі, што прадпрыемства выконвае ўсе дзяржаўныя падрады для Мінабароны РФ.

Аперацыю правялі кіберваланцёры Арганізацыі Blackjack, пракраўшыся ў базу звестак кампаніі і атрымаўшы 1,2 тэрабайта звестак, уключаючы тэхнічную дакументацыю на больш чым 500 аб'ектаў Мінабароны РФ.

Крытычна важную інфармацыю аб расійскіх вайсковых аб'ектах, якія ўжо завершаны, знаходзяцца на этапе будаўніцтва/рэканструкцыі або будаўніцтва якіх плануецца, перадалі сілам бяспекі і абароны Украіны.

Акрамя гэтага, усе названыя даныя былі выдалены з сервераў прадпрыемства, што на нейкі час паралізуе будаўніцтва новых аб'ектаў.

*****

Рускія ўпершыню выкарысталі супраць Украіны рэдкую 4-тонную супрацькарабельную ракету П-35.

Гэтая ракета была пастаўлена на ўзбраенне ў 1962 годзе, мае далёкасць палёту 350 км, хуткасць 2000 км/г і масу боегалоўкі 1000 кг. Яе выкарыстанне магло ажыццяўляцца з берагавога ракетнага комплексу «Рэдут» або падземнага «Аб'ект-100». Паведамляецца, што П-35 была перахоплена сродкамі СПА.

photo_2024_01_19_14_38_44.jpg

*****

Расія, верагодна, плануе на лета новы буйнамаштабны наступ па ўсёй лініі фронту, і, магчыма, пад Кіевам, піша «Financial Times».

photo_2024_01_19_14_36_12.jpg

Мэтай будзе поўны захоп Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей. Хоць сёлета няма «перспектывы аператыўнага прарыву». У сувязі з гэтым Украіна пераходзіць да стратэгіі «актыўнай абароны» —утрыманне пазіцый з пошукам слабых месцаў і далёкімі паветранымі ўдарамі. Гэта павінна дазволіць Украіне «нарасціць свае сілы» сёлета і падрыхтавацца да 2025 года, «калі контрнаступленне мела б больш шанцаў».