698-мы дзень вайны. Украінская выведка: няма ніякіх доказаў смерці Прыгожына

Украінскія войскі вядуць цяжкія пазіцыйныя баі на большасці напрамках фронту. Расія коштам вялікіх стратаў нязначна прасоўваецца наперад, але збольшага лінія фронту застаецца без асаблівых зрухаў. Аналітыкі засяродзіліся на пытаннях «вакол вайны». 

v88gc.png

Расійскія войскі працягваюць ціснуць па ўсёй лініі фронту, больш за ўсё атак Сілы абароны Украіны адбілі на Аўдзееўскім кірунку. Усяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 68 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ па стане на раніцу 22 студзеня.

На Аўдзееўскім напрамку сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць расійскія войскі, якія не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. За мінулыя суткі сілы абароны адбілі 5 атак акупантаў у раёнах Навабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 12 атак на поўдзень ад Паўночнага, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

На Купянскім, Бахмуцкім і Запарожскім напрамках украінскія абаронцы адбілі па 7 атак. На Ліманскім і Мар'інскім — па 5 атак.

На Херсонскім напрамку Сілы абароны ўтрымліваюць плацдарм на левым беразе Дняпра. За мінулыя суткі расіяне здзейснілі 6 беспаспяховых штурмаў пазіцый украінскіх войскаў.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі вядуць цяжкія пазіцыйныя баі на большасці напрамках. Расія рыхтуецца ўзмацніць актыўнасць на Аўдзееўскім напрамку, і імкнецца сканцэнтраваць у гэтым раёне больш за 40 тысяч вайскоўцаў.

На геалакацыйных кадрах, апублікаваных 21 студзеня, відаць, што расійскія войскі прасунуліся ў раёне рэстарана «Уарскае паляванне» ўздоўж вуліцы Саборнай і ўздоўж паласы дрэў на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі.

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што расійскія войскі прасоўваліся па вуліцах Коласава і Лерментава, але ISW не мае візуальнага пацвярджэння гэтага нібыта прасоўвання.

* * *

У ноч на 22 студзеня расійскія войскі атакавалі Украіну васьмю ўдарнымі БПЛА тыпу «Шахед» з раёна Прыморска-Ахтарск (РФ). Усе восем БПЛА знішчылі зенітныя ракетныя падраздзяленні і мабільныя агнявыя групы паветраных сіл і іншых складнікаў Сіл абароны Украіны.

Беспілотнікі збілі ў межах Мікалаеўскай, Херсонскай, Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцей.

* * *

417423572_726264986353249_7364997305653304764_n.jpg

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацаніў удар БПЛА па аб'ектах у Ленінградскай вобласці. Ваенныя аналітыкі са спасылкай на крыніцу паведамляюць, што расійская супрацьпаветраная абарона ў Ленінградскай вобласці, верагодна, не была гатовая абараняцца ад удараў з поўдня. Расія гістарычна стварала сваю СПА ў гэтым раёне для абароны ад гіпатэтычных нападаў NATO з паўночнага захаду і захаду, мяркуюць эксперты.

Украінскія ўдары ў Ленінградскай вобласці могуць прымусіць расійскія сілы пераразмяркоўваць сістэмы супрацьпаветранай абароны малой далёкасці ўздоўж чаканых маршрутаў палёту ўкраінскіх беспілотнікаў, каб абараніць патэнцыйныя мэты стратэгічнага значэння.

Расійскія войскі, якія выкарыстоўваюць сістэмы СПА малога радыусу дзеяння, такія як «Панцыр», могуць быць не ў стане ахапіць усе важныя патэнцыйныя мэты ў Ленінградскай вобласці без прыцягнення дадатковых сістэм у гэты раён, а працяг украінскіх удараў у глыбокіх тылах Расіі можа ўзмацніць ціск на расійскую СПА ў цэлым.

* * *

Таксама ISW адзначае, што Расійская Федэрацыя спрабуе выкарыстоўваць непрызнанае Прыднястроўе з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове і рыхтуе інфармацыйную глебу для апраўдання расійскай эскалацыі ў рэгіёне.

Як адзначаецца ў справаздачы, у канцы мінулага года ўлады Малдовы абвінавацілі расійскіх міратворцаў у Прыднястроўі ў шматлікіх парушэннях, у прыватнасці неналежным выкарыстанні беспілотнікаў падчас вучэнняў. Чальцы малдаўскай дэлегацыі ў Аб'яднанай кантрольнай камісіі (АКК) арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) падчас пасяджэння 18 студзеня запатрабавалі ад Камісіі правесці расследаванне ў дачыненні да расійскіх міратворцаў праз выкарыстанне стралковай зброі, беспілотнікаў і імітацыйнай зброі падчас вучэнняў, якія нібыта мелі на мэце адлюстраваць дыверсійную атаку на міратворчую заставу ў малдаўскай зоне бяспекі 22 снежня 2023 года.

Афіцыйны Кішынёў заявіў, што прысутнасць і выкарыстанне расійскімі міратворчымі сіламі гэтай зброі ў зоне бяспекі парушае пратаколы АКК і што расійскія міратворчыя сілы не раскрылі належным чынам некаторыя з гэтых узбраенняў і беспілотнікаў, якія ўваходзяць у іх арсенал.

У той жа час вядомы пракрамлёўскі расійскі блогер 21 студзеня заявіў, што ўлады Малдовы ўзмацняюць ціск на самаабвешчаную Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, заклікаючы да вываду расійскіх міратворцаў і аказваючы эканамічны ціск на квазіўтварэнне.

Вайсковы блогер сцвярджаў, што гэты ціск падтрымлівае «сілавую рэінтэграцыю» Прыднястроўя ў склад Малдовы і што Расія павінна рыхтавацца да далейшай эскалацыі.

«Заявы звязанага з Крамлём расійскага “ваенкара” ... верагодна, з'яўляюцца часткай інфармацыйнай аперацыі, накіраванай на дэстабілізацыю Малдовы, якая мяжуе з чальцом NATO Румыніяй і апраўданне любой будучай расійскай эскалацыі ў рэгіёне», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

Ваенныя аналітыкі лічаць, што запланаваны візіт Уладзіміра Пуціна ў Паўночную Карэю «ў бліжэйшы час» і паглыбленне расійска-паўночнакарэйскіх адносін з'яўляецца часткай спробаў Расіі закупляць боепрыпасы з-за мяжы.

ISW прыводзіць словы начальніка ГУР Украіны Кірыла Буданава, які ў інтэрв'ю 21 студзеня заявіў, што Паўночная Карэя дала «значную колькасць артылерыйскіх боепрыпасаў», што дазволіла Расіі «трохі выдыхнуць». Буданаў выказаў здагадку, што расійскія сілы без боепрыпасаў, нададзеных Паўночнай Карэяй, хутчэй за ўсё адчувалі б значную недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў.

Намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі заявіў, што з верасня па лістапад 2023 года Паўночная Карэя паставіла ў Расію адзін мільён артылерыйскіх боепрыпасаў, а расійскі абаронна-прамысловы комплекс можа вырабіць усяго два мільёны 122-мм і 152-мм снарадаў штогод, што прывяло да дэфіцыту 500 тысяч снарадаў у 2023 годзе і, верагодна, прывядзе да падобнага дэфіцыту ў 2024 годзе.

* * *

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што няма ніякіх доказаў смерці кіраўніка расійскай ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю Financial Times.

Ён паказаў, што вайсковая кампанія «Вагнер» і надалей вярбуе наймітаў і невядома ці дакладна мёртвы кіраўнік групоўкі Прыгожын. «Адносна Прыгожына, я б не спяшаўся з высновамі. Я не кажу, што ён не мёртвы ці што ён мёртвы. Я кажу, што няма ніводнага доказу таго, што ён мёртвы», — сказаў Буданаў.