705-ты дзень вайны. Украіна змагаецца, а свет разважае пра далейшую агрэсію Расіі
Расійскія войскі павольна, з вялікімі стратамі, але прасоўваюцца наперад. Украінскія абаронцы контратакуюць і адкідваюць гэтае прасоўванне назад. Агулам сітуацыя знаходзіцца ў стадыі «пазіцыйных баёў». У той жа час эксперты разважаюць, хто будзе наступнай мэтай ваеннай агрэсіі Расіі.
Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 студзеня паведамляе, што за мінулыя суткі адбылося 74 баявыя сутыкненні. Расійскія войскі нанеслі па Украіне 7 ракетных і 10 авіяцыйных удараў.
На аўдзееўскім напрамку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб атачыць Аўдзееўку. Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 21 варожую атаку каля Ачарэціна, Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 5 атак паблізу Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.
На мар’інскім напрамку ўкраінскія ваяры працягваюць стрымліваць праціўніка недалёка ад Георгіеўкі, Перамогі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіты 22 атакі.
На херсонскім напрамку Сілы абароны Украіны працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, расійцы не пакідаюць спроб выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі расіяне здзейснілі 8 беспаспяховых штурмавых дзеянняў.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі, верагодна, захапілі Табаеўку Харкаўскай вобласці. Расійскія блогеры сцвярджаць, што падраздзяленні расійскай арміі знаходзяцца ў гэтым населеным пункце (на паўднёвы ўсход ад Купянска), а таксама захапілі важныя вышыні ў гэтым раёне пасля захопу Крахмальнага (на паўднёвы ўсход ад Табаеўкі).
Таксама расійскія войскі прасунуліся на полі на ўсход ад Ямполеўкі (на захад ад Крамянной), гэта паказвае відэа з геалакацыяй, апублікаванае 28 студзеня.
Расійскія войскі пацвердзілі прасоўванне ў раёне Аўдзееўкі на фоне пазіцыйных баёў у гэтым раёне 28 студзеня. Відэа з геалакацыяй, апублікаванае 28 студзеня, паказвае, што расійцы прасунуліся на поўнач ад Стэпавага (на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і на паўднёвы ўсход ад Першамайскага (на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі).
Украінскі вайсковец, які праходзіць службу на аўдзееўскім напрамку, заявіў, што ўкраінскія войскі выціснулі расійскія войскі з рэстарацыі «Царскае паляванне» на паўднёвай ускраіне Аўдзееўкі і што расійскія войскі ўвесь час мяняюць сваю тактыку на аўдзееўскім напрамку.
Паведамляецца, што 28 студзеня ўкраінскія войскі прасунуліся ў заходняй частцы Запарожскай вобласці на фоне працяглых пазіцыйных баёў у гэтым раёне.
На астатніх участках фронту працягваюцца пазіцыйныя баі, але пацверджаных прасоўванняў не было.
* * *
Расійскія войскі ў ноч з 28 на 29 студзеня атакавалі тэрыторыю Украіны васьмю дронамі-камікадзэ тыпу «Шахед». Сілы СПА знішчылі ўсе варожыя паветраныя цэлі, паведаміла кіраўніца прэс-цэнтра аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.
Раніцай 29 студзеня расійскія войскі пачалі абстрэл Херсона з часова акупаванага левага берага Дняпра. Кіраўнік Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі Раман Мрочка заклікаў усіх жыхароў знаходзіцца ў сховішчах.
Супрацьпаветраная абарона РФ нібыта знішчыла беспілотнік над Бранскай вобласцю, паведаміла Мінабароны РФ.
Беспілотнік самалётнага тыпу атакаваў нафтаперапрацоўчы завод «Слаўнафта-ЯНАС» у расійскім Яраслаўлі, паведамляе тэлеграм-канал 112. Паводле паведамлення, БПЛА ўпаў каля ўстаноўкі гідракрэкінгу. Папярэдне ніхто не пацярпеў. Месца здарэння ачэплена, чакаецца прыбыццё групы размініравання.
* * *
* * *
У справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW) гаворыцца, што Крэмль спрабуе стварыць умовы для дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове, імаверна, з мэтай прадухілення інтэграцыі Малдовы ў ЕС.
Аналітыкі адзначаюць, што Расія ў хуткім часе можа вылучыць прэтэнзіі супраць Малдовы, якія будуць звязаны нібыта з нежаданнем знаходзіць агульную мову з Прыднястроўем. Эксперты ISW патлумачылі, што Крэмль такім чынам, хутчэй за ўсё, стварае інфармацыйныя ўмовы для апраўдання будучай расійскай агрэсіі ў Малдове і гатовы для гэтага выкарыстоўваць падставу абароны сваіх «суайчыннікаў за мяжой» і «рускага міру» — канцэпцыі, заснаванай на расплывістых вызначэннях этнічных рускіх у розных краінах.
Расія можа паспрабаваць апраўдаць сваю агрэсію або намаганні ў дэстабілізацыі ў Малдове, сцвярджаючы, што жыхары Прыднястроўя знаходзяцца ў небяспецы праз меркаваную адмову Малдовы ад працэсу прыднястроўскага ўрэгулявання.
* * *
«The Times» са спасылкай на высокапастаўленых генералаў піша, што NATO давядзецца падрыхтавацца да ўдараў Расіі па аб'ектах ва ўсёй Еўропе, у тым ліку ў Германіі, калі Крэмль пачне вайну супраць Альянсу.
У інтэрв'ю «The Times» генерал-лейтэнант Аляксандр Солфранк, камандуючы ваенным лагістычным цэнтрам NATO ў Германіі, заклікаў саюзнікаў спрасціць бюракратычныя працэдуры, якія абцяжарваюць перасоўванне войскаў і тэхнікі, а таксама выкарыстанне краінамі ваеннай тэхнікі адна адной і рыштунку ў перыяд крызісу.
«Калі мы параўнаем вайну і аперацыі дзесяцігадовай ці пяцігадовай даўнасці, то зразумеем і павінны прызнаць, што і за тылавыя раёны будзе весціся жорсткая барацьба. Мы павінны меркаваць, што агрэсар будзе выкарыстоўваць увесь спектр кінетычнай і некінетычнай сілы для таго, каб разбурыць лініі сувязі, у тым ліку і ў тыле», — кажа Солфранк.
Лідары NATO мяркуюць, што ў Альянсу ёсць абмежаваны час, каб прыняць захады для ўмацавання сваёй абароны. Яны спадзяюцца ўзгадніць увядзенне сістэмы «вайсковага Шэнгена», якая дазволіць вайсковым канвоям свабодна перамяшчацца па тэрыторыі краін NATO, да саміту Альянсу ў Вашынгтоне ў ліпені.