747-мы дзень вайны. Расійская прапаганда перашкаджае Расіі ў вайне
Расійскія навабранцы, якія прыбываюць на фронт, лічаць, што войскі РФ лёгка перамагаюць УСУ. З такім настроем, забяспечаным расійскай прапагандай, яны ідуць у бой і, адпаведна, масава гінуць. А Украіна нарошчвае абарончыя лініі на фронце. Сабралі самае галоўнае з франтоў ва Украіне на раніцу 11 сакавіка.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 64 баявыя сутыкненні. На Новапаўлаўскім кірунку адбітыя 25 атак расійскіх войскаў, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы ў панядзелак, 11 сакавіка.
На Аўдзееўскім кірунку абаронцамі адбіта 17 атак ворага ў раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Арлоўка, Тоненькае, Першамайскае і Невельскае Данецкай вобласці.
На Ліманскім кірунку ўкраінскімі ваярамі адбітыя 8 атак праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці; Церны, Ямпалёўка, Спрэчнае і Разладаўка Данецкай вобласці.
На Бахмуцкім кірунку сіламі абароны адбітыя пяць нападаў расійскіх войскаў у раёнах Кляшчэеўкі, Андрэеўкі і на ўсход ад Часава Яра Данецкай вобласці.
* * *
Ноччу 11 сакавіка паветраныя сілы Украіны паведамілі пра атаку варожых ударных БПЛА на Адэскую вобласць. Сілы СПА збілі 10 «Шахедаў», аднак ёсць трапленні, у прыватнасці ў Адэскім раёне ўражаны інфраструктурны аб'ект.
Гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ўначы 11 сакавіка расійцы атакавалі горад «Шахедамі» і трапілі ў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры ў горадзе. Абышлося без ахвяр.
Агулам расійскія войскі запусцілі для чарговай атакі 25 беспілотнікаў. 15 ударных БПЛА былі збітыя СПА.
* * *
* * *
Па даных расійскіх СМІ, галоўнакамандуючы ваенна-марскім флотам (ВМФ) Расіі адмірал Мікалай Яўменаў адпраўлены ў адстаўку. Часова выконваючым абавязкі галоўнакамандуючага прызначаны камандуючы Паўночным флотам Аляксандр Майсееў.
Мікалай Яўменаў займаў пасаду галоўнакамандуючага ВМФ Расіі з мая 2019 года. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Яўменаў трапіў пад санкцыі ЗША, Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і іншых краін.
* * *
Выведка Вялікабрытаніі адзначае, што сілы абароны Украіны пачалі паскорана ўзводзіць абаронныя пазіцыі на некалькіх участках фронту.
Украінскія абаронныя пазіцыі ўключаюць у сябе супрацьтанкавыя «зубы дракона» і равы, пяхотныя акопы, мінныя палі і апорныя пункты, гаворыцца ў аглядзе брытанскага Мінабароны за 10 сакавіка.
У выведцы падкрэслілі, што пашырэнне абаронных ліній знізіць здольнасць расійскіх акупацыйных войскаў прасоўвацца наперад або выкарыстоўваць тактычныя перавагі ў рамках бягучых наступальных аперацый.
«Стварэнне асноўных абаронных пазіцый сведчыць аб знясільваючым характары канфлікту і азначае, што любая спроба правесці аперацыю па прарыве з высокай верагоднасцю будзе суправаджацца вялікімі стратамі», — гаворыцца ў аглядзе.
* * *
Міжнародныя медыя заяўляюць аб знішчэнні дзвюх пускавых установак Patriot недалёка ад Пакроўска Данецкай вобласці. Forbes піша, што гэта першы выпадак за два гады шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, калі расійцам удалося выявіць і знішчыць устаноўкі Patriot. Forbes нагадвае, што ўкраінскія Patriot знішчылі за апошні месяц блізу дзясятка знішчальнікаў-бамбавікоў РФ, прытупіўшы перавагу Расіі ў паветры.
Журналіст Bild Юльян Рэпке піша, што пускавыя ўстаноўкі былі на 10 метраў адна ад адной, і яны «былі прыпаркаваныя дастаткова доўга, каб Расія выпусціла па іх балістычную ракету».
Між тым Інстытут вывучэння вайны пакуль не пацвярджае знішчэнне ўкраінскіх Patriot, паколькі расійцы дэманстравалі кадры знішчэння грузавікоў MAN KAT1, якія могуць перавозіць як устаноўкі Patriot, так і выкарыстоўвацца ў лагістыцы.
* * *
Прадстаўнік Таўрычнай групоўкі ўкраінскіх войскаў капітан Дзмітрый Ліхавій паведаміў 10 сакавіка, што расійскія войскі нанеслі ўдар па Мірнаградзе Данецкай вобласці трыма ўніверсальнымі міжвідавымі планёрнымі боепрыпасамі (UMPB D-30 SN), якія, паводле папярэдняй ацэнкі ўкраінскай пракуратуры, былі ракетамі С-300.
Ліхавій заявіў, што ўдасканаленыя кіраваныя авіябомбы UMPB D-30SN, па сутнасці, з'яўляюцца ўдасканаленай версіяй некіраваных авіябомбаў FAB савецкіх часоў.
Блогеры сцвярджалі, што расійскія войскі могуць запускаць кіраваныя планерныя бомбы UMPB з самалётаў і наземных рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), такіх як «Тарнада-С» і «Смерч».
У сувязі з гэтым спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW) выказалі здагадку, што расійцы будуць спрабаваць запусціць серыйную вытворчасць удасканаленых кіраваных авіябомб, каб пашырыць іх выкарыстанне па ўсёй лініі фронту ва Украіне.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша пра шкоду прапаганды для расійскіх войскаў. Расійскія войскі працягваюць сутыкацца з некаторымі праблемамі новапрыбылага асабістага складу і магчымасцямі беспілотнікаў на Аўдзееўскім кірунку.
ISW спасылаецца на расійскага вайсковага блогера, які сцвярджае, што істотная колькасць новапрыбылых расійскіх вайскоўцаў-кантрактнікаў маюць нерэалістычна аптымістычныя перадузятасці датычна баявых дзеянняў ва Украіне і прыбываюць на ўсход Украіны з поўнай упэўненасцю ў тым, што расійскія войскі лёгка перамагаюць у баі.
Па словах блогера, многія з новапрыбылых не хочуць вучыцца ваяваць, паколькі пад уплывам прапаганды вераць, што Паветрана-касмічныя сілы Расійскай Федэрацыі забяспечаць паветраную падтрымку і што адпраўленыя на вайну зняволеныя з расійскіх турмаў перамогуць Узброеныя Сілы Украіны.
Акрамя таго, расійскі блогер адзначыў, што баевікі «ДНР» аддаюць перавагу мясцовым беспілотнікам з відам ад першай асобы (FPV), а не вырабленым і закупленым расійскай валанцёрскай групай «Судаплатаў», бо дроны «Судаплатава» працуюць на вядомых украінскім вайсковым частотах.
«Блогер сцвярджае, што аператары БПЛА Цэнтральнай вайсковай акругі вывелі са строю ўсе свае беспілотнікі «Судаплатаў» пасля таго, як адзін з расійскіх дронаў выйшаў са строю і апавясціў украінскія войскі аб неабходнасці актывацыі сістэм радыёэлектроннай барацьбы падчас баёў за Аўдзееўскую прамзону», — гаворыцца ў справаздачы ISW.