755-ты дзень вайны. «Еўропа зможа вырабляць неабходную колькасць боепрыпасаў для Украіны»
Еўропа зможа вырабляць неабходную колькасць боепрыпасаў і для сябе, і для Украіны, заявіў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел. Паводле яго слоў, саюзнікі разгортваюць вытворчыя магутнасці і шукаюць боепрыпасы для Украіны ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў.
У бліжэйшы час еўрапейскія кампаніі змогуць вырабляць неабходную колькасць боепрыпасаў і для сябе, і для Украіны. Пра гэта заявіў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел. Паводле яго слоў, партнёры разгортваюць вытворчыя магутнасці, а паралельна шукаюць боепрыпасы «ўсюды, дзе могуць».
«Вытворчасць неабходнай колькасці снарадаў патрабуе часу. Гэта патрабуе павелічэння магутнасцяў нашай вытворчасці. Але Украіна мае патрэбу ў снарадах цяпер. Мы не можам чакаць еўрапейскія кампаніі, таму мы спрабуем знайсці боепрыпасы ўсюды, дзе можам. Даставіць іх ва Украіну так хутка, наколькі гэта магчыма. Але паралельна павялічваем уласныя магутнасці», — адзначыў Павел.
«У найбліжэйшай будучыні еўрапейскія кампаніі змогуць вырабляць неабходную колькасць боепрыпасаў, каб папоўніць запасы еўрапейскіх краін, а таксама каб забяспечыць Украіну боепрыпасамі, калі яна яшчэ ў іх будзе мець патрэбу», — дадаў чэшскі лідар.
Раней паведамлялася, што на працягу некалькіх месяцаў Чэхія таемна шукала за межамі ЕС боепрыпасы для Украіны і ў рэшце рэшт змагла знайсці 500 тысяч снарадаў калібра 155 мм і 300 тысяч снарадаў калібра 122 мм. Каб прафінансаваць куплю такой значнай колькасці зброі, была створаная нефармальная кааліцыя, да якой далучыліся ўжо некалькі краін Еўропы і Канада.
За мінулыя суткі, 18 сакавіка, на фронце паміж акупацыйнымі войскамі Расіі і Сіламі абароны Украіны адбылося 61 боесутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішнім звароце.
Акупанты захоўваюць сваю прысутнасць на Северскім і Слабажанскім напрамках у прыгранічных раёнах. Адзначаецца, што войскі РФ праводзяць дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на іншыя напрамкі, нарошчваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.
На Купянскім кірунку расійцы здзейснілі тры беспаспяховыя штурмы пазіцый УСУ ў раёне населенага пункта Сінькоўка Харкаўскай вобласці. На Ліманскім напрамку ўкраінскімі абаронцамі адбіта чатыры атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Церны Данецкай вобласці, дзе акупанты спрабавалі прарваць абарону.
На Бахмуцкім напрамку ўкраінскія вайскоўцы адбілі сем нападаў у раёнах населеных пунктаў Іванаўскае, Кляшчыеўка, Андрэеўка Данецкай вобласці. Яшчэ дзевяць нападаў адбітыя на Аўдзееўскім кірунку, у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Арлоўка, Тоненькае, Невельскае Данецкай вобласці.
«На Навапаўлаўскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Наваміхайлаўка, Вадзяное, Ураджайнае Данецкай вобласці, дзе вораг, пры падтрымцы авіяцыі, 25 разоў спрабаваў прарваць абарону нашых войскаў. На Арэхаўскім кірунку вораг дзевяць разоў атакаваў пазіцыі нашых абаронцаў у раёнах населеных пунктаў Старамайорскае Данецкай вобласці і Рабоціна Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў зводцы Генштаба.
Акрамя таго, расійцы працягваюць праводзіць штурмы ўкраінскага плацдарма на левым беразе Херсонскай вобласці. Паведамляецца, што на працягу сутак здзейсненыя тры такія штурмы.
У Запарожскай вобласці на фронце сітуацыя нязначна змянілася. Нядаўна расійскія захопнікі змаглі трохі прасунуцца наперад на тэрыторыі заходняй часткі рэгіёну, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на кадры з геалакацыяй, якія былі апублікаваныя ў нядзелю, 17 сакавіка. «Кадры паказваюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на ўсход ад Лугаўскага (на паўночны ўсход ад Рабоціна)», — адзначылі эксперты.
Паводле звестак аналітыкаў, ёсць інфармацыя, што 18 чысла расійцы змаглі прасунуцца пад Аўдзееўкай (Данецкая вобласць), аднак няма доказаў, якія маглі б пацвердзіць, што лінія фронту сапраўды змянілася.
Украінскі бок паведамляў, што акупанты спрабуюць рухацца наперад на шэрагу кірункаў і атрымліваюць годны адпор ад УСУ. 18 сакавіка аналітыкі DeepState падзяліліся, што ў Запарожскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні, у прыватнасці, каля вёскі Рабоціна.
Эксперты дадалі, што акупантам удалося прасунуцца наперад у раёне двух населеных пунктаў — Арлоўка і Вербавае.
Сілы абароны Украіны працягваюць утрымліваць плацдарм у раёне населенага пункта Крынкі на левым беразе Херсонскай вобласці.
«Праца ворага вельмі насычаная і на правым беразе, і на левым. На левым вораг спрабуе выбіваць нашы падраздзяленні, але працягвае эканоміць бронетэхніку. Тыя штурмы, якія яны правялі за мінулыя суткі, прынеслі ім страты да 70% складу штурмавых груп», — сказала ў эфіры тэлемарафона кіраўнік Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк.
Паводле яе слоў, расійцы працягваюць наносіць удары і па правым беразе Херсонскай вобласці, дзе ад гэтага пакутуе грамадзянскае насельніцтва.
«Сітуацыя застаецца досыць напружанай, таму што вораг не спыняе абстрэлаў. Зразумела, што яны выкарыстоўваюць як артылерыйскі ціск, так і выкарыстанне дронаў тыпу FPV, «Ланцэт», іншых мадыфікацый са скідамі», — адзначыла Гумянюк.
Яна дадала, што шмат расійскіх дронаў украінскія вайскоўцы «садзяць» дзякуючы сродкам РЭБ. І заклікала грамадзянскіх, якія знаходзяць падобныя боепрыпасы, ні ў якім разе не чапаць іх, а выклікаць спецыяльныя службы.
У расійскім Белгарадзе падчас абстрэлу атрымаў пашкоджанні цэх прадпрыемства «Энергамаш». Пра гэта паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы.
У сеціве ўжо апублікавалі фатаграфіі і відэа, на якіх можна ўбачыць мноства абломкаў унутры цэха, а таксама пашкоджаную тэхніку. Аўтар аднаго з ролікаў кажа, што трапіла ў цэх аўтасваркі. Паведамляецца, што ніхто не пацярпеў.
Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў напісаў, што сістэма супрацьпаветранай абароны збіла на падлёце да горада восем паветраных цэляў.
«У Белгарадзе ў выніку падзення абломкаў пашкоджаныя дахі
на тэрыторыі двух прамысловых памяшканняў і выбітыя вокны ў адным з будынкаў
установы аховы здароўя. Таксама пашкоджаны легкавы аўтамабіль», — напісаў чыноўнік у «Тэлеграме».