762-гі дзень вайны. УСУ атакавалі карабель, які РФ яшчэ ў 2014 годзе скрала ва Украіны
Ракетай «Нептун» уражаны карабель «Канстанцін Альшанскі», які раней расійцы скралі ва Украіны. Цяпер гэты карабель небаяздольны.
Спікер Ваенна-марскіх сіл УСУ Дзмітрый Пляцянчук адзначыў, што акрамя двух вялікіх дэсантных караблёў — «Ямал» і «Азоў» і разведвальнага карабля «Іван Хурс», пра падбіццё якіх паведамлялася раней, уражаны і карабель «Канстанцін Альшанскі», які расійцы скралі ва Украіны.
«Дэтэктыўная гісторыя разгарнулася вакол вялікага дэсантнага карабля «Канстанцін Альшанскі» — гэта ўкраінскі карабель, які ў 2014 годзе быў захоплены расійскімі акупантамі», — сказаў Пляцянчук у эфіры FREEOM.
Паводле яго слоў, гэта было ў Крыме і гэты карабель дзевяць гадоў стаяў у Севастопальскай бухце і яго разбіралі на запчасткі, банальна рабавалі.
«А на дзясяты год вайны яны зразумелі, што ў іх сканчаюцца вялікія дэсантныя караблі, і было прынятае рашэнне яго аднавіць», — распавёў Пляцянчук.
Паводле яго слоў, на працягу года расійцы правялі аднаўленчыя работы. Пры гэтым хацелі здзейсніць падробку, каб адрапартаваць маскоўскаму кіраўніцтву, што нібыта аднавілі са «сваіх» вялікіх дэсантных караблёў, якія пашкодзіла Украіна.
Пры гэтым украінскі карабель Расія хацела выкарыстаць супраць Украіны, таму УСУ была прынятая пастанова аб паражэнні карабля «Нептунам». Пляцянчук сказаў, што ўдакладняецца ступень пашкоджанняў карабля, але ён дакладна цяпер не баяздольны.
За мінулыя суткі на фронце паміж украінскімі абаронцамі і расійскімі акупантамі адбылося 57 баявых сутыкненняў. Паводле даных Генштаба УСУ, на Херсонскім кірунку армія РФ спрабуе выбіць ўкраінскія падраздзяленні з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра, але на працягу сутак праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў.
На Купянск кірунку УСУ адбілі адну атаку ў раёне населенага пункта Іванаўка, што на Харкаўшчыну.
На Ліманскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі 15 нападаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка, што на Луганшчыне, Церны, Ямпалоўка, Раздолаўка і Северскае Данецкай вобласці.
На Бахмуцкім напрамку ўкраінскія вайскоўцы адбілі чатыры атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Кляшчыеўка ў Данецкай вобласці.
На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі чатыры варожыя атакі ў раёнах населеных пунктаў Бердзічы і Першамайскае Данецкай вобласці.
«На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёне населенага пункта Новаміхайлаўка, дзе вораг 22 разы спрабаваў прарваць абарону нашых войскаў. На Арэхаўскім кірунку вораг чатыры разы атакаваў пазіцыі нашых абаронцаў у раёнах Старамайорскага Данецкай вобласці; на паўднёвы захад ад Белагор'я і на паўночны захад ад Вербавай Запарожскай вобласці», — адзначылі ў паведамленні.
Сёння ноччу расійская СПА ў Белгарадзе адбівала зваротны ўдар УСУ, якія адказалі на ўдары па Харкаве. Паводле заявы губернатара Белгародскай вобласці Вячаслава Гладкова, збітыя 13 «паветраных цэляў», таксама параненыя два чалавекі. Пры гэтым чыноўнік не ўдакладніў, якія гэта былі цэлі — дроны або ракеты.
Белгарадскі губернатар удакладніў, што цэлі былі збітыя на падлёце да горада. У пасёлку Дубовае параненыя двое мужчын і пашкоджаныя 20 дамоў і адна гаспадарчая пабудова.
Пры гэтым Мінабароны РФ сцвярджала, што над Белгародскай вобласцью былі збітыя ракеты з сістэмы залпавага агню Vampir.
Украінская армія ў апошнія месяцы б'е па Белгарадзе і вобласці і дронамі і ракетамі.
У Адэсе пасля ўдару, які войска РФ нанесла энэргетычным аб'ектам, на маршруты выйшла палова гарадскога электратранспарту. Як паведамілі ў мэрыі горада, пасля ўчорашняга вымушанага прастою ў аўторак трамваі і тралейбусы пачалі працаваць.
«Сёння электратранспарт выйшаў на лінію ў колькасці 50 працэнтаў рухомага саставу. Інтэрвал чакання на прыпынках павялічыцца, таму плануйце свае паездкі загадзя», — гаворыцца ў паведамленні.
«Дзякуючы сумесным намаганням энергетыкаў атрымалася стабілізаваць сітуацыю ў энергасістэме Адэскай вобласці. Адэса і Адэскі раён вяртаюцца да графіка стабілізацыйных адключэнняў. Колькасць гадзін са святлом залежыць ад аб'ёму энергаспажывання», — распавялі энергетыкі.
У ноч на 25 сакавіка РФ атакавала поўдзень з самалёта тактычнай авіяцыі — з акваторыі Чорнага мора, спрабуючы пашкодзіць працы СПА, расійскія тэрарысты выпусцілі па Адэскай вобласці супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31П, затым атакавалі некалькімі хвалямі дронаў тыпу «Shahed-131/136» з акваторыі Чорнага мора. У Мікалаеўскай вобласці вораг трапіў па энергетычным аб'екце, успыхнуў пажар. Таксама ў выніку падзення збітага «Шахеда» ў прыватным сектары Мікалаева адбылося разбурэнне двухпавярховага жылога дома. Раненні атрымалі больш за 10 чалавек.
У Адэскай вобласці абломкі збітага дрона пашкодзілі энергетычны аб'ект і выклікалі на ім пажар. У горадзе не працаваў электратранспарт. Пасля стала вядома, што ў Адэсе ўжываюць экстранныя адключэнні святла.
Расійскія акупанты не кантралююць населены пункт Іванаўскае на захад ад Бахмута Данецкай вобласці. Штурмы Багданоўскага працягваюцца. Раней пра поспехі ў гэтых населеных пунктах паведамілі пракрамлёўскія рэсурсы.
«Акупанты працягваюць штурмаваць у напрамку населенага пункта Багданаўскае. Крытычнага поспеху не маюць. Што тычыцца Іванаўскага, то праціўнік спрабуе выраўноўваць лінію фронту ў напрамку Часовага Яра», — распавёў камандзір батальёна ўдарных БПЛА «Ахілес» 92-й асобнай штурмавой брыгады Юрый Федарэнка.
Паводле яго слоў, яшчэ месяц таму акупанты мелі тактычны поспех і занялі пярэднія вуліцы Іванаўскага, але да гэтага часу яны не ўстанавілі кантроль над населеным пунктам. Ён удакладніў, што за апошнія два тыдні сілы абароны не аддалі праціўніку ніводнай пазіцыі, а акупанты кантралююць толькі частку Іваноўскага
«У напрамку Іванаўскага
працягваюцца цяжкія і знясільваючыя баі. Палова Іванаўскага
цяпер знаходзіцца пад кантролем сіл абароны, іншая частка населенага пункта
захопленая акупантамі», — патлумачыў Федарэнка.