768-мы дзень вайны: Расійскія войскі могуць пачаць маштабны наступ ва Украіне напрыканцы вясны

Пакуль ва Украіне ідзе змаганне з расійскай агрэсіяй, свет працягвае адсочваць ваенны патэнцыял РФ. Па меркаваннях экспертаў, не вельмі багата. Але ў той жа час Расія працягвае ствараць інфармацыйныя ўмовы для апраўдання магчымай эскалацыі супраць краін NATO у будучыні.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі адбылося 53 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб УСУ раніцай 1 красавіка. Самыя напружаныя баі ідуць на Новапаўлаўскім кірунку.

На Бахмуцкім кірунку сілы абароны адбілі 8 атак у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці; Верхнекаменскае, Іванаўскае, Кляшчэеўка, Андрэеўка Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі спрабавалі палепшыць тактычнае становішча.

На Аўдзееўскім кірунку абаронцы адбілі 13 атак у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Сямёнаўка, Уманскае, Першамайскае і Невельскае Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі спрабавалі выбіць украінскія падраздзяленні з займаных рубяжоў.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць расійцаў у раёнах населеных пунктаў Георгіеўка, Новаміхайлаўка і на ўсход ад Вадзянога Данецкай вобласці, дзе акупанты пры падтрымцы авіяцыі 22 разы спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.

* * *

Між тым, Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся наперад каля Крэменной на фоне працяглых пазіцыйных баёў уздоўж лініі Купянск-Сватава-Крэменная 31 сакавіка.

Камандзір украінскага батальёна беспілотных лятальных апаратаў, які дзейнічае на Бахмуцкім кірунку, заявіў, што расійскія войскі канцэнтруюць свае атакі ў кірунку Часавага Яру, бо населены пункт знаходзіцца на пануючай вышыні.

Нядаўна расійскія войскі нязначна прасунуліся наперад у раёне Аўдзееўкі на фоне пазіцыйных баёў у гэтым раёне 31 сакавіка.

Расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся да на захад ад Аўдзееўкі і да на паўднёвы захад ад Новаміхайлаўкі (Данецкая вобласць).

* * *

Украінскія войскі паблізу Тоненькага Данецкай вобласці 30 сакавіка, як мяркуецца, адбілі механізаваную атаку расійскіх акупантаў колькасцю ў батальён. Гэта можа сведчыць, што назапашаны расійцамі на гэтым напрамку аператыўны рэзерв не здольны забяспечыць прасоўванне ў бліжэйшы час, піша ISW.

Інстытут спасылаецца на паведамленне ўкраінскага вайскоўца, згодна з якім 30 сакавіка расійскія войскі, у тым ліку падраздзяленні 6-га танкавага палка (90-я танкавая дывізія Цэнтральнай вайсковай акругі), кінулі 36 танкаў і 12 БМП у механізаваны штурм каля Тоненькага. Геалакацыйныя выявы за 31 сакавіка, якія ёсць у распараджэнні Інстытута, паказваюць вялікую колькасць знішчанай і пашкоджанай расійскай бронетэхнікі і танкаў уздоўж дарогі на паўночны захад ад Тоненькага (на захад ад Аўдзееўкі).

Па даных ISW, гэта першая механізаваная атака колькасцю ў батальён з моманту пачатку акупантамі кампаніі па захопу Аўдзееўкі ў канцы кастрычніка 2023 года. Таксама гэта першае паведамленне аб удзеле падраздзяленняў 90-й танкавай дывізіі ў штурмах пасля захопу Расіяй Аўдзееўкі. Паводле ацэнак Інстытута, элементы 90-й танкавай дывізіі разам з іншымі расійскімі часткамі і злучэннямі, верагодна, уяўляюць значны незадзейнічаны аператыўны рэзерв, які расійскае камандаванне можа кінуць у наступ на захад ад Аўдзееўкі.

Няўдача атакі 30 сакавіка каля Тоненькага, на думку экспертаў, сведчыць, што элементы названага рэзерву могуць быць занадта дэградаванымі або з іншых прычын няздольнымі ўзначаліць далейшае прасоўванне Расіі на захад цягам кароткага тэрміну.


419006752_766695395643541_8174189616613564824_n.jpg

* * *

Расійскія войскі ў канцы вясны ці ў пачатку лета могуць пачаць маштабны наступ на Данецкім кірунку, адзначаецца ў тым жа дакладзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Камандаванне РФ можа засяродзіць сваю наступальную аперацыю на захадзе Данецкай вобласці, спадзеючыся выкарыстоўваць устойлівае, але нязначнае прасоўванне расійскіх войскаў у гэтым сектары. Пры гэтым украінскія ўлады нядаўна папярэдзілі, што акупанты назапашваюць асабісты склад уздоўж Харкаўска-Луганскага кірунку, пад Бахмутам, каля Аўдзееўкі і на захадзе Запарожскай вобласці.

Аналітыкі ISW лічаць, што расійскія войскі, верагодна, змогуць пачаць узгодненую шырокамаштабную наступальную аперацыю толькі на адным аператыўным кірунку з-за абмежаванасці ўласных чалавечых рэсурсаў і планавання.

* * *

Крэмль працягвае ствараць інфармацыйныя ўмовы для апраўдання магчымай эскалацыі РФ супраць краін NATO у будучыні, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW).

31 сакавіка, у МЗС РФ зрабілі заяву аб тым, што тэракт у «Крокус Сіці Хол» 22 сакавіка нібыта мае «ўкраінскі след» і запатрабавалі ад Украіны арышту і выдачы «ўсіх датычных», у тым ліку кіраўніка СБУ Васіля Малюка. Служба бяспекі Украіны назвала гэтую заяву нікчэмнай.

Таксама 31 сакавіка генпракурор РФ Ігар Красноў заявіў, што Расія насуперак міжнароднаму праву будзе працягваць адстойваць сваё права ўжываць законы РФ да службовых асоб NATO і постсавецкіх дзяржаў за іх дзеянні, учыненыя на тэрыторыі ўласных краін, дзе ў расійскіх судоў няма юрысдыкцыі, а такім чынам пераслед з'яўляецца «нерэалістычным».

Раней МУС РФ абвясціла ў вышук некалькіх чыноўнікаў з краін-чальцоў NATO паводле абвінавачвання ў парушэнні імі розных расійскіх законаў ва ўласных краінах.

ISW лічыць, што спробы Крамля прымяніць свае федэральныя законы ў дачыненні да афіцыйных асоб NATO за дзеянні ў іх уласных краінах фактычна адмаўляюць суверэнітэт гэтых дзяржаў і з'яўляюцца часткай намаганняў Расіі па стварэнні інфармацыйных умоў для апраўдання магчымай эскалацыі супраць краін NATO у будучыні.

* * *

Расійскія акупанты ўдарылі кіраванымі авіябомбамі па Харкаве позна ўвечары 31 сакавіка, у выніку чаго пашкоджаныя адукацыйная ўстанова, інтэрнат і жылы дом, а таксама гарэлі аўтобусы, грузавік і легкавое аўто. Пацярпелых няма.