790-ты дзень вайны. Украіне усё цяжэй адбівацца ад акупантаў — вельмі патрэбная зброя ЗША

У суботу Палата прадстаўнікоў ЗША ўрэшце ўхваліла выдзяленне Украіне вялікага пакета дапамогі, але ўзбраенні пакуль не дайшлі да фронту. Украінскія вайскоўцы працягваюць супрацьстаяць расійскай агрэсіі, рабіць гэта пры недахопе зброі ўсё цяжэй.

Калаж unian.net

Калаж unian.net

Увечары 22 красавіка расійцы нанеслі чарговы ўдар па Харкаву, ракета трапіла ў тэлевежу, якая абвалілася. На гэты ўдар адрэагаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён адзначыў, што гэты ўдар — «відавочнае запалохванне, каб тэрор быў прыкметны ўсім у горадзе і каб паспрабаваць абмежаваць Харкаў у сувязі і доступе да інфармацыі».

Паводле інфармацыі ад офіса пракурора Украіны, удар па тэлевежы РФ нанеслі ракетай Х-59. Пачата дасудовае расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны.

Спікер паветраных сіл УСУ Ілля Еўлаш (на здымкуу эфіры інфармацыйнага тэлемарафона пракаментаваў удар РФ па целе вежы 22 красавіка: «Я не думаю, што так выпадкова магло здарыцца. Ударылі па вежы, яшчэ і ў самую сярэдзіну. Хутчэй за ўсё, вораг меў на мэце перабіць сувязь, каб распаўсюдзіць сігнал сваёй расійскай прапаганды і абмежаваць вяшчанне ўкраінскай дзяржавы».


Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі адбылося 86 баявых сутыкненняў паміж расійскімі акупацыйнымі войскамі і сіламі абароны Украіны, паведамляе Генштаб УСУ.

Адзначаецца, што акупанты за гэты час нанеслі 6 ракетных, 77 авіяцыйных і каля 100 удараў з РСЗА па пазіцыях украінскіх абаронцаў і населеных пунктах.

Так, на Северскім і Слабажанскім напрамках расійцы працягваюць захоўваць ваенную прысутнасць для таго, каб не дапусціць перакідання ўкраінскіх войскаў у іншыя рэгіёны.

У раёне Купянска акупанты не праводзілі штурмавых дзеянняў. Затое на Ліманскім кірунку за мінулыя суткі РФ 19 разоў спрабавала прарваць пазіцыі Сіл абароны Украіны.

Яшчэ 16 атак паспяхова адбіта на Бахмуцкім напрамку недалёка ад населеных пунктаў Залатарэўка, Спірное, Выемка, Часаў Яр, Іванаўскае, Кляшчыеўка, Андрэеўка Данецкай вобласці.

На Аўдзееўскім кірунку акупанты атакавалі 19 разоў у раёнах населеных пунктаў Навабахмутаўка, Сямёнаўка, Уманскае, Керамік, Бердзічы, Першамайскае, Ачарэціна, Новакалінава, Яснабрадаўка і Нетайлава Данецкай вобласці.

Яшчэ 20 нападаў прыйшліся на Навапаўлаўскі кірунак, дзе ўкраінскія абаронцы працягваюць трымаць пазіцыі непадалёк ад Георгіеўкі, Наваміхайлаўкі, Вадзянога, Нікольскага і Ураджайнага.

На Арэхаўскім кірунку акупанты змаглі правесці тры штурмы ў раёне Старамайорскага Данецкай вобласці і Рабоціна пад Запарожжам.

Акрамя таго, расійскія войскі не пакідаюць спробаў выбіць УСУ з плацдарма на левабярэжжы Херсоншчыны. За мінулыя суткі там было зафіксавана сем нападаў — усе марныя.

Украінская авіяцыя за мінулыя суткі ўдарыла па двух зенітна-ракетных комплексах і 16 раёнах засяроджвання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі РФ. А ракетныя войскі падбілі адзін пункт кіравання, два сродкі СПА і адзін раён засяроджвання асабовага складу расійскіх акупантаў.


Фота УСУ

Фота УСУ

Расійскія акупанты плануюць шырокае пранікненне ўглыб украінскіх пазіцый на паўночны захад ад Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці. Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), захопнікі засяродзілі групоўку памерам з дывізію на лініі Бердзічы — Новакалінава на паўночны захад ад Аўдзееўкі.

На думку экспертаў, пранікненне ўглыб пазіцый УСУ накіраваны на дасягненне адміністрацыйнай мяжы Данецкай вобласці праз выхад на горад Пакроўск.

«Расійскія наступальныя аперацыі ў гэтых раёнах на поўнач і паўночны захад ад Аўдзееўкі атрымалі поспех у стварэнні трох невялікіх выступаў уздоўж лініі фронту даўжынёй каля сямі кіламетраў, але кожны з гэтых трох выступаў у цяперашні час з'яўляецца занадта вузкім ізалявана, каб служыць значнымі стартавымі кропкамі для далейшых дзеянняў. Склад сіл, шчыльнасць і агульная геаметрыя поля бою ў гэтым раёне сведчаць аб тым, што расійскія войскі цяпер спадзяюцца аб'яднаць націск з усіх трох выступаў для стварэння больш шырокага прарыву ўздоўж лініі Бердзічы — Новакалінава» — дадалі ў ISW.

Аднак пры гэтым РФ не мае дастатковага часу на падрыхтоўку, паколькі арсенал УСУ ў бліжэйшы час папоўніць ваенная дапамога краін Еўропы і ЗША. У прыватнасці, першыя пастаўкі артылерыйскіх боепрыпасаў па ініцыятыве Чэхіі, прыбудуць ва Украіну да канца траўня — пачатку чэрвеня.

«Здольнасць выраўнаваць суадносіны артылерыйскіх абстрэлаў з сіламі агрэсара на полі бою, будзе мець вырашальнае значэнне для здольнасці сіл абароны пазбавіць расійскія войскі ініцыятывы і запаволіць тэмпы іх прасоўвання на Аўдзееўскім кірунку», — гаворыцца ў справаздачы.

У той жа час расійскія войскі таксама інтэнсіфікуюць тэмпы прасоўвання на тактычным узроўні ў іншых раёнах тэатра баявых дзеянняў, — а менавіта на Ліманскім кірунку і на захад і паўднёвы захад ад Данецка, з мэтай хутчэйшага замацавання на акупаваных тэрыторыях. Гэта сведчыць аб тым, што расійскае ваеннае камандаванне ўсведамляе, што пасля прыбыцця заходняй дапамогі, «акно» наступальных магчымасцяў зачыніцца.

Згодна з прагнозам аналітыкаў, на працягу наступных тыдняў войскі РФ працягнуць атрымліваць тактычныя перамогі ўздоўж лініі Бердзічы — Навакалінава і іншых раёнах тэатра баявых дзеянняў у чаканні прыбыцця заходняй дапамогі.

«Акно абмежаваных украінскіх рэсурсаў, якое цяпер зачыняецца, хутчэй за ўсё, не дазволіць расійскім войскам ператварыць тактычныя поспехі ў аператыўна значныя перамогі, хоць некаторыя з іх і магчымыя. Атрыманне Украінай заходняй дапамогі дазволіць УСУ вытрымаць будучыя наступальныя аперацыі, да якіх рыхтуюцца войскі РФ», — падсумавалі ў справаздачы эксперты Інстытута вывучэння вайны.


Фота з тэлеграм-канала Генадзя Труханава

Фота з тэлеграм-канала Генадзя Труханава

Расійскія акупацыйныя войскі ў ноч на 23 красавіка атакавалі жылы сектар Адэсы дронамі. «У выніку варожай атакі ў жылым сектары Адэсы пашкоджаныя дамы гараджан, адбылося ўзгаранне. Экстранныя службы працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Папярэдне вядома пра сем пацярпелых», — паведамляюць Сілы абароны Поўдня.

Як дадаў мэр Генадзь Труханаў, пацярпела па меншай меры 14 кватэр. На месцы працавалі ДСНС, муніцыпальная варта і іншыя экстранныя службы.

«Ужо вядома пра сем пацярпелых. Папярэдне без загінулых. Пересыпская раённая адміністрацыя разгортвае на месцы аператыўны штаб для рассялення і аказання дапамогі пацярпелым адэсітам. Паводле ўдакладненых звестак выратаваныя 34 чалавекі, з іх трое дзяцей», — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер апублікаваў удакладненую інфармацыю — у выніку начной дронавай атакі па горадзе пацярпелі 9 чалавек. З іх чацвёра — дзеці 12 і 9 гадоў і двое малых, якім няма і года.

«Тры дарослых шпіталізаваныя ў медустановы горада, яны ў стане сярэдняй ступені цяжкасці, яшчэ двое адмовіліся ад шпіталізацыі, атрымаўшы ўсю неабходную дапамогу на месцы. Чацвёра дзяцей таксама ў стане сярэдняй ступені цяжкасці ў бальніцы. Медыкі аказваюць пацярпелым усю неабходную дапамогу», — запэўніў Кіпер.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Расійскія акупанты працягваюць прасоўвацца ў Ачарэціна Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе DeepState. Адзначаецца, што згодна з наяўнымі кадрамі, вораг «заняў цэнтральную частку пасёлка і большую яго частку».

«Баі працягваюцца на ўскраінах. Пад пытаннем застаецца толькі раён Гідрабудаўнікоў у паўночна-ўсходняй частцы населенага пункта», — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што «сітуацыя ў Ачарэціна пагаршаецца».

Раней акупанты заявілі, што нібыта цалкам захапілі Наваміхайлаўку Данецкай вобласці. Аднак у УСУ заяву захопнікаў абверглі.

Камандзір 79 асобнай дэсантна-штурмавой Таўрычаскай брыгады Яўген Шматалюк адзначыў, што расійцы занялі толькі частку населенага пункта. Каля 15-20% Наваміхайлаўкі кантралююць украінскія абаронцы.

Між тым расійцы не спыняюць штурмаў Часавага Яру. Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войск «Хорціца» Назар Валошын распавёў, што сітуацыя там складаная, але сілы абароны кантралююць абстаноўку. Ён адзначыў, што расійскай арміі ў горадзе няма.