Апошняе з Украіны. У выніку контрнаступу УСУ лінія фронту на поўдні прасунулася на 12 кіламетраў

Украінскія вайскоўцы вызвалілі больш за 500 квадратных кіламетраў акупаваных тэрыторый. Пра гэта распавёў генерал-маёр Узброеных Сіл Украіны Дзмітрый Марчанка. 

1663049506_2751.jpg

Паводле яго слоў, дзякуючы ўдаламу планаванню аператыўнага камандавання «Поўдзень», украінскія вайскоўцы вызвалілі 13 населеных пунктаў акупаванага поўдня.

«Дзякуючы сучаснай тэхніцы, якую нам прадастаўляюць міжнародныя партнёры, артылерыйскімі ўдарамі УСУ былі знішчаны масты, 150 камандных пунктаў РФ, каля 70 баз, дзе захоўваюцца боепрыпасы», — распавёў Марчанка.

Расійцы тым часам абстралялі Нікапаль касетнымі боепрыпасамі.

Мясцовых заклікалі быць асцярожнымі. Інфармацыі аб пацярпелых няма.

Расійскія войскі, верагодна, пакінулі перадавыя пазіцыі ў Кісялёўцы — у 15 км ад Херсона.

На спадарожнікавых здымках аналітыкі Інстытута вывучэння вайны заўважылі, што амаль увесь транспарт расійцаў пакінуў сяло. Акупанты, хутчэй за ўсё, адышлі да Дняпра.

Кісялёўка — важны пункт для УС РФ каля Херсона, паколькі з'яўляецца апошнім буйным населеным пунктам як на шашы E58, так і на чыгуначнай лініі паміж Чарнабаеўкай і самай аддаленай часткай Херсона.

Вывад войскаў адтуль ставіць пад пагрозу здольнасць Расіі абараняць паўночна-заходнія ўскраіны Херсона.

У Херсоне ва ўласнай кватэры падарвалі калабарантку.

Самаабвешчаная «рэктар» Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Таміліна знаходзіцца ў рэанімацыі.

Паведамляецца, што яе целаахоўнік забіты.

У Харкаўскай вобласці УСУ ўзялі ў палон значную колькасць расійскіх афіцэраў.

Усяго ВСУ ўзялі ў палон у апошнія дні тысячы расійскіх салдат, сярод іх — высокапастаўленыя афіцэры.

Адзначаецца, што расійская абарона развалілася, жаўнеры проста збеглі. А УСУ вярталі некаторыя населеныя пункты пад свой кантроль без адзінага стрэлу.

Паводле unian.net.