Апошняе з Украіны. УСУ працягваюць контрнаступ, расійцы абстрэльваюць гарады
Сабралі галоўнае, што адбылося ўчора позна ўвечары і ноччу на вайне ва Украіне.
У эфіры канала «Фейгін live» дарадца Офіса ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч пацвердзіў вызваленне некалькіх населеных пунктаў.
Ён таксама паведаміў, што толькі за першыя чацвёра сутак ваеннай аперацыі УСУ на поўдні Украіны расійская армія страціла звыш паўтары тысячы салдат забітымі і параненымі.
Паводле даных Кіева, агулам РФ страціла на вайне ўжо больш за 50 тысяч чалавек.
Арастовіч пацвердзіў, што ўкраінская армія вызваліла Высакаполле,
аднак гэта не адзіны вызвалены населены пункт. Спачатку гэту інфармацыю
павінны паведаміць у Генеральным штабе.
«Я ведаю, што ўзялі яшчэ тры», — адзначыў ён.
Па словах Арастовіча, цяпер гаворка ідзе аб тым, каб «разнесці ў нуль» варожую лагістыку і тылавыя запасы.
Таксама ён пракаментаваў словы аднаго з высокапастаўленых вайскоўцаў аб тым, што расійская групоўка знаходзіцца ў аператыўным акружэнні.
«Аператыўнае акружэнне — гэта заўсёды прыемна, гэта каля 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў знаходзяцца на правым беразе Дняпра без асаблівай магчымасці ўзаемадзеяння з вялікай зямлёй. Яны праз паромныя пераправы неяк спрабуюць, але гэта ўсё пад агнявым кантролем вельмі хутка выяўляецца і знішчаецца», — сказаў Арастовіч.
Таксама ён адзначыў, што акупанты пад пагрозай расстрэлу
забаранілі мясцовым жыхарам перапраўляцца з берага на бераг. Яны баяцца
наводчыкаў і вельмі спяшаюцца.
«Праз 3-4 тыдні стане зусім цікава, таму што тэмпы
расходавання боепрыпасаў і матэрыяльных сродкаў там моцна перавышаюць любыя
магчымасці забеспячэння», — адзначыў ён.
Арастовіч кажа, што цяпер расійскае камандаванне перакідвае
туды «ўсё, што можна перапраўляць».
«Гэтай груповачцы трэба 4 тысячы тон грузу ў суткі, каб
нармальна сябе адчуваць. Я не думаю, што яны атрымліваюць хаця б тысячу», — сказаў ён.
«Па некаторых дадзеных, страты за першыя чацвёра сутак
аперацыі ў расійскай арміі звыш паўтары тысячы забітымі і параненымі», — адзначыў дарадца ОП Украіны.
Мінулай ноччу расійцы абстралялі Мікалаеўскую вобласць. Пацярпелых у выніку дзеянняў акупантаў няма.
Ракеты РФ патрапілі ў склад са збожжам фермерскай гаспадаркі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.
Таксама расійскія вайскоўцы нанеслі ўдары па Крывым Рогу.
Пра гэта ў сваім Telegram паведаміў кіраўнік вайсковай
адміністрацыі горада Аляксандр Вілкул.
Выбухі ў Крывым Рогу прагучалі падчас трывогі. Паводле
папярэдняй інфармацыі, працавала СПА. Неўзабаве ТГ-каналы паведамілі, што пасля «прылёту» над горадам падымаецца слуп дыму.
Акрамя таго, акупанты нанеслі ўдары з «Градаў» па Нікапалі, ёсць параненыя.
У горадзе пашкоджаны жылыя дамы, дзіцячы сад, два ліцэі, цэнтр тэхнічнай творчасці і спортклуб.
Два чалавекі атрымалі раненні сярэдняй ступені цяжкасці.
Традыцыйна дасталося і Харкаву. Расійцы абстралялі горад ракетамі, адна з іх прыляцела ў прыватны жылы дом.
Паводле інфармацыі гарадскога галавы Харкава Ігара Церахава, у выніку расійскай атакі загінула жанчына.
«Ракетны абстрэл індустрыяльнага раёна. У адным выпадку траплянне ў прыватны жылы дом. Пры разборы завалаў знойдзена цела жанчыны», — паведаміў Церахаў.