Байдэн назваў дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам
Прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн назваў дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам. На ягоную думку, Уладзімір Пуцін спрабуе знішчыць саму ўкраінскую нацыю.
![biden.jpg biden.jpg](/img/v1/images/biden.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Ваш сямейны бюджэт, ваша здольнасць папоўніць свой бак — нішто з гэтага не павінна залежаць ад таго, абвесціць дыктатар вайну і зробіць генацыд за паўсвету ад вас. Каб дапамагчы справіцца з гэтым пуцінскім павышэннем коштаў, я санкцыянаваў выпуск 1 мільёна барэляў у дзень цягам наступных шасці месяцаў з нашага стратэгічнага нафтавага рэзерву» — сказаў ён, каментуючы свае пастановы ў зніжэнні выдаткаў хатніх гаспадарак на электраэнергію, паведамляе REFORM.by.
Пазней журналісты скарысталіся магчымасцю ўдакладніць у Байдэна, што ён меў на ўвазе.
«Так, я назваў гэта генацыдам. Становіцца ўсё больш зразумела і ясна, што Пуцін проста спрабуе сцерці саму ідэю таго, што можна быць украінцам. І колькасць доказаў расце. Гэта адрозніваецца ад таго, што было на мінулым тыдні. З'яўляецца ўсё больш доказаў таго, што рускія ў літаральным сэнсе здзейснілі жудасныя рэчы ва Украіне. І мы будзем даведвацца ўсё больш і больш пра разбурэнні. І мы дазволім юрыстам вырашаць на міжнародным узроўні, можна ці не гэта кваліфікаваць [як генацыд], але мне здаецца, што гэта так», — сказаў ён.
Прэзідэнт ЗША не саромеецца ў ацэнках дзеянняў прэзідэнта Расіі. Раней Джозэф Байдэн называў Уладзіміра Пуціна забойцам і злачынцам. Выступаючы ў Варшаве, ён заявіў, што Пуцін не павінен стаяць на чале РФ.