Белгарад у агні. Украіна адказала на ўдары РФ па сваёй тэрыторыі, у выніку якіх загінулі 39 чалавек
Удзень у суботу, 30 снежня, у цэнтры расійскага Белгарада прагрымелі выбухі. На вуліцах успыхнулі пажары, гарэлі аўтамабілі. Відэа і фота публікуюць тэлеграм-каналы.
У 15:10 расійскія медыя паведамілі, што колькасць пацярпелых у Белгарадзе ўзрасла да 30 чалавек. У горадзе задзейнічаныя экстраныя службы, перакрытыя тэрыторыі, дзе былі «прылёты». Улады маюць намер увесці рэжым надзвычайнай сітуацыі ў горадзе для ліквідацыі наступстваў.
У 15:35 паведамілі, што ў Белгарадзе пашкоджаныя больш за 40 будынкаў і 60 транспартных сродкаў, сярод якіх пасажырскія аўтобусы. Таксама ў сеціве з’явіліся звесткі пра пецярых ці семярых і нават 13 загінулых і як мінімум 44 пацярпелых.
Пазней МНС РФ паведаміла, што ў Белгарадзе загінулі дзевяць дарослых і адно дзіця, пацярпелі 45 чалавек, з іх чатыры дзіцяці.
Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў абвясціў аб абстрэле УСУ, загінулых і пацярпелых: «Ёсць трапленне ў жылы сектар. Усе падрабязнасці пазней». «У горадзе запушчана сірэна ракетнай небяспекі. Усе жыхары павінны спусціцца ў сховішча. Небяспека захоўваецца», — дадаў ён.
У сеціве таксама пісалі пра працу расійскай СПА над цэнтрам горада.
«Вы ж разумееце, што ў Белгарадскай Народнай Рэспубліцы ўсё ляцела і прыляцела па ваенных аб'ектах (перадаем прывітанне ўсякім С-300, якія ўчора «накрылі» Харкаў). Але з прычыны бяздарнай працы мясцовай СПА ёсць пацярпелыя мірныя і разбурэнні нават у сталіцы рэспублікі. Бывае. А можа быць горш», — напісаў адзін з украінскіх тэлеграм-каналаў.
Праз некаторы час з’явілася неафіцыйная рэакцыя на падзеі ўкраінскага боку.
«Гэта сумесныя мерапрыемствы, якія сталі наступствамі варварскіх абстрэлаў Дняпра, Харкава, Адэсы і забойстваў мірных жыхароў. Мерапрыемствы працягваюцца», — цытуе крыніцу ва ўкраінскіх спецслужбах «РБК Украіна».
Разам з тым адзначаецца, што разбурэнні грамадзянскай інфраструктуры Белгарада сталі вынікам не мэтанакіраваных украінскіх удараў, а дрэннай працы расійскай СПА.
У сваю чаргу крыініца «Украінскай праўды» ў спецслужбах паведаміла, што менавіта праз «непрафесійныя дзеянні і спланаваную правакацыю» расійскай СПА абломкі ракет упалі ў цэнтры Белгарада.
«Украінскія сілы абароны адпрацоўваюць шэраг мерапрыемстваў па мэтах, якімі з'яўляюцца менавіта ваенныя аб’екты. Паражэнні грамадзянскай інфраструктуры, якія мы назіраем у Белгарадзе, з'яўляецца следствам непрафесійных дзеянняў расійскай супрацьпаветранай абароны, а таксама наўмысных і спланаваных правакацый», — адзначыла крыніца.
Нагадаем, напярэдадні, 29 снежня, Расія запусціла па Украіне больш за сотню ракет і дзясяткі ўдарных беспілотнікаў.
Ужо ўвечары міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што вядома пра 30 загінулых і больш за 160 параненых людзей у выніку масіраванага ўдару РФ па тэрыторыі Украіны.
Сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зрабіў новую заяву адносна масіраванага ўдару Расіі па Украіне 29 снежня.
Ён адзначыў, што працы па ліквідацыі наступстваў учорашняй расійскай атакі дагэтуль працягваюцца. У выніку ўдару пацярпела амаль 120 гарадоў і вёсак — сотні грамадзянскіх аб'ектаў.
Зяленскі падзякаваў усім ратавальнікам Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, работнікам і працаўніцам камунальных прадпрыемстваў, паліцыянтам, усім, хто цяпер на месцах дапамагае, падтрымлівае людзей, разбірае завалы і аднаўляе нармальнае жыццё.
«Усяго праз гэты ўдар тэрарыстаў пацярпелі 159 чалавек. Сярод іх, на жаль, 39 загінулых. Мае спачуванні родным і блізкім. Усім параненым і траўмаваным аказана неабходная дапамога», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт таксама падзякаваў усім лідарам свету, палітыкам і грамадскім дзеячам, якія асудзілі гэтую атаку, а таксама журналістам з многіх краін, якія падтрымліваюць украінцаў і распавядаюць праўду пра расійскае зло і абарону Украіны.
«Зброя ў руках украінцаў — гэта заўсёды абарона жыцця,
і кожная праява расійскага тэрору зноў і зноў даказвае — нельга марудзіць з
дапамогай тым, хто супрацьстаіць тэрору. Мы ўсе разам павінны атрымаць перамогу
над тэрорам», — сказаў Зяленскі.