Чэхія прызнала пуцінскі рэжым тэрарыстычным

Чэшскія парламентарыі падтрымалі рэзалюцыю аб прызнанні расійскага рэжыму тэрарыстычным.

2780389.jpg

Камітэт па замежных справах Палаты дэпутатаў парламента Чэхіі ў чацвер, 3 лістапада, прызнаў кіруючы рэжым Расіі тэрарыстычным. Пра гэта паведамляе korrespondent.net са спасылкай на чэшскае выданне Ceske Noviny.

«Камітэт па замежных справах вызначае цяперашні расійскі рэжым як тэрарыстычны ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы», — гаворыцца ў адпаведнай рэзалюцыі.

У дакуменце асуджаецца агрэсія Расіі супраць Украіны: напады на мірнае насельніцтва, грамадзянскія аб'екты і ключавыя аб'екты інфраструктуры.

«Абстрэлы і размяшчэнне вайсковых падраздзяленняў на тэрыторыі Запарожскай атамнай электрастанцыі з'яўляюцца пагрозай для мірнага насельніцтва не толькі на тэрыторыі Украіны. Прамыя або ўскосныя пагрозы ўжыць ядзерную зброю, а таксама ілжывыя і беспадстаўныя абвінавачванні Украіны ў планаванні выкарыстання зброі масавага знішчэння з'яўляюцца небяспечнай эскалацыяй напружанасці і пагрозай еўрапейскай бяспецы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрадэпутаты заявілі, што дзеянні войска РФ адпавядаюць прыкметам ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. У сувязі з гэтым вінаватыя павінны быць пакараныя. 

Камітэт таксама падтрымаў намаганні міністра замежных спраў Яна Ліпаўскага па стварэнні спецыяльнага трыбунала для ўсіх датычных да расійскай ваеннай агрэсіі.