Дэпутаты Дзярждумы РФ у шоку ад контрнаступу Украіны. Муніцыпальныя дэпутаты патрабуюць адстаўкі Пуціна

Сёння ў Дзярждуме Расіі адкрылася восеньская сесія. На першым пасяджэнні Дзярждумы дэпутаты загаварылі пра «не самую лепшую» для Расіі сітуацыю на франтах. Зюганаў заявіў, што аперацыя ў Украіне перарасла ў вайну.

destroyed_armored_vehicles_litter_road.jpg


«У такой складанай і напружанай абстаноўцы мы яшчэ сесіі ў Думе не адкрывалі», — нечакана заявіў лідар КПРФ Генадзь Зюганаў. Аказалася, што ён мае на ўвазе сітуацыю на фронце, якую «карэнным чынам» змянілі «гэтыя два месяцы», перадае ВВС.

На думку Зюганава, «ваенна-палітычная аперацыя супраць нацыстаў, фашыстаў на Украіне перарасла ў паўнавартасную вайну, якую абвясцілі нам амерыканцы, натаўцы і аб'яднаная Еўропа».

Са словаў Зюганава не да канца было зразумела, ці лічыць ён вайной толькі тое, што «абвясцілі нам натаўцы», або дзеянні Расіі ва Украіне таксама трапляюць пад гэта вызначэнне. Проціпастаўленне «спецаперацыі ва Украіне» і «вайны» з калектыўным Захадам рэгулярна выкарыстоўваецца прапагандыстамі расійскіх дзяржканалаў.

Са слоў Зюганава, спецаперацыя адрозніваецца ад вайны тым, што «спецаперацыю вы можаце спыніць, вайну вы не можаце спыніць, нават калі вам захочацца, вам давядзецца ісці да канца». На яго думку, у вайны «ёсць два зыходы – альбо перамога, альбо параза». Далей лідар КПРФ заявіў, што «пытанне перамогі на Данбасе — гэта пытанне гістарычнага жадання» Расіі, чым, падаецца, усё ж прыраўняў дзеянні Расіі ва Украіне да вайны.

Лідар «Справядлівай Расіі — За праўду» Сяргей Міронаў раскрытыкаваў салют у гонар дня горада, які прайшоў нядаўна ў Маскве. «Людзі нашы не павінны панікаваць, не павінны баяцца, але, напэўна, не месца і не час скакаць і танцаваць, калі нашы браты, нашы воіны гінуць там, і калі не самая лепшая ваенна-аператыўная сітуацыя складваецца на франтах. Я гэта, як вы разумееце, мякка сказаў», – адзначыў Міронаў, відавочна, маючы на ўвазе контрнаступленне ўкраінскіх вайскоўцаў у Харкаўскай вобласці.

Таксама ў сваім выступе Сяргей Міронаў прапанаваў «увесці рэжым контртэрарыстычнай аперацыі з усімі вынікаючымі наступствамі» ў расійскіх прыгранічных рэгіёнах, «да якіх ушчыльную падышла лінія фронту і якія рэгулярна падвяргаюцца нападу».

Пры гэтым само слова «вайна» ў кантэксце таго, што адбываецца ва Украіне, па-ранейшаму застаецца пад забаронай у Расіі. Праваахоўныя органы трактуюць яго ўжыванне як «дыскрэдытацыю Узброеных Сіл РФ».

Тым часам, перадае тэлеграм-канал «Можам патлумачыць», мясцовыя дэпутаты збіраюць подпісы пад зваротам, патрабуючы адстаўкі Пуціна. Пад гэтым зваротам падпісаліся ўжо больш за 40 муніцыпальных дэпутатаў з 35 акругаў Масквы, Пецярбурга і іншых гарадоў.