«Der Spiegel»: расійскія вайскоўцы абмяркоўвалі бойню ў Бучы па радыёсувязі
Нямецкая выведка перахапіла радыёпаведамленні вайскоўцаў РФ пра масавыя забойствы ў Бучы, якія ўказваюць на тое, што гэтыя злачынствы не былі выпадковымі, а ўпісваюцца ў звычайную тактыку ці нават стратэгію расійскага войска.
Федэральная
выведвальная служба Германіі (BND) перахапіла меркаваныя перамовы па
радыёсувязі расійскіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваюць новую інфармацыю пра бойню
ў прыгарадзе Кіева Бучы, піша непажаданае цяпер у Беларусі нямецкае выданне. У гэтых размовах расіяне абмяркоўвалі масавыя забойствы мірных
жыхароў у Бучы, а асобныя паведамленні могуць быць суаднесеныя з канкрэтнымі
целамі загінулых на фотаздымках з гэтага горада. Пра гэта піша ў чацвер, 7
красавіка, нямецкае выданне «Der Spiegel» са спасылкай на наяўную ў яго
распараджэнні інфармацыю BND.
Матэрыялы сведчаць пра ўдзел «вагнераўцаў»
У прыватнасці, у выведкі маюцца радыёпаведамленні, змест якіх суадносіцца з месцазнаходжаннем целаў забітых мірных грамадзян уздоўж галоўнай вуліцы Бучы. У адным з іх вайсковец заявіў, што ён і яго таварышы застрэлілі чалавека на ровары. Апублікаваны ў СМІ па ўсім свеце фотаздымак забітага мужчыны з роварам стаў адным з самых вядомых сведчанняў зверстваў у Бучы. У іншай размове мужчына, паводле даных «Der Spiegel», кажа, што ўкраінскіх салдат спачатку дапытваюць, а потым расстрэльваюць.
Акрамя таго, з гэтых матэрыялаў можна зрабіць выснову, што вырашальную ролю ў зверствах у Бучы адыгралі баевікі ПВК Вагнера, якія прадэманстравалі асаблівую ступень жорсткасці яшчэ падчас іх удзелу ў вайне ў Сірыі.
«Забойствы мірных жыхароў — звычайныя дзеянні для вайскоўцаў РФ ці нават іх стратэгія»
Перахопленыя BND размовы сведчаць пра тое, што масавыя забойствы ў Бучы не былі ні выпадковымі дзеяннямі, ні дзеяннямі асобных салдат, якія страцілі кантроль, піша нямецкае выданне. Са значна большай верагоднасцю дадзеныя матэрыялы ўказваюць на тое, што забойства мірных жыхароў стала часткай звычайнага спосабу дзеянняў расійскіх вайскоўцаў, а магчыма, і часткай іх стратэгіі з мэтай распаўсюджвання страху сярод грамадзянскага насельніцтва і падаўлення супраціву, піша далей «Der Spiegel». Выданне адзначае, што ў перахопленых матэрыялах салдаты абменьваюцца інфармацыяй пра зверствы, нібы пра штодзённую справу.
Паводле штотыднёвіка, нямецкая выведслужба 6 красавіка праінфармавала пра гэта адпаведныя парламенцкія інстанцыі ў Берліне. Акрамя таго, у той жа дзень праведзеная экспертыза іншых аўдыёзапісаў, лакалізацыя якіх уяўляецца цяжкай і якія дазваляюць меркаваць пра аналагічныя падзеі ў іншых месцах, піша выданне.
У першыя дні красавіка з'явілася вялікая колькасць фотаздымкаў і іншых сведчанняў масавых забойстваў мірных жыхароў у Бучы і іншых прыгарадах Кіева, раней акупаваных расійскімі войскамі, якія ўварваліся ва Украіну. Міжнародная супольнасць самым рэзкім чынам асудзіла гэтыя злачынствы і запатрабавала іх неадкладнага расследавання. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і іншыя сусветныя лідары абвінавацілі расійскіх вайскоўцаў у здзяйсненні генацыду. У сваю чаргу, Масква адмаўляе абвінавачанні на адрас сваіх вайскоўцаў і абвінавачвае Украіну, ЗША і НАТА ў маніпуляцыях, распаўсюдзе фэйкавай інфармацыі і правакацыях. Як адзначае «Der Spiegel», дадзеныя праслухоўванні BND цяпер канчаткова абвяргаюць гэтыя расійскія заявы.