Дзедаўскі метад. Навошта расійцы запускаюць над Украінай паветраныя шары з адбівальнікамі
Расійскія вайскоўцы запусцілі ў паветраную прастору Украіны паветраныя шары з вуглавымі адбівальнікамі. Пра гэта са спасылкай на афіцыйных спікераў піша «Украінская праўда», удакладняючы, што сітуацыю кантралююць супрацьпаветраныя сілы Украіны.
У паветранай прасторы Украіны 14 лютага фіксуюцца такія паветраныя цэлі як шары з вуглавымі адбівальнікамі, запушчаныя расійскімі вайскоўцамі. Пра гэта распавёў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат.
«Верагодна, гэта паветраныя шары з вуглавымі адбівальнікамі, пра якія мы казалі яшчэ 12 лютага, калі яны былі зафіксаваны над Днепрапятроўскай вобласцю. Украінская супрацьпаветраная абарона радыёлакацыйна назірае гэтыя паветраныя цэлі, якія рухаюцца ў паветраных патоках з невялікай хуткасцю. Ва ўкраінскім небе пастаянна дзяжурыць знішчальная авіяцыя. Сітуацыя пад кантролем», — падкрэсліў Ігнат.
На ўдакладняльнае пытанне, ці маглі падобныя паветраныя аб'екты стаць прычынай закрыцця
паветранай прасторы над Малдовай, Ігнат адзначыў, што не мае падобных даных, аднак сказаў, што такія шары тэарэтычна могуць заляцець у прастору
суседніх памежных дзяржаў, паколькі мяняюць кірунак у залежнасці ад сілы і
напрамку ветру.
Гэтыя шары могуць
быць рознага памеру (дыяметрам метр-паўтара), дастатковага для ўздыму
вуглавога адбівальніка.
Праціўнік
выкарыстоўвае такія лятальныя аб'екты для правядзення разведкі, адцягнення ўвагі ўкраінскай СПА на ілжывую цэль, растлумачыў прэс-сакратар паветраных сіл.
Раней у аўторак, 14 лютага, малдаўскія СМІ паведамілі пра закрыццё авіяпрасторы краіны з
меркаванняў бяспекі.
У інтэрнэце з'явіліся
непацверджаныя паведамленні аб руху ў паветранай прасторы Украіны БПЛА
невядомага тыпу або паветраных шароў з вуглавымі адбівальнікамі ў бок Малдовы.
Пасля некалькіх
гадзін закрыцця Малдова зноў адкрыла сваю авіяпрастору, аднак прычыны паўзы
пакуль не выдаюць.
Як узгадвае unian.net, 4 лютага міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў паведаміў, што расійскія вайскоўцы спрабавалі абараняцца ад удараў УСУ з «Хімарсаў» вуглавымі адбівальнікамі.
— Уся тэрыторыя каля Херсонскага маста была ўсыпана
дзясяткамі такіх расійскіх адбівальнікаў. Вораг спрабаваў выкарыстоўваць гэты
анахранізм, каб засцерагчы сябе ад «HIMARS», — паведаміў тады міністр.