356-ты дзень вайны. Над Бахмутам збілі самалёт ПВК «Вагнер», на якім лётаў Прыгожын

Украінскія вайскоўцы збілі над Бахмутам Данецкай вобласці Су-24, які належыць расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Менавіта гэты самалёт выкарыстоўваўся падчас здымак прапагандысцкага роліка, у якім верхавод вагнераўцаў Яўген Прыгожын выклікаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на паветраную дуэль.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Інфармацыю, што збілі менавіта гэты борт, пацвердзілі і ў прэс-службе Прыгожына. Пры гэтым, паводле іх слоў, самалёт зараз знаходзіцца на рамонце.

«Так, сапраўды, менавіта гэты борт быў сёння атакаваны з зямлі сродкамі СПА праціўніка. Пілот здзейсніў цуд, прызямліў падпаленую машыну, цалкам выканаўшы баявое заданне», — сказана ў паведамленні.

Тым часам стала вядома, што ва Украіне ліквідавалі траіх крымінальных аўтарытэтаў 90-х, якія ваявалі ў складзе ПВК «Вагнер». Усе трое трапілі на вайну насуперак абяцанням Прыгожына вербаваць зняволеных ва ўзросце да 50 гадоў.

СМІ адзначаюць, што прыватная ваенная кампанія «Вагнер» пасля захопу Саледара Данецкай вобласці страціла свой уплыў у расійскім войску. Зрэшты, без вагнераўцаў і баевікоў так званых «ЛДНР» у кадравых расійскіх войскаў мала што атрымліваецца.

Фота: Unian.net

Фота: Unian.net

Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі атакі расійскіх акупантаў у Харкаўскай, Данецкай і Луганскай абласцях. Пра гэта паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. «Нашы падраздзяленні адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка Харкаўскай вобласці, Неўскае, Крамянная, Кузьміно, Шыпілаўка і Белагораўка — Луганскай, Фёдараўка, Параскавееўка, Бахмут, Вадзяное, Мар'інка і Пабеда — Данецкай», — інфармуе Генштаб.

Адзначаецца, што расійцы працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках.

Намеснік генеральнага сакратара НАТА Мірча Джоанэ ў ходзе мерапрыемства, арганізаванага Мюнхенскай канферэнцыяй бяспекі ў Берліне, заявіў, што ў Крамлі не адмовіліся ад планаў захапіць Адэсу.

«Сёння ў Расіі не хапае сіл, каб прайсці праз Прыднястроўе і акружыць Украіну з тылу — вось план, потым узяць Адэсу. Мы не бачым, каб у Расіі былі сілы для гэтага. Але што яны спрабуюць зрабіць — перашкаджаць праеўрапейскаму вектару Рэспублікі Малдова. Яны спрабуюць падзяліць насельніцтва, якое і так ужо падзелена», — сказаў ён.

Джоанэ адзначыў, што ў Расіі няма ні намеру, ні магчымасці пачаць вайну супраць НАТА. «У яе дастаткова праблем ва Украіне, і мы павінны дапамагчы Украіне стварыць ім яшчэ больш праблем. Мы павінны быць вельмі дасведчанымі і пазбягаць рызыкі эскалацыі», — дадаў ён.

Ілюстрацыя: Unian.net

Ілюстрацыя: Unian.net

Чыноўнікі з адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна лічаць, што крытычны момант у вайне Украіны з Расіяй наступіць вясной 2023 года, калі чакаецца наступ расійскіх захопнікаў, а ўкраінскія сілы пойдуць у контрнаступленне, каб вярнуць пад кантроль захопленыя тэрыторыі.

Амерыканскія чыноўнікі ўсё ясней заяўляюць уладам Украіны, што ў поўнамаштабнай вайне надыходзіць вырашальны момант і ўкраінская армія павінна дамагчыся як мага вялікіх поспехаў падчас баёў, пакуль атрымлівае шмат дапамогі ад дзяржаў Захаду, піша «The Washington Post».

Паводле даных выдання, адміністрацыя лідара ЗША таксама працуе з Кангрэсам над узгадненнем яшчэ 10 мільярдаў долараў у якасці прамой бюджэтнай дапамогі Украіне. Чакаецца, што аб чарговай дапамозе Кіеву абвесцяць на наступным тыдні.

Паводле ўкраінскіх крыніц.