355-ты дзень ідзе вайна. Самае значнае на гэтую хвіліну
Расійскія войскі нясуць значныя страты, асабліва ў жывой сіле — паведамляюць у кіраўніцтве УСУ. А тым часам Амбасада ЗША ў РФ заклікала амерыканцаў не ездзіць у Расію або неадкладна пакінуць яе. З чым гэта можа быць звязана?
Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што Данія перадала УСУ ўсе самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «CAESAR», якія знаходзіліся на ўзбраенні каралеўства.
Мінабароны Даніі ў студзені заявіла, што перадасць Украіне 19 артылерыйскіх установак «CAESAR».
Расійскія войскі нясуць значныя страты, асабліва ў жывой сіле. Расія засяродзіла асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім кірунках.
За мінулыя суткі ўкраінскія сілы адбілі атакі каля населеных пунктаў Гранікаўка Харкаўскай вобласці, Крамянная і Белагораўка ў Луганскай вобласці, Выемка, Фёдараўка, Васюкоўка, Бахмут, Іванаўскае і Кляшчыеўка Данецкай вобласці, Жалезнічнае ў Запарожскай вобласці.
Расійскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары і здзейснілі 85 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Захоўваецца высокая пагроза, што Расія працягне наносіць авіяцыйныя і ракетныя ўдары па ўсёй тэрыторыі Украіны.
Авіяцыя Украіны за мінулыя суткі нанесла восем удараў па раёнах засяроджвання ворага, а таксама тры ўдары па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў. Ракетныя і артылерыйскія падраздзяленні Украіны пацэлілі ў 10 раёнаў засяроджвання жывой сілы, адну пазіцыю супрацьпаветранай абароны і тры склады боепрыпасаў ворага.
Уначы расійскія войскі абстралялі Дружкоўку і Пакроўск у Данецкай вобласці. З-за ракетных удараў у Дружкоўцы пашкоджана бальніца, у Пакроўску — сем дамоў і дзіцячы сад, паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі рэгіёна Павел Кірыленка. Паводле яго слоў, у выніку абстрэлаў ніхто не пацярпеў.
Амбасада ЗША ў РФ заклікала амерыканцаў не ездзіць у Расію або неадкладна пакінуць яе з-за «непрадказальных наступстваў несправакаванага поўнамаштабнага ўварвання расійскіх ваенных сіл ва Украіну», а таксама з-за магчымага пераследу амерыканцаў у РФ. Пра гэта паведамляецца на сайце ўстановы.
«Расія можа адмовіць у прызнанні падвойнага грамадзянства ЗША, пазбавіць доступу да консульскай дапамогі ЗША, падвергнуць мабілізацыі, перашкодзіць выезду з Расіі і / або заклікаць на ваенную службу», — сказана ў паведамленні амерыканскай дыпмісіі.