Дзярждэп: ЗША будуць «паступова» адмаўляцца ад пасярэдніцтва ў перамовах паміж Украінай і РФ

Падаецца, пасля пагаднення аб нетрах паміж ЗША і Украінай у адміністрацыі Трампа здарылася пераасэнсаванне падыходаў да мірных перамоў. Дзяржсакратар ЗША заяўляе, што вайна не скончыцца хутка, а спікер Дзярждэпу — што ў ЗША ёсць і іншыя справы, а не адна Украіна. Ідзе 1164-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ 

Фота: Генштаб УСУ 

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 199 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 2 траўня Генштаб УСУ.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 64 атакі расіян у раёнах Звірава, Елізаветаўкі, Вадзянога Другога, Александропалю, Малінаўкі, Лысаўкі, Котліна, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Траецкага і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 27 разоў, спрабуючы прасунуцца у раёнах Надзеі, Ямпалаўкі, ў бок Грэкаўкі, Торскага, Рэдкадуба і Зялёнай даліны.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 15 расійскіх штурмаў у раёнах Канстанцінопаля, Навасёлкі, Прывольнага, Вольнага Поля.

На Харкаўскім кірунку адбылося восем боесутыкненняў, на Краматорскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі шэсць варожых штурмаў, па чатыры атакі зафіксавана на Северскім, Тарэцкім і Арэхаўскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 33 боесутыкненні, расіяне нанеслі 15 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 21 кіраваную авіяцыйную бомбу.

* * *

У ноч на 2 траўня расіяне атакавалі Украіну 150-ю ўдарнымі БпЛА і беспілотнікамі іншых тыпаў. Пацверджана збіццё 64 ударных БПЛА тыпу Shahed. 62 беспілотніка былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў), паведамляе Генштаб УСУ.

У выніку расійскай атакі па Днепрапятроўскай вобласці два чалавекі атрымалі раненні, пашкоджаныя два прадпрыемствы.

У Запарожжы расійцы ўдарылі па грамадзянскай інфраструктуры горада. Пашкоджаны жылыя дамы, універсітэт і аб'ект інфраструктуры. У выніку масіраванага ўдару дронамі раненні атрымалі 29 чалавек. Таксама быў атакаваны лакаматыварамонтны завод — грамадзянскае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на рамонце пасажырскіх электравозаў. Абышлося без пацярпелых, бо дзяжурны персанал прадпрыемства знаходзіўся ў сховішчы.

Расійскае Мінабароны заявіла, што ўначы 2 траўня сродкі СПА нібыта знішчылі 121 «украінскі беспілотнік» над тэрыторыяй акупаванага Крыма і некалькімі рэгіёнамі РФ. Telegram-канал «Крымскі вецер» паведамляў, што выбухі гучалі ў Севастопалі, Джанкоі, Саках, Новафёдараўцы, і Качы — там размешчаны ваенныя аэрадромы.

* * *

495086080_1035680785411666_209319473621465842_n.jpg

* * *

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што не верыць у хуткае завяршэнне вайны РФ супраць Украіны. Гэта адрозніваецца ад аптымістычных заяў Дональда Трампа, якія ён рабіў рэгулярна.

Вэнс адзначыў, што мэта ЗША цяпер заключаецца ў тым, каб дапамагчы знайсці РФ і Украіне —«кампрамісную пазіцыю» для спынення вайны. «Цяпер, калі кожны бок ведае ўмовы міру іншага, гэта залежыць ад расійцаў і ўкраінцаў. Менавіта ад іх залежыць, ці дасягнуць пагаднення і ці спыняць гэты жорсткі, жорсткі канфлікт», — сказаў Вэнс у інтэрв'ю Fox News.

«Гэта нікуды не дзенецца. Гэта не скончыцца ў бліжэйшы час», — дадаў ён адносна вайны.

Пры гэтым Вэнс апраўдвае падыход Трампа па здачы Расіі ўкраінскіх тэрыторый. «Так, вядома, [украінцы] раз'юшаныя тым, што на іх быў здзейснены напад. Але ці будзем мы працягваць губляць тысячы і тысячы салдат з-за некалькіх міль тэрыторыі туды ці сюды?» — сказаў Вэнс.

* * *

ЗША будуць «паступова» адмаўляцца ад пасярэдніцтва ў мірных перамовах паміж Украінай і РФ, заявіла падчас брыфінгу спікер Дзярждэпартамента Тэмі Брус.

«Сутнасць зменаў заключаецца ў тым, што мы па-ранейшаму застаемся ўцягнутымі (у перамоўны працэс. — Рэд.) і будзем дапамагаць, чым зможам. Аднак мы больш не будзем аператыўна лётаць па свеце, каб удзельнічаць у перамовах. Цяпер гэта адказнасць двух бакоў (Украіны і РФ. — Рэд.), і прыйшоў час, каб менавіта яны прадставілі і распрацавалі канкрэтныя ідэі датычна таго, як завяршыць гэты канфлікт. Гэта будзе іх рашэнне», — заявіла Брус.

У той жа момант, адзначыла яна, ЗША не адмяняюць ніякіх дзеючых санкцый у дачыненні да Расіі, і нагадала, што Трамп выказваў гатоўнасць увесці другасныя санкцыі ў выпадку адмовы Крамля дамаўляцца аб міры.

«Вядома, мы не адмяняем ніякіх дзеючых санкцый. Прэзідэнт хоча, каб усе нашы дзеянні, як дзяржавы, былі дыпламатычнымі — ён выразна прытрымліваецца гэтага падыходу. У той жа час, ён разумее, што ёсць і іншыя рэгіёны свету, іншыя глабальныя пытанні, якія патрабуюць увагі», — сказала спікер.

* * *

Еўрасаюз рыхтуе 17-ты пакет санкцый супраць РФ на выпадак, калі Масква адмовіцца спыніць агонь ва Украіне. Гэтыя захады ў ЕС хочуць узгадніць з ЗША, заявіў кіраўнік МЗС Францыі Жан-Наэль Баро.

У інтэрв'ю AFP ён згадаў пра ініцыятыву амерыканскага сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма, які папярэдзіў пра «разгромныя» санкцыі супраць РФ. Баро падкрэсліў, што ЕС імкнецца скаардынаваць свае санкйцыі са Злучанымі Штатамі.

«Мы, еўрапейцы, будзем суправаджаць гэтую амерыканскую ініцыятыву 17-м пакетам санкцый, і ўчора я паабяцаў Ліндсі Грэму, што мы пастараемся ўзгадніць як змест, так і тэрміны гэтых двух пакетаў санкцый», — заявіў французскі міністр.

Ён таксама дадаў, што цяпер адзінай перашкодай да міру ва Украіне з'яўляецца Пуцін, бо Кіеў, на яго думку, выканаў сваю частку здзелкі.

«Украіна прыняла безумоўнае спыненне агню і ўчора пагадзілася заключыць пагадненне са Злучанымі Штатамі па крытычна важным карысным выкапням. Між тым Расія Уладзіміра Пуціна не распачала ніякіх намаганняў, не падала ніякіх сігналаў аб тым, што яна гатовая да спынення агню і міру, да якіх імкнецца прэзідэнт Дональд Трамп, і да якіх імкнуцца еўрапейцы і, вядома ж, украінцы», — сказаў ён.

* * *

Новыя даныя выведкі кажуць, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін мог змяніць свае планы ў вайне супраць Украіны на больш кароткатэрміновыя мэты, паведамляе CNN.

Са слоў крыніц выдання, Пуцін мог пераключыцца на ўмацаванне свайго кантролю над ужо захопленымі тэрыторыямі і стымуляванне эканомікі РФ, якая знаходзіцца ў цяжкім стане. Раней, паводле выведкі ЗША, Пуцін лічыў, што сітуацыя на фронце складваецца на ягоную карысць, што ў яго ёсць імпульс і дастаткова людскіх рэсурсаў, каб весці зацяжную вайну супраць Украіны і захапіць усю Украіну.

Уяўленне пра тое, што Пуцін мог змяніць свае планы, засноўваецца на ўражаннях прэзідэнта ЗША і яго перагаворшчыкаў, якія лічаць, што цяпер кіраўнік Крамля можа быць больш схільны разглядаць патэнцыйнае мірнае пагадненне, чым раней. Ціск, які аказвае адміністрацыя Трампа, пагражаючы новымі санкцыямі і змагаючыся з эканомікай РФ, ставіць Пуціна ў патэнцыйна цяжкае становішча, мяркуе CNN.

«Я думаю, што ён, магчыма, думае... пра тое, якая разумная мэта можа быць пастаўленая ў найбліжэйшай перспектыве», — сказаў высокапастаўлены прадстаўнік выведкі.

Аднак выведка ЗША па-ранейшаму скептычна ставіцца да сцвярджэнняў Пуціна, што ён хоча мірнага пагаднення. Нават калі Расія пагодзіцца на версію пагаднення, якая на стале перамоваў, Масква можа пазней паспрабаваць аднавіць вайну, каб захапіць яшчэ больш украінскіх тэрыторый.

Суразмоўца CNN таксама ўказаў на неаднаразовыя згадкі Пуціным гістарычнага паходжання расійскага народа і заявіў, што ў Пуціна ёсць «доўгатэрміновая мэта» — захапіць большую частку Украіны, «прынамсі тыя яе часткі, якія, на думку Пуціна, з'яўляюцца калыскай расійскай цывілізацыі».

Крэмль спадзяецца, што паляпшэнне стасункаў з ЗША «адцягне ўвагу пасля тактычнай паўзы, і тады яны змогуць выкарыстоўваць спалучэнне вайскоўцаў, эканамічных, інфармацыйных і палітычных інструментаў для дасягнення ўсіх мэтаў Пуціна ва Украіне і за яе межамі», — сказаў чыноўнік.