Дзяўчына са знакамітага фота абаронцаў «Азоўсталі» знайшлася ў палоне і дала інтэрв'ю прапагандыстам РФ

Пра Кацярыну Палішчук з пазыўным «Пташка» не было нічога вядома чатыры месяцы. У траўні па загадзе з Кіева стомленыя абаронцы «Азоўсталі» ў Марыупалі здаліся ў палон акупантам.  

photo_2022_09_18_20_59_13.jpg

Расійскія прапагандысты сёння выклалі відэа, на якім Кацярына адказвае на іх пытанні. Дзяўчына трымаецца годна і, у прыватнасці, кажа, што калі б выбар быў зноў — яна б усё роўна адправілася абараняць Марыупаль.

Прапагандысты ставяць ёй у віну тое, што падчас абароны горада яна спявала ўкраінскія песні.

Нагадаем, што пасля расійскага ўварвання ва Украіну Марыупаль апынуўся ў аблозе. Армія РФ зруйнавала горад ушчэнт, а яго абаронцы яшчэ паўтара месяца захоўвалі кантроль на металургічным заводам «Азоўсталь».

Пасля таго, як у абаронцаў скончыліся ежа і медыкаменты, а ў сутарэннях пакутавалі шматлікія параненыя, Кіеў даў ім загад здацца ў палон дзеля захавання жыццяў асабістага складу.

Паведамлялася, што пасля выхаду з заводу 53 параненыя вайскоўцы дастаўлены ў бальніцу ў падкантрольным Расіі горадзе Новаазоўск. Яшчэ 211 чалавек адвезлі ў горад Яленаўку, частку з іх потым узарвалі ў калоніі, дзясяткі чалавек загінулі.

Украінскі бок спадзяецца, што паланёных абаронцаў Марыупаля атрымаецца абмяняць на расійскіх палонных, аднак РФ пакуль на гэта не пагадзілася. Наадварот, нейкі час таму на акупаваных тэрыторыях дэнээраўцы хацелі правесці паказальны суд над азоўцамі, які ў выніку пакуль не адбыўся. 

Украінскія вайскоўцы пратрымаліся ў «Азоўсталі» 82 дні, выйграўшы час для астатняй часткі Украіны, каб змагацца з расійскімі войскамі і атрымаць заходняе ўзбраенне, неабходнае для супрацьстаяння агрэсіі.

Абаронцы «Азоўсталі» тыднямі трымаліся ў бункерах і тунэлях, пабудаваных глыбока пад зямлёй, каб супрацьстаяць ядзернай вайне. Грамадзянскія асобы былі эвакуіраваны з завода, аднаго з найбуйнейшых металургічных прадпрыемстваў у Еўропе.

Абаронцы Марыупаля сталі прыкладам мужнасці і самаадданасці ў абароне радзімы ад расійскага нападу. Існуе меркаванне, што лёс палонных азоўцаў будзе вызначаць асабіста Пуцін.