Іран абяцае Расіі ракеты «зямля-зямля»
РФ папрасіла больш беспілотнікаў і іранскіх балістычных ракет з падвышанай дакладнасцю, сказаў іранскі дыпламат.
Іран паабяцаў даць Расіі ракеты класа «зямля-зямля» ў дадатак да яшчэ большай колькасці беспілотнікаў. Пра гэта піша Reuters, спасылаючыся на словы двух высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў і двух іранскіх дыпламатаў.
Паведамляецца, што 6 кастрычніка першы віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Махбер, два высокапастаўленыя чыноўнікі з іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі і чыноўнік з Вышэйшай Рады нацыянальнай бяспекі наведалі Маскву для перамоваў з Расіяй аб пастаўках зброі.
«Расіяне папрасілі больш беспілотнікаў і іранскіх балістычных ракет з падвышанай дакладнасцю, у прыватнасці, сямейства ракет Fateh і Zolfaghar», — сказаў адзін з іранскіх дыпламатаў.
Заходні чыноўнік пацвердзіў гэта і заявіў, што паміж Іранам і Расіяй існуе пагадненне аб прадастаўленні балістычных ракет класа «зямля-зямля» малой далёкасці, у тым ліку Zolfaghar.
Іранскі дыпламат адпрэчыў сцвярджэнні заходніх афіцыйных асоб аб тым, што такія пастаўкі парушаюць рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН ад 2015 года.
«Дзе яны выкарыстоўваюцца — гэта не пытанне прадаўца. Мы не становімся на чыйсьці бок ва ўкраінскім крызісе, як Захад. Мы хочам спынення крызісу дыпламатычнымі сродкамі», — запэўнівае дыпламат.
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, такія ракеты маюць далёкасць стральбы 300 і 700 км адпаведна.
З'яўленне
іранскіх ракет у дадатак да беспілотнікаў у арсенале Расіі ўзмоцніць
напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША і іншымі заходнімі дзяржавамі. Дзярждэп
ЗША адзначыў, што іранскія беспілотнікі былі выкарыстаныя ў панядзелак у
ранішняй атацы на Кіеў, а прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер таксама
абвінаваціла Тэгеран у хлусні, калі той заяўляў, нібы іранскія беспілотнікі не
выкарыстоўваюцца Расіяй ва Украіне.
Паводле korrespondent.net