ISW: Скарачэнне амерыканскай дапамогі Украіне будзе крокам да абмежавання ўплыву ЗША ў свеце

Пазіцыя ЗША адносна Зяленскага прымусіла ўвесь цывілізаваны свет актывізаваць падтрымку Украіны. У той жа час эксперты ацэньваюць пазіцыю Дональда Трампа як вельмі небяспечную для саміх Штатаў ужо ў недалёкай перспектыве. Ідзе 1103-ці дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4291555.jpg

У цэлым за мінулыя суткі зафіксавана 97 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 сакавіка.

Большасць атак па-ранейшаму прыпадае на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны адбілі 27 штурмаў расіян у бок Новай Палтаўкі, Тарасаўкі, Прамяня, Надзіеўкі, Пакроўска, Пясчанага, Андрэеўкі і Улаклаў. 

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 15 атак у раёнах Крымскага, Дачнага, Тарэцку і Дыліеўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 11 разоў, паблізу Ямполаўкі, Макееўкі і ў напрамку Кацярынаўкі. Таксама 11 атак здзейснена на Новапаўлаўскім кірунку

Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі. За мінулыя суткі расіяне нанеслі па сваёй тэрыторыі 31 авіяўдар, скінуўшы пры гэтым 47 КАБ. Украінскія войскі адбілі 16 штурмавых дзеянняў арміі РФ.

* * *

Сілы абароны Украіны прасунуліся ў раёне Тарэцка, а расійскія войскі — паблізу Вялікай Навасёлкі, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 28 лютага, паказваюць, што УСУ прасунуліся паблізу вуліцы Талбухіна і каля шахты «Цэнтральная» (абодва ў цэнтры Тарэцка). Расійскі «ваенкор» ахарактарызаваў значную частку Тарэцка як спрэчную «шэрую зону», і выказаў здагадку, што пуцінскія войскі могуць перакінуць дадатковыя сілы ў Тарэцк, каб узмацніць сваю групоўку ў гэтым раёне.

Геалакацыйныя кадры ад 28 лютага паказваюць, што расійскія захопнікі прасунуліся на поўдзень ад Бурлацкага — у кірунку Вялікай Навасёлкі.

Расійскі «ваенкор» заявіў 1 сакавіка, што УСУ нязначна прасунуліся на паўночны захад ад Рабоціна каля Шчарбакоў.

На астатніх участках фронту прасоўвання не фіксуецца.

* * * 

Ваенна-аналітычны праект DeepState піша пра складаную сітуацыю для УСУ ў Курскай вобласці Расіі. Расійскія войскі засяродзілі намаганні на агнявым кантролі лагістычных шляхоў УСУ, але з украінскага боку не было прынята дастатковых мер для процідзеяння гэтай пагрозе.

«Самай вялікай праблемай у раёне Куршчыны з'яўляецца агнявы кантроль праціўніка над усёй лагістыкай Сіл абароны. Пачынаючы са студзеня расійскія войскі нарошчвалі свае магчымасці кантролю нашага перамяшчэння. На працягу лютага яна пачала дасягаць свайго піку, а найбольшыя ўскладненні пачаліся пасля страты Свердлікава», — пішуць аналітыкі.

Паводле інфармацыі DeepState, расійскія войскі змаглі прарвацца ў раён населенага пункта Новенькае, нарошчваючы свае сілы і працягваючы прасоўванне. Таксама небяспеку ўяўляе прасоўванне расійскіх войскаў уздоўж мяжы паміж населенымі пунктамі Жураўка-Новенькае. Менавіта з гэтага раёна ажыццяўляецца найбольшая колькасць атак па лагістыцы УСУ. У DeepState адзначаюць, што сітуацыя патрабуе неадкладнага ўмяшання, паколькі расійскія войскі ўжо пабілі «не адзін дзясятак сродкаў перамяшчэння».

* * *

У ноч на 2 сакавіка 2025 года Расія атакавала Украіну 79-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі  розных тыпаў. Пацверджана збіццё 63-х ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў, 16 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

* * *

481351667_989045286741883_4409267072608677214_n.jpg

* * *

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і іншымі заходнімі лідарамі ў нядзелю паспрабуе адрадзіць надзею на завяршэнне расійска-ўкраінскай вайны мірным пагадненнем. Кіраўнік брытанскага ўрада ў сваёй заяве падкрэсліваў, што «праз тры гады пасля жорсткага ўварвання Расіі ва Украіну мы знаходзімся на пераломным этапе». Стармер прапанаваў сваю «непахісную падтрымку» Украіне, падвоіўшы дапамогу Кіеву.

«У партнёрстве з нашымі саюзнікамі мы павінны ўзмацніць нашу падрыхтоўку да еўрапейскага элементу гарантый бяспекі разам з працягам дыскусій са Злучанымі Штатамі», — сказаў прэм'ер Брытаніі.

Лідары дзяржаў Еўропы выказвалі падтрымку Зяленскаму пасля скандальнай сустрэчы ў Белым доме. Акрамя таго, Германія заклікала вылучыць Украіне 3 мільярды еўраў (3,1 мільярда даляраў).

* * *

Украіна і Вялікабрытанія падпісалі пагадненне аб пазыцы на суму блізу 3 мільярдаў долараў ЗША на абаронныя патрэбы Украіны. Сродкі з'яўляюцца часткай механізму Extraordinary Revenue Acceleration for Ukraine (ERA) краін G7 агульным аб'ёмам 50 млрд долараў ЗША. Крэдыт будзе абслугоўвацца і пагашацца за кошт будучых даходаў, атрыманых ад замарожаных расійскіх суверэнных актываў.

Фінансаванне прадастаўляецца на 30 гадоў. Прыцягнутыя сродкі будуць накіраваныя для фінансавання закупкі абаронных матэрыялаў, у адпаведнасці з патрэбамі ўкраінскага боку.

* * *

Літва збіраецца набыць узбраенне для УСУ на мінімум 20 мільёнаў еўра. Акрамя таго, паміж краінамі дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб «вытворчасці сістэм стратэгічнай зброі ў Літве ў супрацоўніцтве з Украінай».

У Мінабароны Літвы адзначылі, што ўкраінская абаронная прамысловасць мае «неверагодны патэнцыял», каб стаць гульцом сусветнага ўзроўню дзякуючы высокаму ўзроўню вопыту, у прыватнасці баявога, матывацыі і кампетэнтнасці інжынераў, а таксама «арыентаванаму на будучыню мысленню ключавых асоб, якія прымаюць рашэнні ў галіне».

«Літва працягне інвеставаць ва ўкраінскі ВПК, закупляючы зброю ва Украіне для Украіны. На гэта ўжо выдзелена 20 млн. еўра, сума будзе расці. Аднак мы імкнемся да яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва — развіцця супольнай літоўска-ўкраінскай вытворчасці зброі як у Літве, так і ва Украіне», — заявіла Давіле Шакаліене, кіраўніца Мінабароны Літвы.

* * *

Прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі Пётр Павел звярнуўся да краін вольнага свету з заклікам стварыць шырокую кааліцыю для ўстанаўлення справядлівага міру ва Украіне. Пра гэта ён напісаў у сацсетцы X.

«Час падумаць аб стварэнні шырокай кааліцыі, якая імкнулася б да справядлівага міру ва Украіне. «Мір» на ўмовах агрэсара называецца капітуляцыяй і будзе толькі заахвочваць усіх цяперашніх і будучых агрэсараў. Свабодны свет павінен супрацьстаяць злу», — напісаў Павел.

* * *

Спыненне Злучанымі Штатамі дапамогі Украіне ўзмоцніць уплыў у свеце хаўруснікаў прарасійскага блока і дазволіць ім дыктаваць Вашынгтону межы ўзаемадзеяння з іншымі краінамі. Таксама гэта прывядзе да агульнага абмежавання ўплыву ЗША ў свеце, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі перакананыя, што Расія, Іран, Паўночная Карэя і Кітайская Народная Рэспубліка (КНР) сфармавалі блок, накіраваны на перамогу над ЗША і іх саюзнікамі па ўсім свеце, і цяпер адчуваюць межы адданасці Вашынгтона сваім саюзнікам у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

У ISW адзначылі, што ў канцы лютага 2025 года прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін падчас тэлефоннай размовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным заявіў, што КНР і Расія — «сапраўдныя сябры», якіх «нельга адштурхнуць» адзін ад аднаго, на якіх не зможа паўплываць «ні адзін трэці бок».

Аналітыкі таксама адзначылі, што Пуцін працягвае спадзявацца на іранскія беспілотнікі і паўночнакарэйскія балістычныя ракеты і войскі ў сваёй вайне супраць Украіны. Дапамога ЗША з'яўляецца дэманстрацыяй прыхільнасці да абароны дэмакратый ад цяперашняй і будучай агрэсіі ва ўсім свеце, уключаючы, але не абмяжоўваючыся Украінай, Ізраілем, Паўднёвай Карэяй і Тайванем.

Улічваючы сітуацыю, у Інстытуце перакананыя, што ўзначалены Расіяй блок, верагодна, будзе разглядаць адмову ад Украіны як паказчык таго, што ЗША ў крытычны час адмовяцца ад іншых сваіх саюзнікаў, і будзе спрабаваць праверыць межы амерыканскіх абавязацельстваў ва ўсім свеце.

«Узначалены Расіяй блок шукае рознагалоссі паміж ЗША і іх хаўруснікамі, якія лёгка выкарыстоўваць для паслаблення і ізаляцыі Амерыкі на сусветнай арэне. Гэта дазволіць супернікам падняцца і дыктаваць, дзе і як Злучаныя Штаты могуць узаемадзейнічаць з светам. Скарачэнне амерыканскай дапамогі Украіне прама адпавядае мэтам гэтых праціўнікаў і з'яўляецца крокам да абмежавання ўплыву ЗША ў свеце», — адзначылі ў ISW.