Ліндсі Грэм не пагаджаецца на просьбу Трампа змякчыць санкцыйны законапраект супраць Расіі

Адміністрацыя Трампа папрасіла Ліндсі Грэма змякчыць свой законапраект аб санкцыях супраць Расіі. Аднак аднапартыец прэзідэнта ЗША на гэта не пагадзіўся. У той жа час высвятляецца, што адмова Украіне ва ўступленні ў NATO не выглядае такой адназначнай. Ідзе 1200-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4ruot8gyewm.jpg

Ва Украіне за мінулыя суткі зафіксавана 212 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 чэрвеня.

Па-ранейшаму асноўны ўдар расіян скіраваны на Пакроўскім кірунку — там абаронцы Украіны спынілі 77 атак арміі РФ ў раёнах Катляроўкі, Новай Палтаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Удалага, Навасергіеўкі, Новааляксандраўкі, Арэхавага, Надзіеўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны УКраіны адбілі 24 штурмы паблізу Канстанцінопалю, Запарожжа, Новаполю, Зялёнага Поля, Шаўчэнка, Багатіру.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца у раёнах Зялёнай Даліны, Грэкаўкі, Студні і ў напрамках Новага Свету, Альгоўкі, Рэдкадуба і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Дыліеўкі, Тарэцку і ў Русинага Яра, Яблонаўкі і іншых.

На Краматорскім кірунку адбылося восем боесутыкненняў у раёнах Курдзюмаўкі, Часавага Яра і ў бок Белай Гары.

Па пяць атак расіян было адбіта на Харкаўскім і Гуляйпольскім кірунках.

На Курскім кірунку за мінулыя суткі УСУ адбілі 39 атак расіян

* * *

У ноч на 7 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб акупацыі расійскімі войскамі яшчэ двух населеных пунктаў на поўначы Сумскай вобласці. Каля трох вораг мае тактычныя прасоўванні. «Вораг акупаваў Кандратаўку і Аляксееўку, а таксама прасунуўся ля Белаводаў, Локні і Садкоў», — паведамілі ў DeepState.

* * *

У ноч на 7 чэрвеня армія РФ атакавала Украіну 215-цю сродкамі паветранага нападу, сярод якіх:

  • 206 ўдарных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў;
  • 2 балістычныя ракеты Іскандэр-М / KN-23;
  • 6 кіраваных авіяцыйных ракет Х-59/69 з самалётаў тактычнай авіяцыі; 
  • 1 крылатая ракета Іскандэр-К.

Па папярэдніх даных СПА абясшкодзілі 174 сродкі паветранага нападу:

  • 87 БПЛА збіта агнявымі сродкамі, 80 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ;
  • 6 кіраваных ракет Х-59/69;
  • 1 крылатую ракету Іскандэр-К.

Расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Харкаве з выкарыстаннем дронаў-камікадзэ, кіраваных авіябомбаў і ракет. У выніку абстрэлу загінулі два чалавекі, яшчэ 17 атрымалі раненні, сярод іх — двое дзяцей.

З-за атакі ў Дняпры пацярпелі жанчыны 45 і 88 гадоў. Ім аказалі неабходную дапамогу. У горадзе пашкоджаныя інфраструктура, прадпрыемства, навучальная ўстанова і некалькі дзясяткаў гаражоў. 

Выбухі таксама былі ў Паўлаградзе. Там пашкоджаныя прадпрыемства і шматкватэрныя дамы. Людзі не пацярпелі.

* * *

503751132_1061637616149316_7223641551973569172_n.jpg

* * *

Украіна сваімі нядаўнімі атакамі дала падставу Расіі «пайсці і разбамбіць іх да чорта», заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, паведамляе інфармагенцтва Clash Report у X.

«Ну, яны далі Пуціну нагоду пайсці і разбамбіць іх да чорта, вось што мне ў гэтым не спадабалася. Калі я гэта (атаку СБУ на аэрадромы РФ) убачыў, я сказаў: ну ўсё, цяпер будзе ўдар», — сцвярджае гаспадар Белага дома.

Аднак Трамп выказаў надзею, што вайна ва Украіне не перарасце ў ядзерны канфлікт пасля нядаўніх атак СБУ на вайсковыя аэрадромы РФ. З ягоных слоў, гэтыя атакі яму «не спадабаліся». Апроч таго, амерыканскі прэзідэнт спадзяецца, што Расія не спыніць перамовы з Украінай.

Таксама Трамп пракаментаваў сенацкі законапраект аб санкцыях супраць Расіі. Кіраўнік Белага дома назваў яго «вельмі моцным», а рашэнне аб новых абмежаваннях ён плануе прымаць асабіста. 

«Калі я палічу, што Расія не збіраецца заключаць пагадненне або спыняць кровапраліцце... Я скарыстаюся гэтым, калі гэта будзе неабходна», — сказаў Трамп журналістам на борце самалёты Air Force One.

«Гэта вельмі жорсткі законапраект», — дадаў прэзідэнт ЗША.

* * *

Адміністрацыя Дональда Трампа просіць сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма змякчыць санкцыйныя захады супраць Расіі ў законапраекце, які мае пераважную падтрымку ў Сенаце, піша The Wall Street Journal.

Паводле інфармацыі WSJ, цягам апошніх тыдняў прадстаўнікі Белага дома таемна звязваліся з офісам Грэма, заклікаючы яго змякчыць законапраект з санкцыямі супраць Расіі. Сярод іншага, як падзяліліся ананімныя памочнікі сенатара, у Трампа прапаноўвалі дадаць у праект палажэнні, якія дазволілі б прэзідэнту ЗША самастойна вырашаць, каго ці што падвяргаць санкцыям.

Таксама Белы дом прапаноўваў замяніць усе фармулёўкі са словам «павінен» на слова «можа», тым самым адмяніўшы абавязковы характар прадугледжаных санкцый.

У асяроддзі Грэма выказалі абурэнне гэтымі просьбамі, заявіўшы, што ліквідацыя абавязковага характару санкцый зробіць законапраект бяззубым. І адзначылі, што Трамп і так мае магчымасць уводзіць санкцыі на сваё меркаванне.

Нагадаем, сенатары Рычард Блументаль (дэмакрат) і Ліндсі Грэм (рэспубліканец) разам з 80 суаўтарамі падалі законапраект, які прадугледжвае дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Расіі за адмову ад перамір'я, у прыватнасці ўвядзенне 500-працэнтнай пошліны на тавары, імпартаваныя з краін, што купляюць расійскую нафту. Падтрымка гэтых санкцый ёсць і ў Палаце прадстаўнікоў.

* * *

Камітэты па замежных справах парламентаў Эстоніі, Латвіі і Літвы выступілі з сумеснай заявай аб поўнай падтрымцы Украіны ў вайне з Расіяй, а таксама яе членства ў Еўрапейскім Саюзе і NATO. Пасяджэнне камітэтаў адбылося ў пятніцу, 6 чэрвеня, у горадзе Бірштанас, Літва.

У заяве краінаў пералічаныя пяць ключавых абавязацельстваў:

  • Падтрымліваць Украіну да яе поўнай перамогі — у прыватнасці, вызваленне ўсіх часова акупаваных тэрыторый, пакаранне ваенных злачынцаў і рэалізацыя прынцыпаў міжнароднага правасуддзя.
  • Садзейнічаць уступленню Украіны ў ЕС з мэтай завяршэння перамоў да 2030 года і набыцця паўнапраўнага членства.
  • Падтрымліваць еўраатлантычны курс Украіны, з улікам рашэнняў самітаў NATO ў Бухарэсце (2008), Вільні (2023) і Вашынгтоне (2024), а таксама заклікаць да прыняцця канкрэтных рашэнняў на саміце NATO 2025 года ў Гаазе.
  • Развіваць абароннае супрацоўніцтва з Украінай, у прыватнасці садзейнічаць яе далучэнню да Аб'яднаных экспедыцыйных сіл (JEF) як кроку да больш глыбокай інтэграцыі ў сферы бяспекі.
  • Узмацніць дыпламатычны ціск на Расію — ізаляцыя ў міжнародных арганізацыях, пашырэнне санкцый і прыцягненне да адказнасці за злачынствы супраць Украіны.