Міністр абароны Украіны: «Цемра адступіць. Світанак блізка»
Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў звярнуўся да ўкраінцаў і распавёў, як украінскае войска дае адпор акупантам ужо 72 гадзіны.
«Тры дні, якія назаўсёды змянілі нашу краіну і свет. Дзе ўсе тыя, хто абяцаў за 2 гадзіны захапіць Кіеў? Дзе яны? Я іх не бачу. Я толькі чую, як яны апраўдваюцца. Чаму?
Затое я бачу гераічнае войска, пераможную гвардыю, бясстрашных памежнікаў, самаадданых выратавальнікаў, надзейных паліцыянтаў, нястомных анёлаў-медыкаў. Усіх, хто выконвае свой абавязак.
Я бачу тысячы і тысячы грамадзян, якія ўзялі ў рукі зброю, сталі ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны і б'юцца. За будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. За тых, каго кахаюць. За памяць сваіх продкаў. За сваю дзяржаву. Вас бачаць усе, увесь свет! Наперадзе яшчэ шмат выпрабаванняў. Але ў нашу перамогу зараз верым не толькі мы», — заявіў ён.
Міністр адзначыў, што многія ў свеце нарэшце перамаглі свой страх і вырашыліся кінуць выклік Крамлю.
«З кожнай гадзінай усё больш людзей усведамляе, што нідзе ў Еўропе няма такога войска. Нідзе. І што без гэтага войска і нашага народа Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы. Без нас Еўропы проста не будзе. Таму ўжо зараз паступае дапамога, якая яшчэ тры дні таму была немагчымай. Цемра адступіць. Світанак блізка. Трымаем строй. Слава Украіне! Слава Героям Украіны!» — адзначыў міністр.