Найбуйнейшы лізінгадаўца патрабуе з Расіі $3,5 млрд за скрадзеныя самалёты
Найбуйнейшая лізінгавая кампанія ў свеце AerCap падала пазоў у 3,5 млрд долараў супраць Расіі за самалёты, якія РФ пакінула ў сябе пасля ўварвання ва Украіну.

«AerCap, найбуйнейшая ў свеце кампанія лізінгу самалётаў, заявіла, што падала страхавое патрабаванне на суму 3,5 мільярда долараў, каб пакрыць патэнцыйныя страты сваіх самалётаў і рухавікоў, якія застаюцца ў Расіі», — паведамляе УНІАН са спасылкай на Financial Times.
Дублінская кампанія мела найбольшыя рызыкі ў Расіі сярод замежных лізінгадаўцаў, калі заходнія санкцыі былі ўведзеныя пасля ўварвання РФ ва Украіну.
У сераду кампанія заявіла, што пад пагрозай знаходзяцца актывы на 2,5 млрд долараў, і папярэдзіла, што спадзяецца прынамсі часткова вярнуць іх кошт.
Адзначаецца, што кампаніі ўдалося вярнуць 22 са 135 самалётаў і тры з 14 рухавікоў, якія былі ўсталяваныя на расійскіх самалётах да пачатку вайны. Гэта дапамагло паменшыць рызыкі з 3,1 мільярда долараў у канцы снежня да 2,5 млрд долараў.
Раней паведамлялася, што РФ пакінула ў сябе 400 лізінгавых самалётаў на $10 мільярдаў.