Наўседа: Расійская Федэрацыя рыхтуецца да яшчэ больш маштабных баявых дзеянняў, а не да міру
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на сесіі Генасамблеі ААН назваў вайну РФ супраць Украіны праблемай усяго свету, якая ўплывае на глабальную харчовую і ядзерную бяспеку.
Кіраўнік Літвы выказаў занепакоенасць тым, што Расія афіцыйна заявіла аб выхадзе з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, паведамляе LRT.
«Гэта значыць, што РФ рыхтуецца да яшчэ больш маштабных ваенных дзеянняў, а не да міру», — упэўнены Наўседа.
Прэзідэнт Літвы лічыць, што міжнародная супольнасць павінна аказаць больш моцны ціск на Расію, каб яна спыніла наўмысныя напады на мірнае насельніцтва Украіны і грамадзянскую інфраструктуру.
«Беспрэцэдэнтная экалагічная катастрофа, выкліканая разбурэннем Кахоўскай плаціны, не павінна паўтарыцца ў новых, яшчэ больш небяспечных формах», — дадаў прэзідэнт Літвы.
Ён заклікаў да неадкладнага, поўнага і безумоўнага вываду войскаў і тэхнікі з тэрыторыі Украіны ў міжнародна прызнаных межах 1991 года для спынення агрэсіўнай вайны Расіі.
Нагадаем, прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль выступіў у Радзе Бяспекі ААН, дзе звярнуўся да Кітая з заклікам паўплываць на Расію, каб яна спыніла вайну супраць Украіны.
А прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, калі выступаў учора ў Радзе бяспекі ААН у Нью-Ёрку, прапанаваў пазбавіць РФ права вета і пералічыў дзве ўмовы, якія неабходна выканаць для поўнага спынення ваенных дзеянняў ва Украіне.
Зяленскі ў ААН нагадаў прапанаваную летась украінскую «формулу міру» як аснову для справядлівага спынення поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Ён засяродзіўся на пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якое «непарыўна звязана з пытаннем ачышчэння суверэннай тэрыторыі дзяржавы ад акупантаў», і назваў дзве ўмовы канчатковага завяршэння вайны.
Першая ўмова спынення вайны, паводле Зяленскага, — поўны вывад усіх расійскіх сіл і наймітаў з суверэннай тэрыторыі Украіны ў межах 1991 года, у тым ліку Чарнаморскага флоту Расіі ці «тых дзіравых карытаў, якія ад яго застануцца ў выніку вайны».
У другім пункце Зяленскі абазначыў поўнае вяртанне Украіне эфектыўнага кантролю над усёй дзяржаўнай мяжой і выключнай эканамічнай зонай у Чорным і Азоўскім морах і Керчанскім праліве.
Паводле www.eurointegration.com.ua