Нават Сербія імкнецца адцурацца ад РФ

Кіраўнік МЗС Сербіі намякнуў, што Бялград можа змяніць курс у дачыненні да санкцый супраць РФ.

1505858792_0_0_3058_1721_1920x0_80_0_0_5325d24710d13565bba07866e43620de.jpg.webp

Міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч намякнуў, што Бялград, які дагэтуль устрымліваўся ад далучэння да заходніх санкцый супраць Расіі, аднойчы можа змяніць курс, піша «Еўрапейская праўда».

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, як вядома, паслядоўна выступаў супраць далучэння да заходніх санкцый у адносінах да Расіі.

У інтэрв'ю парталу Івіца Дачыч сказаў, што Сербія цяпер вырашае, якая пазіцыя лепш за ўсё будзе служыць яе ўласным інтарэсам.

«Мы асуджаем парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і ў адпаведнасці з гэтым мы галасавалі ў міжнародных арганізацыях. А што тычыцца санкцый супраць Расіі — гэта іншае пытанне», — сказаў ён, але адзначыў, што гаворка ідзе і аб палітычных, і аб эканамічных інтарэсах Сербіі.

Па яго словах, пасля 2014 года Сербія не далучылася да санкцый супраць Расіі, таму што гэта не было «ў інтарэсах Сербіі».

«Калі нешта зменіцца, наша рашэнне будзе скарэктавана адпаведна, таму што мы будзем кожны раз ацэньваць, якое рашэнне з'яўляецца найлепшым для нашай эканомікі, нашага пазіцыянавання ў свеце, для грамадзян Сербіі», —сказаў Івіца Дачыч.

У сербскіх СМІ таксама звяртаюць увагу на каментарый прэм'еркі Аны Брнабіч: яна выкарыстала тэрміналогію «расійская агрэсія супраць Украіны», якой афіцыйны Бялград дагэтуль пазбягаў.


А яшчэ тры месяцы таму, як пісаў НЧ, кіраўнік МУС Сербіі заявіў, што без сяброўства з Расіяй ёсць рызыка знікнення краіны. 

Нагадаем, Сербія не ўвяла санкцыі супраць Расіі нават пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У той самы час Сербія далучылася да шэрагу санкцый супраць Беларусі. 

Сантыменты да РФ тлумачацца падтрымкай Расіяй ідэі прыналежнасці Косава да Сербіі. Да таго ж Сербія атрымлівае з Расіі 100 адсоткаў неабходнага газу.