Нямецкая кампанія прадавала Расіі мікрачыпы, якія ляжаць у аснове расійскай зброі

Пракуратура Германіі ўжо правяла ператрусы і высвятляе абставіны незаконных здзелак.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нямецкая кампанія Smart Impex падазраецца ў пастаўцы мікрачыпаў на расійскі рынак у абыход заходніх санкцый, піша выданне Tagesschau.

Паводле інфармацыі СМІ, пракуратура Кёльна правяла ператрусы ў офісах некалькіх кампаній, якія падазраюцца ў абыходзе санкцый супраць Расіі. Падчас ператрусаў былі канфіскаваныя дакументы і носьбіты інфармацыі, якія могуць праліць святло на заключаныя здзелкі на суму каля 15,5 мільярдаў долараў ЗША, піша УНІАН.

Як высветлілі журналісты, адзін з акцыянераў нямецкай кампаніі Smart Impex адначасова з'яўляецца сузаснавальнікам расійскай кампаніі, якая была канчатковым атрымальнікам здзелкі па пастаўцы мікрачыпаў.

«Незадоўга да пачатку расійскай агрэсіўнай вайны на Украіне прамыя продажу ў Расію былі спыненыя. Але цяпер расследаванне паказвае, што продаж гэтых электронных кампанентаў праз Турцыю, відаць, прадаўжалася падчас вайны», — піша выданне.

Адзначаецца, што гаворка ідзе аб такіх электронных кампанентах, якія адыгрываюць вырашальную ролю ў вайне.

«Яны ляжаць у аснове расійскай зброі», — заявіў Джэймс Бірн з брытанскага аналітычнага цэнтра RUSI, які спецыялізуецца на абароне і бяспецы.

Як Расія абыходзіць заходнія санкцыі

Даследаванні паказваюць, што 82% іранскіх беспілотнікаў, збітых ва Украіне, утрымлівалі кампаненты з ЗША і іншых краін Захаду. Пры гэтым вытворцы адмаўляюць прамы продаж кампанентаў у Расію, Іран ці Беларусь.

Журналісты-расследавальнікі высветлілі, што Нідэрланды пастаўляюць у РФ мільёны мікрачыпаў у абыход санкцый. Схема рэалізуецца праз невялікую групу кітайскіх кампаній, якія закупляюць чыпы ў Нідэрландах, а затым перапрадаюць іх у Расію.

Еўрапейскія танкеры працягваюць вазіць нафту з Расіі ў Еўропу. Прадпрымальнікі знайшлі шчыліну ў заходніх санкцыях.

Нагадаем, днямі НЧ пісаў, што паводле даных аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны, Расія можа выкарыстаць свае эканамічныя сувязі з іншымі краінамі для адмывання кампанентаў дронаў. Так, неэфектыўнасць заходніх санкцый супраць Ірана і РФ спрыяла таму, што Крэмль змог набыць амерыканскія кампаненты для БПЛА «Shahed-131», «Shahed-136» і «Mohajer-6». Паводле звестак брытанскай следчай групы Conflict Armament Research (CAR), 82% іранскіх беспілотнікаў «Shahed-131», Shahed-136» і «Mohajer-6», збітых ва Украіне, мелі мікрасхемы, паўправаднікі і іншыя кампаненты з ЗША. Пры гэтым большасць заходніх кампаній, чые кампаненты знайшлі ў іранскіх дронах, з пачатку вайны адмаўлялі наўпроставы продаж кампанентаў у Расію, Іран або Беларусь.

На думку заходніх экспертаў, Крэмль таксама можа выкарыстоўваць свае значныя эканамічныя сувязі з Таджыкістанам праз АДКБ і ЕАЭС для адмывання кампанентаў дронаў або закупкі вырабленых БПЛА для вайны ва Украіне ў абыход міжнародных санкцый.