Пад Марыупалем выяўлена новая брацкая магіла
Расійскія войскі спрабуюць схаваць сляды злачынстваў, учыненых у горадзе, — асабліва тых, якія маюць усе прыкметы генацыду.
Яшчэ адна брацкая магіла знойдзена пад Марыупалем. У магіле даўжынёй 30 метраў знаходзяцца целы забітых мірных жыхароў, паведамляе «Польскае Радыё».
Мэр горада Вадзім Бойчанка пацвердзіў інфармацыю наконт спробаў расіяне схаваць злачынствы, учыненыя ў Марыупалі, дадаўшы, што па горадзе ездзяць мабільныя крэматорыі:
— Мы маем інфармацыю, што расіяне спрабуюць схаваць сляды злачынстваў, учыненых у горадзе — асабліва тых, якія маюць усе прыкметы генацыду. Яны хаваюць забітых мірных жыхароў у брацкіх магілах. Сёння пад Марыупалем жыхары выявілі трыццаціметровую брацкую магілу. Расіяне вывозяць забітых за горад і хаваюць у такіх магілах. Раней у Марыупаль прывезлі мабільныя крэматорыі.
Вадзім Бойчанка кажа, што расійскія войскі ператварылі Марыупаль у руіны, жыхары галадаюць і губляюць прытомнасць на вуліцах. Пад заваламі разбураных дамоў шмат загінулых, якім не было каму дапамагчы, а цяпер няма каму іх і пахаваць.
Украінскія медыя паведамляюць, што тры эвакуацыйныя аўтобусы, у якіх было каля 80 чалавек, з блакаднага Марыупалю прыбылі ў падкантрольнае ўкраінскім уладам Запарожжа.
Раней мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў, што эвакуацыя, першапачаткова ўзгодненая з расіянамі ў сераду раніцай, праходзіла ў надзвычай складаных умовах і дэ-факта была сарваная расійскім бокам.
Марыупаль, украінскі партовы горад на Азоўскім моры, знаходзіцца ў аблозе з першых дзён сакавіка, пад пастаянным агнём і бамбёжкамі. Жыхары ў горадзе апынуліся ў пастцы, шматлікія спробы эвакуацыі былі няўдалымі. Нягледзячы на тое, што расіяне кантралююць практычна ўвесь горад, украінскія войскі па-ранейшаму ўтрымліваюць апошні пункт абароны на металургічнай камбінаце «Азоўсталь».