Пагадненне аб спыненні агню не дасягнутае, але Пуцін ужо абвінавачвае Украіну ў яго парушэнні

Расійцы здзейснілі другую маштабную дронавую атаку па тэрыторыі Украіны, пры гэтым абвінаваціўшы Украіну ва ўдарах па тэрыторыі Расіі. У той жа час ёсць звесткі аб планаванні РФ новых наступальных аперацый ва Украіне, што азначае — Пуцін не жадае спыняць вайну. Ідуць 1121-я суткі ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі зафіксавана 155 баявых сутыкненняў, паведамляе генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах населеных пунктаў Елізаветаўка, Прамень, Лісоўка, Котліна, Зверава, Удалае, Успенаўка, Андрэеўка і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне 21 раз атакавалі ўкраінскія падраздзяленні каля Крымскага, Тарэцка, Дачнага і Дыліеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 15 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Ямпалаўкі і ў іншых кірунках.

На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 13 атак расіян у раёнах Прывольнага, Разліву, Булацкага і Канстанцінопаля.

У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі ўкраінскія воіны адбілі 22 атакі арміі РФ, таксама расіяне нанеслі 23 авіяцыйныя ўдары па сваёй тэрыторыі.

* * *

Расійскія войскі мелі поспех у аднаго населенага пункта на Харкаўшчыне і двух у Данецкай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState.

Па даных аналітыкаў, расійцы маюць пэўныя поспехі і прасоўванні ля Чырвонага Першага на правым беразе ракі Аскол на Харкаўшчыне і прасоўваюцца каля вёсак Беднае і Навасёлка ў Данецкай вобласці.

* * *

У ноч на 20 сакавіка расійцы атакавалі Украіну 171-м ударным БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляюць паветраныя сілы УСУ. СПА ўдалося збіць 75 дронаў, 63 беспілотнікі былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

Масіраванай атацы падвергнуўся горад Крапіўніцкі Кіраваградскай вобласці. У горадзе было больш за 30 выбухаў, паранена 10 чалавек, сярод якіх 4 дзяцей.

Ратавальнікі адзначылі, што ў выніку атакі была разбураная грамадзянская інфраструктура — пашкоджаныя жылыя дамы ў некалькіх раёнах: выбітыя вокны, разбураныя балконы, атрымалі пашкоджанні канструкцыі.

Раніцай 20 сакавіка расійцы скардзіліся на выбухі ў Саратаўскай вобласці. Па іх словах, невядомыя дроны здзейснілі налёт на НПЗ і на ваенны аэрадром у Энгельсе. Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін заявіў, што ў Энгельсе ў выніку атакі пашкоджаныя вокны мясцовай бальніцы. Пацярпела адна жанчына, якой далі дапамогу. Шэраг мясцовых паблікаў паведамлялі, што жыхароў, якія жывуць каля вайсковага аэрадрома ў Энгельсе, эвакуявалі.

* * *

5395690182319140862.jpg

* * *

Уладзімір Пуцін стварае блытаніну адносна спынення агню, абвінавачваючы Украіну ў парушэннях да афіцыйнага ўвядзення пагаднення, хоць дэталі яшчэ не ўзгодненыя, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«У крамлёўскай справаздачы аб тэлефоннай размове паміж Пуціным і Трампам ад 18 сакавіка паказана, што Пуцін “неадкладна аддаў расійскім вайскоўцам загад”, які “адпавядаў” яго “станоўчаму адказу” на прапанову Трампа аб часовым спыненні агню», — гаворыцца ў справаздачы экспертаў.

Крэмль заявіў, што знішчыў свае беспілотнікі, якія знаходзіліся ў паветры, а Украіна, нібыта ў той жа вечар атакавала з дапамогай БПЛА тэрыторыю РФ.

Аналітыкі ISW пішуць, што заявы Расіі пра тое, што яна прытрымліваецца рэжыму спынення агню, устрымліваючыся ад удараў па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, а Украіна парушыла пагадненне, з'яўляюцца недакладнымі, паколькі абедзве краіны яшчэ афіцыйна не заключылі пагадненне.

Такім чынам Крэмль спрабуе выкарыстаць адсутнасць яснасці адносна дэталяў спынення агню для маніпуляцый, абвінавачваючы Украіну ў парушэннях да таго, як пагадненне ўступіла ў сілу, што сведчыць аб патэнцыйным выкарыстанні падобных тактык у будучыні.

У справаздачы ISW гаворыцца пра тое, што Крэмль адмаўляе заявы Трампа адносна ягонай тэлефоннай размовы з Пуціным 18 сакавіка. У расійскай справаздачы гаворыцца, што Пуцін заклікаў спыніць усю замежную вайсковую дапамогу Украіне, тады як Трамп сцвярджаў, што гэтае пытанне наогул не ўздымалася.

* * *

Расійцы рыхтуюць наступ у Сумскай, Харкаўскай і Запарожскай абласцях, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас Zoom-брыфінгу для журналістаў.

Паводле яго слоў, такія ж наступальныя аперацыі планаваліся ў мінулым годзе, аднак аперацыя УСУ ў Курскай вобласці дазволіла сарваць планы наступу і адтэрмінаваць яго мінімум на 8 месяцаў.

«Увогуле яны хацелі стаяць на ўскраінах Запарожжа, Харкава і Сум, пагражаючы акупацыяй цэнтральных або найбуйнейшых сталічных гарадоў з таго ці іншага рэгіёну... Вось што яны спрабавалі зрабіць і блакаваць гэтыя буйныя гарады, захопліваючы на шляху да гэтых гарадоў меншыя гарады, вёскі», — сказаў Зяленскі.

Ён заявіў аб наяўнасці стоадсоткавай інфармацыі, што Курская аперацыя Украіны сарвала гэтыя планы. Расійцам прыйшлося адцягваць свае сілы з розных напрамкаў менавіта на Курскі, і гэта прывяло да таго, што расійцы пакінулі сабе наступальны кірунак толькі на ўсходзе.

Цяпер, са слоў Зяленскага, план Расіі — «выцесніць нас цалкам з Курскага кірунку, ударыць у кірунку Сум, і затым перамяшчаць войскі на Харкаў, адпаведна і на Запарожжа для таго, каб зрабіць тое ж самае (што планавалася летась — рэд.). Я не магу вам сказаць, што гэта будзе менавіта ў такой чарзе. Мы лічым, што яны да гэтага рыхтуюцца».

* * *

Лідары Еўрасаюза 20 сакавіка збяруцца на саміт, на якім падпішуць абавязацельствы аб узмацненні ваеннай моцы блока. Гэта неабходна з-за амерыканскіх пошлін, а таксама сумненняў адносна будучай падтрымкі Вашынгтона ў сферы абароны, піша Reuters.

Таксама чакаецца, што ўсе лідары, за выключэннем Віктара Орбана з Венгрыі, пацвердзяць фінансавую і ваенную падтрымку Украіне. Адкрые саміт відэазварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Чакаецца, што 26 лідараў ЕС узгодняць тэкст, які абавязваецца бараніць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і заклікае Расію «праявіць рэальную палітычную волю да спынення вайны».

Саміт адбудзецца праз два дні пасля таго, як Пуцін адхіліў прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб 30-дзённым перамір'і ў вайне супраць Украіны.