Пасля ракетных нападаў Расіі Захаду варта зняць усе абмежаванні на пастаўкі зброі

Пасля сённяшніх масіраваных ракетных удараў Расіі па ўкраінскіх гарадах у МЗС Чэхіі заявілі: было б правільным, каб Захад зняў і тыя абмежаванні на пастаўкі зброі, якія яшчэ засталіся.

photo_2022_10_10_13_58_21.jpg

Пра гэта на сустрэчы з украінскімі журналістамі заявіў намеснік кіраўніка МЗС Чэхіі Яраслаў Курфюрст, паведамляе "Еўрапейская праўда".

"Расія выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады. Павінна быць адмена любых абмежаванняў, якія існуюць на пастаўкі зброі Украіне. Прыйшоў час для яшчэ большай падтрымкі Украіны", — сказаў ён.

Намеснік міністра абароны Чэхіі Тамаш Копечны ў сваю чаргу сказаў, што гэтыя абмежаванні, якія некаторыя краіны самі для сабе ўсталявалі, былі не патрэбнымі з самага пачатку.

Ён заўважыў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання стала штодзённым квэстам знайсці дыпламатычныя спосабы адказу на тэрарыстычныя атакі Расіі.

"Такія тэрарыстычныя атакі не могуць быць пакараныя ў дастатковай ступені, таму што галоўныя злачынцы сядзяць у Крамлі і атрымліваюць асалоду ад жыцця. Таму мы сярод тых, хто прасоўвае ідэю стварэння трыбунала па злачынствах расійскай агрэсіі, каб пакараць тых, хто адказны, а не толькі тых, хто здзяйсняе злачынствы ўласнымі рукамі", — адзначыў Яраслаў Курфюрст.


Нагадаем, кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс заклікаў даць больш узбраення Украіне.

Уладзімір Зяленскі сказаў з нагоды ранішніх ракетных абстрэлаў гарадоў: «Сёння ўвесь свет у чарговы раз убачыў сапраўдны твар дзяржавы-тэрарыста, якая забівае нашых людзей. Не толькі на полі бою, але і ў мірных гарадах. Краіны, якая прыкрывае размовамі аб міры сваю сапраўдную, крывавую і злачынную сутнасць і мэту. А на ўсе прапановы сапраўднага міру адказвае ракетнымі ўдарамі. Гэта ўсё толькі даказвае, што вызваленне ўсёй нашай зямлі — адзіная магчымасць і падмурак міру і бяспекі для ўсіх украінцаў».

А міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба адзначыў, што Украіна не зламаецца ад запалохвання цывільнага насельніцтва, а такія дзеянні Расіі — аргумент для ўсіх, хто яшчэ лічыць магчымым весці мірныя перамовы з Пуціным.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага